Навіны
Крымінальная справа 5 гарадзенцаў: Аляксандр Якубоўскі ў суд не з'явіўся (дапоўнена)
25 студзеня ў судзе Ленінскага раёну Гародні павінен быў адбыцца працяг крымінальнага працэсу ў дачыненні да пяці гарадзенцаў. Аднак адзін з падсудных - Аляксандр Якубоўскі ў суд не з'явіўся. Прычыны яго нез'яўлення пакуль невядомыя.
Суддзя Ганна Лявусік прыпыніла працэс, пайшла ў дарадчы пакой, а вярнуўшыся, пастанавіла перанесці разгляд крымінальнай справы, Якубоўскага ж даставіць у суд прымусова на 15-ю гадзіну. А 15-й гадзіне высветлілася, што Якубоўскі не з'явіцца ў судзе. Жонка Якубоўскага паведаміла сакратару суда, што не ведае, дзе ён знаходзіцца. У суд паступіў рапарт участковага, што даставіць Якубоўскага ў суд не прадстаўляецца магчымым. Пракурор прапанавала абвесціць яго ў вышук. На гэта адвакаты заявілі, што абвяшчаць у вышук Якубоўскага яшчэ недастаткова падставаў. Суддзя Лявусік пастанавіла ўрэшце абвесціць Аляксандра Якубоўскага ў вышук, працэс пакуль прыпыніць.
Такім чынам працягу апытання сведак 25 студзеня не адбылося. Далейшы разгляд справы перанесены на 5 лютага на 10.30.
Напомнім, што абвінавачанымі па справе праходзяць Уладзімір і Юрый Седзянеўскія, сёстры Надзея Сцепанцова і Жанна Захаркевіч, а таксама Аляксандр Якубоўскі. Усіх пяцёх вінавацяць за падзеі ў Гародні 6 верасня 2020 года. Усіх іх вінавацяць паводле артыкулаў 342, частка 1 і 364 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь. У справе фігуруюць ажно 11 пацярпелых супрацоўнікаў МУС.
Працэс вядзе суддзя Ганна Лявусік. Дзяржаўным абвінаваўцам выступае старшы памочнік пракурора Аліна Чужаземец.
фота праваабаронца Рамана Юргеля