Навіны

Беларусь – без палітычных зняволеных! Абвешчана пра стварэнне ініцыятывы “Вызваленне-2020”

У Мінску адбылася сустрэча родных зняволеных па палітычна матываваных крымінальных справах. Падчас сустрэчы было абвешчана пра стварэнне грамадзянскай ініцыятывы па вызваленні ўсіх беларускіх палітвязняў “Вызваленне-2020”.

Мэта такой ініцыятывы – данесці голас родных палітычных зняволеных да беларускага і міжнароднага грамадства, арганізаваць супольныя дзеянні па падтрымцы адзін аднаго, умацаваць салідарнасць усяго грамадства. Колькасць палітвязняў у Беларусі з пачатку сёлетняй прэзідэнцкай кампаніі беспрэцэдэнтная – праваабаронцамі прызнаныя ўжо 100 чалавек (на 26.10.2020).

Па інфармацыі Генпракуратуры на дадзены момант заведзена звыш 400 крымінальных спраў супраць удзельнікаў паслявыбарчых мірных акцый пратэсту. На самой справе колькасць падазраваных і абвінавачаных па палітычных матывах дасягнула каля 500 чалавек.

Пад час сустрэчы было прапанавана наладзіць камунікацыю паміж сваякамі, па магчымасці,  усіх абвінавачаных па палітычна матываваных крымінальных справах, даведацца патрэбы і праблемы кожнага  зняволенага, іхніх сем’яў, аказаць маральную падтрымку. Родныя палітычных зняволеных перакананыя, што супольныя намаганні больш эфектыўныя і выніковыя ў справе вызвалення палітычных вязняў.

Ініцыятары кампаніі звяртаюцца да ўсіх родзічаў палітычных зняволеных далучацца як мага хутчэй!   

“Наш голас, – перакананыя яны, – павінен быць пачуты”.

Кантакты ініцыятывы “Вызваленне-2020”:

viazni2020@gmail.com - электронная пошта ініцыятывы

@viazni2020_bot - зваротная сувязь у Telegram

 

http://spring96.org/be/news/100141

Відэа

праваабарончыя сайты