Навіны

Першы суд за інцыдэнт на пікеце 29 траўня ў Гродне: Абвінавачаныя не прызнаюць сваёй віны

У Гродне 18 студзеня пачаўся першы суд за інцыдэнт на выбарчым пікеце 29 траўня па так званай "справе Ціханоўскага". На лаве падсудных знаходзяцца трое з дзесяці фігурантаў крымінальных справаў за 29 траўня: Дзмітрый Фурманаў, Яўген Разнічэнка і Уладзімір Кніга. Іх усіх абвінавачваюць у актыўным удзеле ў дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак 29 траўня ў Гродне (ч.1 арт. 342 КК). Акрамя гэтага, Разнічэнку і Кнігу абвінавачваюць у гвалтоўных дзеяннях у дачыненні да міліцыянтаў (арт. 364 КК). Пацярпелымі па справе прызнаныя чатыры супрацоўнікі міліцыі. "Вясна" назірае за судовым пасяджэннем і вядзе анлайн з залі суда.

Уладзімір Кніга, Яўген Разнічэнка, Дзмітрый Фурманаў. Фота: spring96.org
Уладзімір Кніга, Яўген Разнічэнка, Дзмітрый Фурманаў. Фота: spring96.org

 

Каго судзяць і за што? 

На лаве падсудных знаходзяцца тры чалавекі:

  • 36-гадовы палітвязень і вязень сумлення Дзмітрый Фурманаў — ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса.

Дзмітрый Фурманаў адміністраваў тэлеграм-канал "Гродно для жизни", быў каардынатарам ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай па Гродне.

Увечары 29 траўня Дзмітрый сядзеў за столікам на Савецкай плошчы і збіраў подпісы. Ён знаходзіўся ўдалечыні ад інцыдэнту, аднак сілавікі ў цывільным затрымалі актывіста разам з крэслам і змясцілі ў аўтамабіль. Сваякі Дзмітрыя паведамляюць, што пры затрыманні ён быў збіты да страты прытомнасці, спатрэбілася зашываць вуха. Некаторы час яго бацькі і дзяўчына трымалі галадоўку за вызваленне Дзмітрыя пад сценамі "Валадаркі", дзе знаходзіўся іх блізкі. У адказ на галадоўку ўлады перавялі Дзмітрыя ў жодзінскі ізалятар і прыгразілі затрымаць дзяўчыну Дзмітрыя Вольгу Каракіну, якая працягвала галадоўку, і неабыякавых людзей як удзельнікаў несанкцыянаванага масавага мерапрыемства.

  • 35-гадовы Яўген Разнічэнка — артыкулы 342 і 364 (гвалтоўныя дзеянні ў дачыненні да міліцыянтаў 29 траўня) Крымінальнага кодэкса.

Яўген быў падпісчыкам "Страна для жизни". На відэа інцыдэнту з падзеннем міліцыянта 29 траўня ў Гродне трапіў мужчына ў скураной куртцы — гэта і быў Яўген.

Да затрымання ён паспеў растлумачыць, што проста паклаў міліцыянта на зямлю ва ўзніклай патасоўцы: "Ён проста на мяне ўпаў, а я яго ўжо падхапіў адпаведна, каб не даць чалавеку стукнуцца пра нешта", — казаў Яўген. Акрамя таго, ён запэўніў, што "ніякай бойкі там на самай справе не было".

  • 39-гадовы Уладзімір Кніга — артыкулы 342 і 364 (гвалтоўныя дзеянні ў дачыненні да міліцыянтаў 29 траўня) Крымінальнага кодэкса.

Уладзімір быў валанцёрам, які збіраў подпісы за Святлану Ціханоўскую. Уладзімір — адстаўны прапаршчык АМАПу, які служыў амаль 10 гадоў. У 2012 годзе яго асудзілі за перавышэнне службовых паўнамоцтваў (ч. 2 арт. 426 КК) на 3,5 года.

Што адбываецца на судзе?

sud_900982.jpg
Пракурор па справе Маслец. Фота: spring96.org

 

Судовы працэс пачаўся са спазненнем, бо не ўсе жадаючыя змаглі патрапіць на судовы працэс. Адразу ў судовую залю патрапілі каля дзясятка студэнтаў-практыкантаў. Па словах студэнтаў БІП, яны не ведалі, што іх накіравалі менавіта на гэты працэс. Такая практыка "запаўнення залі", каб не ўсе жадаючыя змаглі патрапіць на "палітычны" суд, час ад часу выкарыстоўваецца ўладамі (напрыклад, на судзе брэсцкага блогера Сяргея Пятрухіна ўсю залю запоўнілі супрацоўнікі міліцыі). Адвакатка Разнічэнкі заявіла хадайніцтва аб змене гэтай залы на большую, але суддзя сказала, што ўжо не будзе прыпыняць судовы працэс, магчыма, хадайніцтва будзе разгледжана пазней. У залю не патрапіла некалькі дзясяткаў людзей, сярод якіх — сваякі абвінавачаных, блогеры.

