Навіны

Месяц страчаных магчымасцяў. Далей – катастрофа?

Трошкі больш за месяц таму я - першым з беларускіх медыкаў - публічна звярнуўся да беларускіх уладаў з заклікам да неадкладных і адэкватных дзеянняў супраць распаўсюду каронавіруса. Нагадаю, што на момант напісання звароту ў Беларусі было 69 (!) зарэгістраваных выпадкаў Covid-19. Тады былі  ўсе ўмовы, каб задушыць эпідэмію ў самым пачатку. Не сталася. Што ж мы маем праз месяц фактычнага бяздзеяння ўлады? Амаль 9 тысяч захварэла толькі па афіцыйных дадзеных - а давяраць ім можа толькі вельмі наіўны чалавек. Але нават калі зыходзіць з тых лічбаў - рост больш чым у 120 разоў! Пра колькасць памерлых я ўвогуле не кажу. Няма гэтай статыстыкі. Ёсць выкананне загаду - беларусы не могуць паміраць ад каронавіруса. Так што нават не звяртайце ўвагі на гэтыя мінздраваўскія лічбы "умерших от хронических заболеваний, сопровождавшихся коронавирусной инфекцией". У рэчаіснасці лік памерлых ідзе на сотні, гэта абсалютна зразумела з паведамленняў незалежных СМІ. І цяпер вельмі неабходна як мага хутчэй наладзіць паралельны падлік смяротных выпадкаў. Хаця б прыблізна, па паведамленнях  СМІ і родных. Было б добра, каб гэтым заняўся які-небудзь сайт ці канал, што мае адпаведныя тэхнічныя і людскія рэсурсы. Толькі так можна давесці да людзей маштаб катастрофы, якая адбываецца ў Беларусі. Менавіта катастрофы, гэта цалкам адпаведнае слова. Сітуацыя цалкам выйшла з-пад кантролю, і перамагчы яе можна толькі ўвядзеннем жорсткіх - накшталт еўрапейскіх - захадаў па ізаляцыі заражаных гарадоў і мястэчак і па абмежаванні кантактаў паміж людзьмі. Існуе і іншы варыянт - пакінуць усё, як ёсць. Тысячы будучых ахвяраў у разлік не прымаюцца - "мы за ценой не постоим". Па якім варыянце пойдзе развіццё падзеяў, залежыць ад рэакцыі грамадства. Пакуль яно, грамадства, у асноўным маўчыць ці абмяжоўваецца гняўлівымі каментарамі ў інтэрнэце. Але ж толькі ад каментаў сітуацыя не памяняецца. Ці вы думаеце, што атачэнне Лукашэнкі і ён сам тыя каменты пачытаюць і пачырванеюць ад сораму? Калі і пачырванеюць, то толькі ад злосці на вас - "негодяев и отморозков". Такія гэта людзі з маньяцкай упартасцю працягваюць нялюдскі эксперымент над 9,5 мільёнамі беларусаў, а шасцёркі па-халуйску ківаюць галовамі ў падтрымку. Агідна на ўсё гэта глядзець, таму мазахізмам у выглядзе прагляду БТ ды ОНТ у апошнія дні амаль не займаюсь. Гляджу толькі па неабходнасці, каб ведаць, што там "уцюхваюць" у галовы беларусаў.

Так што не выпускайце сваю пратэстную энергію ў нікчэмны свісток інтэрнэтных каментаў. А вось масава пакінуць дзяцей дома і не ставіць іх перад рызыкай заражэння ў школе - гэта добры шчаўчок па носе самі ведаеце каго. І на суботнік не хадзіць, і грошай не даваць - хай ён сам сваё ленінскае бервяно нясе. Іншыя формы пратэсту таксама магчымыя, але яны павінны быць заўважныя для тых, хто каля ўлады.

У сваім першым звароце да "власть имущих" я карыстаўся вельмі мяккімі і карэктнымі словамі. Месяц я чакаў. Чакаў, што знойдзецца сярод іх хоць хто-небудзь, які паспрабуе пераканаць Лукашэнку ў неабходнасці рашучых супрацьэпідэмічных дзеянняў. Зараз прыйшоў час ужыць словы, якіх яны заслугоўваюць. У беларускай мове нават словы адпаведныя цяжка падабраць. Гэта тыя, хто хавае дадзеныя пра развіццё эпідэміі. Гэта тыя з Мінадукацыі, хто цягне дзяцей ў школу, каб дагадзіць правіцелю. Гэта тыя, для каго парад "не противоречит эпидемиологической обстановке".

Мяркую, бóльшая частка насельніцтва Беларусі Хэмінгуэя не чытала - зараз іншы час, іншыя прыярытэты. Але выраз "по ком звонит колокол" ведае шмат хто. “Смерть каждого Человека умаляет и меня, ибо я един со всем Человечеством, а потому не спрашивай, по ком звонит колокол: он звонит по Тебе”.  Вірус не звяртае ўвагі на пасады,  кабінеты, кар'ерны рост і колькасць зорак на пагонах. І калі сёння звон празвінеў на суседняй вуліцы, то чаму б яму заўтра не празвінець па вас, вашых бацьках ці родных. Мне гэтага вельмі б не хацелася. Мяркую, што вам - тым больш. Выправіць сітуацыю, спыніць развіццё катастрофы можна толькі ўсім разам. А першым крокам павінна быць усведамленне яе рэальнага маштабу. Без гэтага наступныя крокі немагчымыя.

Доктар Аляксандр Лобан.

Архіў

Чэрвень 2020
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930

Відэа

праваабарончыя сайты