Навіны

Гарадзенскіх раварыстаў пачынаюць судзіць

Па-праўдзе кажучы, гэта і чакалася. Улады не асабліва вынаходлівыя і працуюць па старых лякалах. Усім было зразумела, што найбольш актыўных людзей і ўсіх іншых, хто хоць дзе засвяціўся на акцыях улады пастараюцца схаваць за кратамі на дзень выбараў.

Усё ідзе да таго і з гарадзенскімі раварыстамі, якія ладзілі роварны прабег салідарнасці 13-га ліпеня. Тады іх пахапалі каго змаглі, забралі равары і тэлефоны, і адпусцілі. А вось зараз, перад выбарамі, вырашылі судзіць.

Да удзельніка падзей 13-га ліпеня Сяргея Мікуліна 6-га жніўня завітаў з міліцыі Аляксей Вайцешка, каб Мікулін падпісаў пратакол. Пратакол быў складзены 24-га ліпеня, але подпісу на арыгінале пратакола не было. Подпіс быў толькі на копіі, а Сяргею Мікуліну падсоўвалі падпісаць арыгінал. Той звярнуў увагу на адсутнасць подпісу складальніка пратаколу, і Вайцешка з’ездзіў па подпіс.

Але на гэтым сюрпрызы не закончыліся. У дакументах Сяргей убачыў пратакол выняцця, па якім забраныя былі яго ровар і тэлефон, і там было напісана, што Сяргей адмовіўся ад подпісу. Мікулін абурыўся, але Вайцешка сказаў, што складалі той пратакол без раварыста і напісалі што ён адмовіўся ад подпісу бо так ім было зручна.

Неўзабаве Сяргею пазванілі з Ленінскага раённага суда Гародні і паведамілі, што заўтра 7-га жніўня ў яго суд у 09.30. Як стала вядома, у суд выклікаюць і яшчэ аднаго ўдзельніка роварнай эпапеі Яўгена Пякуцьку.

Якім будзе вырак суда прадказаць не асабліва складана.

Відэа

праваабарончыя сайты