Навіны

У Гародні працягваецца адміністрацыйны пераслед грамадзян

У Гародні працягваецца адміністрацыйны пераслед грамадзян. 16 верасня ў судзе Ленінскага раёна суддзя Алена Пятрова аштрафавала жыхара горада Аляксея Аляксандрава на 10 базавых велічынь. У гэтым адміністрацыйны працэсе былі задзейнічаны супрацоўнікі ДАІ Андрэй Гой і Андрэй Альховік.

24 жніўня, калі міліцыя палявала ў горадзе на грамадзян з нацыянальнымі бел-чырвона-белымі сцягамі даішнікі на плошчы Тызенгаўза беспадстаўна спынілі машыну Аляксея Аляксандрава. Нібыта для праверкі дакументаў. У машыне былі ў гэты час жонка і дзіця Аляксандрава. Ён паказаў дакументы даішніку Андрэю Гою, якія былі ў парадку. Але даішнік запатрабаваў паказаць яму вогнетушыльнік, аптэчку і аварыйны знак. Аляксандраў стаў пярэчыць, што няма такіх падстаў правяраць наяўнасць гэтых рэчаў. 

Урэшце Аляксей Аляксандраў адкрыў багажнік аўтамабіля і паказаў наяўнасць патрэбных сродкаў, але няўрымслівага даішніка і гэта не задаволіла. Гой стаў патрабаваць на праверку азначаныя рэчы. Аляксандраў адмовіўся гэта рабіць і стаў тэлефанаваць у дзяжурнае аддзяленне ДАІ. Абавязкі кіроўцы ў правілах дарожнага руху вычарпальныя і яны не абавязваюць кіроўцу прадастаўляць даішнікам аптэчку і іншыя рэчы на такі дэталёвы агляд. З'явіцца ў ДАІ для пазнейшага разбіральніцтва ён не адмаўляўся. Урэшце даішнікі адпусцілі кіроўцу, але напісалі на яго рапарт пра адміністрацыйнае правапарушэнне - нібыта непадпарадкаванне законным патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі. Пазней быў складзены пратакол паводле артыкулу 23.4 КаАП.

Пасля разгляду справы суддзя Алена Пятрова прызнала Аляксандрава вінаватым і аштрафавала.

Архіў

Відэа

праваабарончыя сайты