Справу разглядае суддзя Кастрычніцкага раёна Гродна Вольга Бекушава. Дзяржаўнае абвінавачванне падтрымлівае Маслец. Па справе прызнаныя чатыры пацярпелыя міліцыянты. На суд з'явіліся толькі два пацярпелыя ад дзеянняў Разнічэнкі і Кнігі супрацоўнікі міліцыі — Уладзімір Казлоўскі і Александр Хваленя. Пацярпелыя супрацоўнікі АМАПу — Рахунок і Буднік — на суд не змаглі з'явіцца па прычыне хваробы і сесіі. Участковы Казлоўскі адразу заявіў пазоў да Разнічэнкі аб кампенсацыі маральнай шкоды на суму 8 000 рублёў.

У судзе адразу будзе дапытаны абвінавачаны палітвязень Дзмітрый Фурманаў. Пасля гэтага будуць дапытаныя пацярпелыя і сведкі па справе. Пасля допытаў і вывучэння ўсіх матэрыялаў справы свае паказаннні дадуць Яўген Разнічэнка і Уладзімір Кніга.

Яўген Разнічэнка заявіў, што падчас утрымання пад вартай у яго з'явіліся праблемы са слыхам, таму прасіў пракурора зачытваць абвінавачванні грамчэй.

У чым іх абвінавачваюць па матэрыялах справы?

Пракурор Маслец зачытаў абвінавачванні кожнаму падсуднаму на 20 хвілін. Разнічэнку, Фурманава і Кнігу абвінавачваюць у арганізацыі "незаконнага масавага мерапрыемства 29 траўня пад выглядам пікетавання па збору подпісаў за вылучэнне ў кандыдата ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай" без падачы заявы на дазвол правядзення масавага мерапрыемства. Па матэрыял справы, супрацоўнікі міліцыі і АМАПу прыехалі на Савецкую плошчу 29 траўня "ў сувязі з паступіўшымі заявамі ад грамадзян па нагоды прыставання жанчын да Ціханоўскага". Але, па версіі абвінавачвання, калі міліцыянты прыехалі для выясненя абставінаў, Ціханоўскі не выканаў іх законныя патрабаванні застацца на месцы, каб даць тлумачэнні, і стаў выдаляцца з месца інцындэнту, а Разнічэнка і іншыя асобы пачалі адцягваць увагу ад Ціханоўскага з мэтай выключэння яго затрымання, "падаючы яму магчымасць бесперашкодна пакінуць месца правядзення масавага мерапрыемства", прымянілі гвалт у адносінах да супрацоўнікаў міліцыі. Па версіі абвінавачвання, гэта быў раней распрацаваны план дзеянняў Ціханоўскага, Фурманавага і іншых асобаў, менавіта яны справакавалі сітуацыю.

Па абвінавачванню Дзмітрый Фурманаў па папярэдняй змове і раней распрацаваным плане дзеянняў, распаўсюджаным Статкевічам, Севярынцам і Ціханоўскім, дзейнічаючы з карыслівых меркаванняў за матэрыяльнае ўзнагароджанне ад Ціханоўскага, будучы каардынатарам па зборы подпісаў па Гродне і з'яўляючыся актывістам пратэстнага руху "Страна для жизни", у мэтах выканання сваёй ролі па стварэнні ўмоваў для здзяйснення злачынства, ажыццявіў шуканне іншых асоб: Разніченку, Кнігу і іншых асоб, здзейсніў злачынства, прадугледжанае арт. 342 Крымінальнага кодэкса.

Па абвінавачванні ўдзельнікі масавага мерапрыемству перашкаджалі супрацоўнікам АМАПа Рахунку і Будніку па затрыманні Ціханоўскага і змяшчэнню яго ў мікрааўтобус. Па версіі абвінавачвання, дзеянні падсудных пацягнулі за сабой парушэнне працы транспарту — тралейбуса №3. Але час, на які была прыпынена праца аднаго грамадскага транпарту, не ўдакладняецца. 

Разнічэнку абвінавачваюць па арт. 364 КК у гвалце ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў Уладзіміра Казлоўскага ў мэтах перашкоджання яго законнай дзейнасці з помсты за выкананне службовай дзейнасці. Згодна абвінавачванню, Разнічэнка схапіў Казлоўскага, пасля чаго паваліў яго на плітку, у выніку чаго Казлоўскі атрымаў не менш 2 удараў у галаву і брушную сценку. У выніку дзеянняў Разнічэнкі Казлоўскаму былі нанесеныя фізічныя пашкоджанні і пабоі, а таксама пашкоджанне форменнага абмундзіравання.

