Навіны

ПА ШТО ПОЙДЗЕШ, ТОЕ І ЗНОЙДЗЕШ (гісторыя пра афіцыйныя прафсаюзы і выбары)

     Вясной 1993 года я быў звольнены з Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь па скарачэнні штата. 1 верасня таго  ж года пачаў працаваць настаўнікам гісторыі ў школе № 6 горада Слоніма. Атрымаў першы заробак – і ўбачыў, што з мяне вылічваюцца прафсаюзныя складкі. Некалі я быў камсамольцам, камуністам. Спачатку ўступаў у гэтыя арганізацыі, а потым плаціў складкі. А можа памылка, мо за што іншае вылічылі?… . Атрымаў другі заробак. Тое самае. Старшыня прафсаюзнай арганізацыі СШ № 6 растлумачыла, што бухгалтэрыя аддзела адукацыі “аўтаматам” вылічвае прафсаюзныя складкі з усіх настаўнікаў.

     У незалежнай Беларусі, у часы кіравання Шушкевіча, афіцыйныя прафсаюзы, найперш вышэйшае кіраўніцтва, ужо трошкі варушыліся ў плане абароны правоў працоўных, бо КПСС ужо не было, а лукашэнкаўскай  вертыкалі яшчэ не было. Акрамя таго, з’явіліся канкурэнты – незалежныя прафсаюзы. На той час, у 1993 годзе, я ўступіў бы ў настаўніцкі прафсаюз, калі б прапанавалі. Мне было цікава, што яно такое, бо ў войску  няма прафсаюзаў. Але мне не спадабалася, што мяне туды залічылі не пытаючыся. Бухгалтэрыя вярнула мне прафскладкі і болей не вылічвала.

     У 2001 годзе кіраўнік афіцыйных прафсаюзаў Беларусі Уладзімір Ганчарык балатаваўся ў прэзідэнты. У адказ Лукашэнка забараніў сабіраць прафсаюзныя складкі праз бухгалтэрыі прадпрыемстваў і ўстаноў. Людзі перасталі плаціць прафскладкі. Хто ж са сваёй кішэні выме і аддасць грошы на пустую справу? Гэта – сапраўдная, аб’ектыўная ацэнка ролі і месца афіцыйных прафсаюзаў, якія без грошай пачалі развальвацца, як картачны домік. Ганчарык падаў у адстаўку, і тады Лукашэнка дазволіў сабіраць прафскладкі праз бухгалтэрыі ў выпадку, калі работнік сам напіша адпаведную заяву-просьбу.

     Канешне, ніхто не пабег у бухгалтэрыю пісаць заяву. Але! Старшыні прафкамаў прадпрыемстваў і ўстановаў падыходзілі да кожнага работніка і прасілі напісаць такую заяву. І пісалі! Пісалі прыхільнікі Лукашэнкі. Гэта зразумела. Але пісалі і тыя, хто супраць рэжыму. Напрыклад, на Слонімскім хлебазаводзе такую заяву адмовіўся напісаць адзін чалавек – бухгалтар Ірына Варанец. Пасля гэтага кожны штогадовы прафсаюзны сход старшыня прафкама хлебазавода пачынала прыкладна так: “У нас на заводзе працуе 158 чалавек, з іх членаў прафсаюзаў – 157”.

     У Савецкім Саюзе прафсаюзы былі прывадным пасам камуністычнай партыі. Пасля адстаўкі Ганчарыка беларускія афіцыйныя прафсаюзы канчаткова пераўтварыліся ў прывадны пас вертыкалі ўлады, на шпілі якой вось ужо шмат гадоў умудраецца сядзець Аляксандр Лукашэнка. У 2001 годзе работнікі беларускіх прадпрыемстваў і ўстаноў не пакінулі масава афіцыйныя прафсаюзы, а, наадварот, напісалі заявы-просьбы вылічваць грошы з іх заробку на ўмацаванне гэтых прафсаюзаў – фактычна, на ўмацаванне рэжыму Лукашэнкі! 

     Так і з выбарамі ў Беларусі пасля 1996 года. Калі чалавек прыйшоў на выбарчы ўчастак, ён тым самым прынёс старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай заяву-просьбу палічыць яго голас. Якія падставы ў гэтага хадака пасля масавых фальсіфікацый на рэферэндуме 24 лістапада 1996 года спадзявацца на чэсны падлік галасоў? Ды аніякіх! Па гэтай прычыне пасля 1996 года я і мая жонка не ходзім на выбары.

