Навіны

У Смаргоні 5 «штатных» сябраў ТВК

21 траўня для грамадскасці сталі даступнымі вынікі агульнага паседжання Смаргонскага райвыканкама і прэзідыуму Савета дэпутатаў, якое адбылося 20 траўня, на якім сфармавана раённая камісія па выбарах прэзідэнта. Затрымка звязана з тым, што яно прайшло у зачыненым рэжыме, без назіральнікаў, а запіс для прагляду з’явіўся на сайце райвыканкама толькі на наступны дзень.
На паседжанні зацверджаны склад камісіі, у якую ўключана 13 чалавек.
Ужо традыцыйна, пачынаючы з выбараў 2010 года, уключаюцца 5, вобразна кажучы, “штатных” сябраў камісіі. Гэта Раіса Захарыч, якая з’яўляецца дырэктарам сярэдняй школы №5 і звычайна абіраецца старшынёй камісіі, Ядвіга Дзедуль – нязменны прадстаўнік кампартыі, Вольга Кавяка – супрацоўніца райвыканкама (не ўключалася толькі ў 2014 годзе), Галіна Козел – супрацоўніца ўладнай газеты “Светлы шлях” і Наталля Мердава – супрацоўніца дзяржаўнага ліцейна-механічнага завода.
Адметна, што у камісіі адразу два прадстаўнікі раённай бальніцы. Гэта намеснік галоўнага доктара Іван Кардзіс і начальнік аддзела кадраў Лілія Булава. Нібыта ў час эпідэміі ў іх бракуе непасрэдных прафесійных абавязкаў!
Трэба адзначыць, што галасаванне на паседжанні насіла відавочна фармальны характар. Вядучы, старшыня Савета дэпутатаў Сяргей Кудзеньчук у межах 5 секундаў вымаўляў “хто – за?”, “супраць?”, устрымаліся?”, “прынята”, не агалошваючы пры гэтым лічбы падліку.

 

праваабарончыя сайты