Навіны

Валянцін Дубатоўка: Пайшло адраджэнне ўсяго беларускага

Беларуская мова, культура, сімвалы, песні – гэта асноўная зброя ў змаганні з рэжымам унутранай акупацыі ў Беларусі. Гэта разумеюць усе людзі добрай волі, якія з мужнасцю ўдзельнічаюць у мірных акцыях супраць узурпатара і ягоных памагатых, якіх рэжым праплочвае вялізнымі бюджэтнымі сродкамі, адзначае „Госць Рацыі” Валянцін Дубатоўка.

Старшыня абласной арганізацыі Саюза беларускіх пісьменнікаў Валянцін Дубатоўка:

РР: Што можа прапанаваць ваша пісьменніцкая арганізацыя для сваіх прыхільнікаў?

– Па-першае, калі вы кажаце, што зараз у трэндзе беларуская мова. Гэта не толькі беларуская мова, а ўсё беларускае. Сцяг беларускі, аўтэнтычнасць наша беларуская, адзенне, усё што адносіцца да жыцця. Гэта вельмі слушна і гаворыць толькі пра адно, што за гэтым будучыня. Будучыня за тым, што падтрымліваюць людзі, гэта звычайная рэч. Уявіце сабе, колькі нам не навязвалі гэта ўсё чужое, што ні людзі, ні напэўна самі кіраўнікі не разумеюць, што гэта было, таму людзі гэтага не ўспрымаюць. Усе павінна быць рэальна, яно значыць жыццяздольнае, яно на перспектыву. Гэта вельмі ўсё проста і слушна. Што адносіцца да мовы, то гэта вельмі файна. Сёння мы перажываем такі росквіт нашай беларускай мовы, беларускай літаратуры. Людзі вельмі цікавяцца не толькі з’яўленнем сцяга, што зараз зноў жа запатрабавана, а і літаратура, што новае пішацца. Такое адраджэнне пайшло. Адраджэнне ўсяго беларускага. Гэта вельмі файна, дзякуй Богу.

РР: Улада стварае трэшчыны ў беларускай супольнасці. Што з гэтым рабіць?

– Усё гэта, што зараз робіцца негатыўнага, адносна да нашага сцяга, да герба, я маю на ўвазе „Пагоню” і бел-чырвона-белы сцяг. Гэта ўсё штучнае, яно не жыццядзейнае, яно не будзе існаваць. Справа ў тым, што калі зараз гавораць вельмі многа лухты пра бел-чырвона-белы сцяг, што быццам ён быў пры паліцаях, пры карніках. Гэта было выкарыстанне нашай сімволікі, тое самае, што зараз савецкую выкарыстоўвае наша чынавенства. Калі хтосьці выкарыстоўваў бел-чырвона-белы сцяг, то ён належыць фашызму? Усе ведаюць сімволіку фашызму, усе ведаюць сімволіку камунізму. Ніхто не кажа, што выкарыстоўвалі не толькі беларускую сімволіку. Расейскі трыкалор выкарыстоўвалі ўсе арганізацыі, якія падтрымлівалі фашыстаў, а іх было 800 тысяч. Трыкалор выкарыстоўвалі ўсе падраздзяленні расейскай арміі, якая падпарадкоўвалася Германіі. Гэта ўсё штучна, гэта ўсё не нармальна. Трэба пазбавіцца ад гэтага ўсяго, гэта шалупінне такое, якое прыносіць шкоду. Чаму людзі зараз не паддаюцца? Таму што ўжо ўплываць праз банальны не вельмі адукаваны прапагандысцкі стыль беларускага тэлебачання ніхто не хоча. Ёсць інтэрнэт, газеты, цікавыя падручнікі, мы таксама робім не мала. Зараз не задурыць галаву, людзі іншыя нарадзіліся. А тыя, хто гэта робіць, яны жывуць яшчэ ў 19 стагоддзі, нават не 20. Гэта трэба пакінуць, адвязацца ад гэтага ўсяго, ісці з людзьмі ў нагу. Рана ці позна гэта стане на свае рэйкі. Будзе бел-чырвона-белы сцяг, будзе „Пагоня” гербам. Гэта нармальныя не штучныя рэчы. 

Беларускае Радыё Рацыя

Фота Сяргея Апановіча

Чытай больш на: https://www.racyja.com/kultura/valyantsin-dubatouka-pajshlo-adradzhenn/

25.09.2020
Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя

Відэа

праваабарончыя сайты