     Спадзяванні, шчырую веру хадака на чэсны падлік галасоў можна патлумачыць толькі ірацыянальнымі матывамі, што добра паказана праз дыялогі маці і сына Бальзамінавых у п’есе рускага драматурга Аляксандра Астроўскага “Па што пойдзеш, тое і знойдзеш” (1861 год. П’еса болей вядомая па савецкаму фільму “Жаніцьба Бальзамінава”):

Бальзамінава. Кажуць: па што пойдзеш, тое і знойдзеш! Відаць, не заўсёды так бывае. Вось Міша ходзіць-ходзіць, а ўсё не знаходзіць нічога. Другі б кінуў даўно, а мой усё не сунімаецца. Але калі праўду сказаць, дык Міша справядліва разважае: "Мне ж, кажа, страты няма, што я хаджу, а прыбытак можа быць вялікі; значыць, я мушу хадзіць. Хадзіць марна, кажуць, нудна, а беднасць жа яшчэ больш маркотная". Што праўда то праўда. І спрачацца з ім няма пра што.

Дыялог сына і маці. Бальзамінаў. Ах, мамачка, не замінайце! Уявіце, мамачка, я, бедны малады чалавек, хаджу сабе па вуліцы, і раптам што ж? І раптам цяпер паеду ў брычцы! І ведаеце, што мне ў галаву прыйшло? Можа быць, Пяжэнавай у пасаг сад аддадуць: тады можна будзе плот разгарадзіць, сады ж у іх побач, і зрабіць адзін сад. Розных альтанак і прысадаў…     

Бальзамінава. Ды ты, няйначай, насамрэч з абедзьвюма ажаніцца хочаш?

Бальзамінаў. Вось вы мяне, мамачка, заўсёды спыняеце! Ніколі не дадзіце памарыць. Што ж такога! Я гэтым нікому шкоды не раблю. Калі нельга ажаніцца з абедзвюма, я, прынамсі, хоць бы памарыў, а вы мне сапсавалі настрой.

Бальзамінава. Ну, летуці, бог з табою!

     Хтось ужо 24 гады марыць пра чэсныя выбары пад кіраўніцтвам Лідзіі Ярмошынай. Хтосьці марыць пра мільённую мірную, без ахвяраў, Плошчу. Можна нават ужыць слова Змены.

     Задамо пытанне. Што памянялася з 2001 года? Так, памянялася! Цяперашні старшыня афіцыйных прафсаюзаў Міхаіл Арда – кіраўнік выбарчага штаба Аляксандра Лукашэнкі. Але, як і дзевятнаццаць год таму, работнікі беларускіх прадпрыемстваў і устаноў не пакідаюць масава афіцыйныя прафсаюзы. Яны баяцца… і мараць… Бог з імі, хай мараць. Людзі ж здаровага сэнсу разлічваюць і спадзяюцца толькі на сябе.

     Спачатку чалавек мусіць пазбавіцца выбарных ілюзій, асмеліцца выйсці з афіцыйнага прафсаюза, асмеліцца не выконваць іншыя патрабаванні рэжыму Лукашэнкі, напрыклад, адмовіцца падпісаць тыпавую дамову на жыллёва-камунальныя паслугі па-руску (не таму, што гэты канкрэтны чалавек супраць рускай ці якойсьці іншай мовы, а таму, што яго, беларуса, пазбавілі магчымасці рэалізаваць сваё прыроднае права карыстацца роднай мовай, таму што яго, грамадзяніна Беларусі, пазбавілі магчымасці рэалізаваць сваё канстытуцыйнае права выбраць мову падпісання тыпавой дамовы) і г.д. і т.п..

   Тады можна спадзявацца, што чалавек асмеліцца не выконваць і выбарчыя загады.

   Толькі пасля гэтага магчымы Змены, і не для таго, каб замяніць першую асобу рэжыму, а каб адхіліць ад улады ўсю світу, усю ягоную хеўру.

   Такія Змены трэба рыхтаваць.

Міхась ВАРАНЕЦ,

маёр у адстаўцы, г. Слонім

Архіў

Жнівень 2020
12
3456789
10111213141516
17181920212223
24252627282930
31

Іншыя навіны

Відэа

праваабарончыя сайты