Навіны

Лідскае тэлерадыёаб’яднанне – суцэльныя "калинки-малинки"

Ведамы лідскі руплівец Таварыства Беларускай Мовы Лявон Анацка атрымаў адказ на свой зварот у пракуратуру Лідскага раёну. Запыт у пракуратуру Лявона Анацкі датычыў вяшчання Лідскага тэлерадыёаб’яднання, якое ў сваёй дзейнасці ігнаруе беларускую мову. У гэтым СМІ, як сцвярджае Лявон Анацка, немагчыма пачуць нават беларускамоўныя песні. Лявон Анацка кажа, што песенны рэпертуар эфіру спрэс расейскамоўны, нават славутых “Песняроў” нельга пачуць на гэтым мясцовым радыё. На 100 расейскамоўных песень прыпадае ў лепшым разе адна беларуская. Таму кіраўнік Лідскай арганізацыі ТБМ і накіраваў такі зварот.

 

Лявон Анацка

Моўная палітыка тэлерадыёаб’яднання цалком палягае ў рэчышчы татальнай русіфікацыі такога прыхільнага да роднай мовы раёну як Лідскі.

Каб зразумець, што гэта за ўстанова, дастаткова зазірнуць на яе афіцыйны сайт. Там хваляцца і ганарацца, што ў сакавіку бягучага году Лдскае тэлерадыёаб’яднанне наведаў адыёзны спявак Виктор Калина: Лидское телерадиообъединение посетил певец, автор и исполнитель в жанре эстрадного, лирического шансона Виктор Калина. Артист не раз давал на Лидчине концерты, а также участвовал в благотворительных акциях, организованных нашим телерадиообъединением”. Гэты Каліна сумнаведамы сваімі паездкамі ў ДНР і праслаўленнем “русского мира”, любіць фатаграфавацца са зброяй і розымі дэнээраўцамі.

 

У адказе, дасланым Лявону Анацку з КУП “Лідскае тэлерадыёаб’яднанне” ідуць агульныя спасылкі і адсылкі на моўнае заканадаўства і няма канкрэтыкі. Праўда, у канцы ліста ідзе запэўніванне, што “калектывам рэдакцыі прапрацоўваецца магчымасць дадатковага стварэння асобных праграм і рубрык на беларускай мове”. У гэтую абяцанку, аднак, верыцца з цяжкасцю.

А між іншым Ліда ў 2020 годзе абвешчана культурнай сталіцай Беларусі. Дык што, культура Беларусі будзе прадстаўлена на Лідскім тэлерадыёаб’яднанні выключна “калинками-малинками”?!

Лявон Анацка ведамы сваёй прынцыповасцю ў абароне правоў на карыстанне беларускай мовы і будзе працягваць дамагацца выканання моўнага заканадаўства.    

Відэа

праваабарончыя сайты