Усе абвінавачаныя не прызнаюць сваёй віны па ўсіх эпізодах.

Суд працягваецца. Інфармацыя дапаўняецца.


Характэрна, што ўсіх траіх абвінавачаных ужо судзілі ў межах адміністрацыйнага працэсу за інцыдэнт 29 траўня ў Гродне праз скайп з СІЗА-1 на Валадарскага, дзе іх утрымлівалі больш за сем месяцаў. Так, Уладзіміра Кнігу і Яўгена Разнічэнку гродзенскі суд асудзіў на 7 сутак арышту кожнага па арт. 17.1 КаАП (дробнае хуліганства). Дзмітрыя Фурманава асудзілі ў такім жа парадку на 10 сутак па ч. 1 арт 23.4 КаАП (непадпарадкаванне законным патрабаванням міліцыі). А цяпер іх судзяць яшчэ і па крымінальных артыкулах.

Чакаецца, што неўзабаве пачнуцца суды над астатнімі затрыманымі 29 траўня ў Гродне. Праваабаронцам "Вясны" вядома, што 15 студзеня з СІЗА-1 Мінска ў гродненскае ІЧУ быў этапаваны Аляксандр Арановіч — кіроўцу аўтадома "Страна для жизни". Неўзабаве ў Гродне над ім мусіць пачацца суд. Яго будуць судзіць па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса: арт. 342 (дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак у Гродне) і п. 13 ч. 2 арт. 293 (падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках). Апошняе абвінавачванне яму было выстаўлена ў канцы лістапада.

Што адбылося на пікеце ў Гродне 29 траўня?

Нагадаем, вечарам 29 мая ў Гродне на плошчы Савецкай падчас пікету па зборы подпісаў за вылучэнне ў кандыдаткі ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай быў затрыманы кіраўнік ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай яе муж Сяргей і яшчэ дзевяць яго прыхільнікаў. Сярод іх — абвінавачаныя Дзмітрый Фурманаў, Яўген Разнічэнка, Уладзімір Кніга.

Тады ў прамым эфіры «Страна для жизни» да блогера Сяргея Ціханоўскага з дакучлівымі пытаннямі і паводзінамі сталі прыставаць жанчыны. Многія потым заяўлялі, што гэта былі «жанчыны-правакатаркі». Калі Ціханоўскі зразумеў гэта, ён пачаў сыходзіць ад іх, на плошчы пачалася мітусня, гарадзенцы хацелі абараніць блогера ад "жанчын-правакатарак", у выніку чаго малады міліцыянт апынуўся на зямлі. Ён ляжаў, пакуль да яго не падышлі людзі ў цывільным адзенні і не дапамаглі сесці на лаву. Ім аказаўся старшы участковы інспектар грамадскага пункта аховы парадку № 2 (Ленінскі раён Гродна) старэйшы лейтэнант міліцыі Уладзімір Казлоўскі.

 

 

Hrodna.life паведамляў праз некалькі гадзін пасля інцыдэнту, што ў міліцыянта быў удар пярэдняй брушной сценкі, яго не шпіталізавалі. Таксама да ўрачоў звярнуўся другі нібыта пацярпелы міліцыянт, шпіталізацыя яму не патрабавалася.

Аднак ужо назаўтра, 30 траўня, МУС паведаміла, што абодва міліцыянты ляжаць у шпіталі. Як стала вядома Свабодзе, яны ляглі ў бальніцу не адразу пасля інцыдэнту, а праз нейкі час. 

Першапачаткова была ўзбуджаная крымінальная справа аб гвалце ў дачыненні да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў па артыкуле 364 Крымінальнага кодэкса. Аднак па заканчэнні 10-сутак ужо ў мінскім следчым ізалятары №1 семярым удзельнікам мерапрыемства было прад'яўленае абвінавачванне па артыкуле 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак і звязаныя з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады, і ў актыўным удзеле ў такіх дзеяннях). Гэта справа атрымала назву "Справа Ціханоўскага". Характэрна, што па гэтым эпізодзе таксама судзяць блогера «Слуцк для жизни» Уладзіміра Няронскага, хоць ён з 5 траўня і па сённяшні дзень знаходзіўся за кратамі.

 

"Што вы зрабілі, калі я сядзеў у турме, — людзей забілі!" Трэці дзень суда на палітвязнем Няронскім

Суд Лагойскага раёна 14 студзеня працягвае разгляд крымінальнай справы супраць палітзняволенага аўтара ютуб-канала "Слуцк для жизни" Уладзіміра Няронскага па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч. 1 арт. 342 і 369.

 

http://spring96.org/be/news/101375

Відэа

праваабарончыя сайты