Навіны

Арганізацыі грамадзянскай супольнасці Беларусі выступілі ў падтрымку ПЦ "Вясна"

Заява арганізацый грамадзянскай супольнасці Беларусі ў сувязі з пераследам Праваабарончага цэнтра "Вясна" і яго актывістаў

Як нам стала вядома, Галоўным упраўленнем па расследаванні злачынстваў у сферы арганізаванай злачыннасці і карупцыі цэнтральнага апарата Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь расследуецца крымінальная справа, узбуджаная па факце дзейнасці Праваабарончага цэнтра "Вясна".

Дадзеная крымінальная справа ўзбуджаная па арт. 342 КК (Арганізацыя і актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак). На дадзены момант у яго рамках праводзяцца актыўныя следчыя дзеянні: ператрусы ў офісах рэгіянальных аддзяленняў, кватэрах сябраў арганізацыі, выклікі на допыты і іншыя працэсуальныя дзеянні. Сябра Рады ПЦ "Вясна" Зміцер Салаўёў з'яўляецца падазраваным па гэтай справе і знаходзіцца пад падпіскай аб нявыездзе. Відавочна, спіс праваабаронцаў не зачынены.

Як вынікае з афіцыйных каментароў СК, на думку органаў следства, ПЦ "Вясна" нібыта ажыццяўляе фінансаванне і іншае матэрыяльнае забеспячэнне незаконных масавых мерапрыемстваў, якія дамагаюцца мэты здзяйснення іх удзельнікамі групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак.

Мы лічым, што гэта з'яўляецца абсалютна надуманым і галаслоўным абвінавачваннем, а сама атака на Праваабарончы цэнтр "Вясна" - палітычна матываваным пераследам, які маюць на мэце спыніць дзейнасць дадзенай праваабарончай арганізацыі, запалохаць іншыя арганізацыі грамадзянскай супольнасці, працягнуць нагнятанне атмасферы страху ў грамадстве.

Праваабарончы цэнтр "Вясна" з'яўляецца адной з найстарэйшых праваабарончых арганізацый Беларусі, створанай для дапамогі людзям, пацярпелым ад рэпрэсій, якія пачаліся вясной 1996 года і працягваюцца ў той ці іншай форме да гэтага часу. З моманту свайго заснавання "Вясна" дапамагла дзясяткам тысяч беларускіх грамадзян, на працягу ўсёй сваёй гісторыі займалася абаронай і прасоўваннем правоў чалавека, ажыццяўляла бесперапынны маніторынг іх выканання. Дзейнасць ПЦ "Вясна" высока ацэньваецца як унутры краіны, так і на міжнародным узроўні. За час свайго існаваньня "Вясна" і яе сябры былі ўзнагароджаны шматлікімі прэстыжнымі прэміямі ў галіне правоў чалавека.

У сувязі з гэтым "Вясна" і актывісты арганізацыі неаднаразова падвяргаліся рэпрэсіям і пераследу. У 2001 годзе арганізацыя была пазбаўленая дзяржаўнай рэгістрацыі. Дадзенае рашэнне было прызнана Камітэтам па правах чалавека парушэннем права на свабоду асацыяцый. у 2011 годзе кіраўнік арганізацыі Алесь Бяляцкі быў асуджаны на чатыры з паловай гады пазбаўлення волі за атрыманне замежнай дапамогі на праваабарончую дзейнасць арганізацыі.

Мы, праваабарончыя і іншыя арганізацыі грамадзянскай супольнасці Беларусі, выказваем сваю салідарнасць з ПЦ "Вясна" і ягонай дзейнасцю, цалкам падтрымліваем заяву Рады ПЦ "Вясна" і расцэньваем крымінальны пераслед яе сябраў выключна як пераслед за актыўную праваабарончую дзейнасць.

Пераслед ПЦ "Вясна" і яго актывістаў з'яўляецца парушэннем міжнародных абавязацельстваў Рэспублікі Беларусь, у прыватнасці, Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, Дэкларацыі аб праве і абавязках асобных асоб, груп і органаў грамадства заахвочваць і абараняць агульнапрызнаныя правы чалавека і асноўныя свабоды, кіруючых прынцыпаў АБСЕ па абароне праваабаронцаў, кіруючых прынцыпаў па свабодзе аб'яднанняў і іншых.

Мы выказваем рашучы пратэст супраць пераследу нашых калегаў-праваабаронцаў, аказання ціску на беларускую грамадзянскую супольнасць і ў чарговы раз патрабуем ад уладаў Беларусі:

Спынення пераследу, арыштаў і іншага ціску на праваабаронцаў і актывістаў грамадзянскай супольнасці ў сувязі з іх законнай дзейнасцю, у тым ліку па аказанні прававой, дабрачыннай і іншай дапамогі ахвярам парушэнняў правоў чалавека.

Неадкладнага спынення крымінальнага пераследу ПЦ "Вясна" і яго сябраў.

Неадкладнага вызвалення з-пад варты праваабаронцаў і валанцёраў ПЦ "Вясна" Марфы Рабковай, Андрэя Чапюка, Леаніда Судаленкі і Таццяны Ласіцы, праваабаронцаў Офіса па правах людзей з інваліднасцю Сяргея Драздоўскага і Алега Граблеўскага, а таксама сотняў іншых палітычных зняволеных.

Забеспячэння гарантый неўмяшання ў законную праваабарончую дзейнасць, спынення кампаніі дыскрэдытацыі праваабаронцаў і актывістаў грамадзянскай супольнасці.

Мы заклікаем міжнародныя арганізацыі і інстытуцыі публічна выказаць сваю ацэнку з нагоды пераследу беларускіх праваабаронцаў, у прыватнасці ПЦ "Вясна", а таксама выкарыстоўваць разнастайныя спосабы для аказання ўплыву на змяненне склаўшайся сітуацыі.

Мы таксама заклікаем міжнародныя праваабарончыя арганізацыі да салідарных дзеянняў па адносінах да пераследуемых беларускіх калег.

Цэнтр прававой трансфармацыі (Lawtrend)

РПГА "Беларускі Хельсінкскі Камітэт”

ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў”

Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацый

РГА "Прававая ініцыятыва”

Простае таварыства "Ініцыятыва FORB"

Кансультацыйны цэнтр па актуальных міжнародных практыках і іх імплементацыі ў праве "Хьюман канстанта"

 

http://spring96.org/be/news/102284

Архіў

Красавік 2021
1234
567891011
12131415161718
19202122232425
2627282930

Відэа

праваабарончыя сайты