Навіны

У Гародні 10 жніўня зноў адбыліся жорсткія затрыманні (спіс затрыманых абнаўляецца)

10 жніўня ў Гародні назіралася амаль ваеннае становішча. Цэнтральная частка гораду цэлы дзень была ачэплена і фактычна закрытая. Карціна нагадвала захоп гораду акупантамі. Паўсюль было поўна аўтазакаў, браневікоў і рознай іншай тэхнікі.

Першая хваля затрыманняў здарылася ля ізалятара часовага ўтрымання на вуліцы Гая. Калі пачаліся выязныя судзілішчы, частку засуджаных людзей да штрафу пачалі выпускаць з ізалятару. Прысутныя сталі сустракаць іх апладысментамі. У гэты час некім быў аддадзены загад, выехаў аўтазак і людзей сталі брутальна затрымліваць. У ліку затрыманых апынуўся і ведамы гарадзенскі журналіст Ян Роман. Романа моцна збілі, выбілі ажно 4 зубы, пабілі акуляры і пашкодзілі нагу. Да раніцы яго трымалі ў ізалятары пасля чаго прысудзілі 15 базавых штрафу.

Увечары ў розных частках гораду над Нёманам адбываліся стыхійныя акцыі пратэсту. Паколькі цэнтр гораду і Стары мост былі поўнасцю перакрыты, людзі сталі збірацца за Нёмнам каля будынку філармоніі. Не паспела ў 19.50 сабрацца чалавек 40-50, як прыехаў аўтазак і бранявік, наляцелі амапаўцы ў камуфляжы, людзі мусілі ратавацца і ўцякаць. Як стала вядома пазней, яшчэ раней моладзь і выпадковых мінакоў карнікі вельмі жорстка білі і затрымлівалі пад Старым мостам.

Прыблізна праз гадзіну шмат моладзі сабралася ў раёне чыгуначнага вакзалу. Праезныя аўтамабілісты гучна сігналілі. У гэтае месца пачаў сцягвацца АМАП. Яшчэ перад гэтым карнікі ганяліся за людзьмі па парку Жылібера. Потым АМАП наляцеў на групу моладзі, якая стаяла каля ўваходу ў Еўраопт. Людзей сталі біць гумовымі дручкамі і хапаць. Частка людзей паспела схавацца ў будынку супермаркету. Пасля гэтага кіраўніцтву супермаркету Еўраопт загадалі зачыняцца, хоць да канца працы заставалася яшчэ каля двух гадзін. Цэлы час пры гэтым гучна сігналілі аўтамабілісты на вуліцах Будзёнага, Каханоўскага, Ціміразева - іх акцыя салідарнасці ўражвала.

Яшчэ пазней людзі зноў сабраліся каля філармоніі. Там карнікі ўжылі слёзацечны газ і стралялі гумовымі кулямі, наязджалі бронемашынамі. Паводле відавочцаў некалькі чалавек было паранена. Мноства людзей былі жорстка збітыя.

Паводле неафіцыйнай інфармацыі ў гэты дзень сілавікам быў аддадзены загад затрымаць не менш 200 чалавек. Рэальная лічба затрыманых пакуль невядомая. Вось спіс асобаў якіх дакладна затрымалі ў гэты дзень:

Радзім Адосій

Павел Аляшкевіч

Эдуард Аляшкевіч

Вадзім Антонаў

Юрый Аўдзейчык

Ігар Раманавіч Банцар (рок-музыка)

Вадзім Бяляўскі

Максім Гарбуноў

Павел Гаховіч

Дзмітрый Жыгімонт

Аляксандр Казак 

Павел Курыла

Дзмітрый Лешуковіч

Аляксандр Ліцкевіч

Уладзіслаў Маркевіч

Дзмітрый Парай

Уладзімір Паўлоўскі

Андрэй Петрык

Андрэй Пятко (музыка гурта "Дзецюкі"), у шпіталі, моцна збіты, гематомы, сутрасеннне мозгу, зламаная сківіца

Віталь Рамейка

Ян Роман (журналіст, пры затрыманні моцна збіты, на наступны дзень аштрафаваны на 15 базавых велічынь)

Алег Савіцкас, завезены ў Ваўкавыск 

Аляксандр Сакалоў

Ігар Самушчык (Ваўкавыск), да раніцы 12-га месцазнаходжанне затрыманага было невядомае

Яўген Свёкла

Павел Станеўскі (другі, не палітык)

Андрэй Сях

Аляксандр Хацук

Сяргей Чыжык

Яраслаў Чэкмароў

Павел Шамалаў

Цімафей Штароў

Каля 100 чалавек былі затрыманыя 10 жніўня ў Лідзе. Вядомыя некаторыя прозвішчы: Герман Жараў, Алег Пайда, Аляксандр Антропаў (складзены пратакол па артыкуле 23.4, пакуль выпушчаны). Многіх затрыманых у Лідзе завезлі ў Шчучынскі ізалятар.

 

 

 

Відэа

праваабарончыя сайты