Навіны

Што трэба ведаць

За працяглым і жорсткім супрацьстаяннем удзельнікаў акцый мірных пратэстаў з узброенымі да зубоў сілавікамі, на першы погляд здаецца, што праблемы з пандэміяй для жыхароў Беларусі аказаліся не такімі вострымі, як у іншых краінах. Але гэта не так. Беларусы хварэюць як і ўсе астатнія. А вось больш чым іншыя, ці менш, з больш цяжкімі наступствамі, ці з больш лёгкімі, гэта высветліць не ўяўляецца мажлівым. Афіцыйная статыстыка не выклікае аніякага даверу ні ў насельніцтва, ні ў тых, хто яе агучвае. Зрэшты, як і ўся іншая статыстыка, як і ўсе другія лічбы, якія гучаць з вуснаў праўладных асоб. Тут ужо не важна, размова ідзе пра вынікі змагання з пандэміяй, ці пра вынікі падліку галасоў на выбарах. Упэўнены, сапраўдных лічбаў не ведае ніхто. Але ўсе грамадзяне Беларусі ведаюць прыкладную раскладку. А таксама тое, наколькі яна не адпавядае афіцыйнай статыстыцы.

Яшчэ ў нядаўні, адносна мірны час, калі планета апынулася пад першай хваляй пандэміі, а ў Беларусі незадаволенасць народа ўладай яшчэ не вылівалася на вуліцы ў цяперашнім аб’ёме, нават тады больш-менш рэальны малюнак наконт распаўсюджвання хваробы даведацца было немажліва. З вуснаў кіраўніка краіны прагучалі словы “каронапсіхоз”, і паслухмяныя чыноўнікі зрабілі ўсё, каб вочы іх шэфа не знервавалі людзі ў медыцынскіх масках. Правялі парад, пагналі народ на працу, ну і на выбары, вядома ж, пагналі. І вось тут пралічыліся.

Ну а як яны маглі не пралічыцца, калі лічыць развучыліся ўжо даўно. Не патрэбна было ім лічыць, таму і не ўмелі. Усе лічбы, якія яны падавалі, былі не вынікам падліку, а вынікам высмактаным з пальца. Яны прывыклі, што лічбы можна прызначаць, як і іх.

Але народ ужо даўно так не думаў. Беларусы насілі маскі, трымалі дыстанцыю, мылі рукі, скуплялі антысептык, уласнымі намаганнямі праводзілі дэзінфекцыю дзе толькі дабіраліся, а самае галоўнае, дзяліліся між сабой ведамі, рэцэптамі, досведам і ўсім чым маглі. Яны ўжо тады паказалі цуды салідарнасці і персанальнай адказнасці, якой так бракавала прадстаўнікам улады.

Улада пад крыкі пра надуманасць праблемы, тым не менш, сябе любімую ратавала належным чынам. Ужо пры першай хвалі пандэміі на фармаванні выбарчых камісій у памяшканні выканкамаў нельга было зайсці без маскі. Гэта быў іншы свет. Там мералі тэмпературу, карысталіся антысептыкам, выстройвалі дыстанцыю паміж людзьмі… А ў гэты час звычайны выбаршчык душыўся ў перапоўненых аўтобусах, стараючыся не спазніцца на працу, бо аніякія спасылкі на пандэмію не маглі пазбавіць яго ад пакарання хоць за адну хвіліну такога спазнення.

Здавалася б, ну навошта ўладзе ілгаць пра пандэмію? Ну не яна ж яе прыдумала. Ніхто яе не вінаваціў бы ў гэтым. А адказ тут просты і адзіны. Яны не могуць не ілгаць. Ні там, дзе ім гэта шкодна, ні там дзе ім гэта карысна. Гэта падмурак іх трываласці. Аснова, на якой трымаецца ўсё. Стыль жыцця. Формула мышлення. Сістэма паводзін. Шкала адбору.    

Вось і зараз, пандэмію ўлада выкарыстоўвае ў сваіх інтарэсах, як і ўсё, што можа. Там дзе трэба, пад выглядам санітарнай неабходнасці, забараняе. А там дзе трэба адваротнае,

па-ранейшаму нібыта нічога не здарылася. Абсалютна здаровага апазіцыянера, які прыехаў з-за мяжы, пасадзілі на каранцін, і калі той пайшоў у аптэку, аштрафавалі яго, бо нібыта ён меў права ісці ў бліжэйшую аптэку, а не да якой прывык. У гэты час кожны можа гуляць па супермаркеце без маскі колькі яму заўгодна, і ніхто яму слова не скажа, не гледзячы на абвешчаны маскавы рэжым.

А зараз, на заканчэнне, невялічкая гісторыя з звычайнага беларускага жыцця апошняга часу. У Гародні АМАП хапаў людзей і запіхаў іх у аўтазакі. Пад хапун патрапілі і дзве мае знаёмыя жанчыны, якія стаялі даволі далёка ад эпіцэнтру падзей. Яны, апрануўшы на твар медыцынскія маскі, назіралі за тым, што адбываецца. Таму вельмі здзівіліся, што іх схапілі. Але хутка ім усё стала зразумела, калі пачулі загад да сваіх падначаленых аднаго з камандзіраў сілавікоў. Той гучным голасам загадваў, каб працягвалі арыштоўваць у першую чаргу тых грамадзян, якія былі ў медыцынскіх масках.

Думаю, што гэта ўсё, што трэба ведаць, пра змаганне з пандэміяй у сённяшняй Беларусі.

Віктар Сазонаў

Архіў

Сакавік 2021
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031

Відэа

праваабарончыя сайты