Навіны

Пра кітайскую статыстыку і галубіную пошту беларускага Мінздрава (+відэа)

17 красавіка Кітай абвясціў дадатковую колькасць памерлых падчас эпідэміі ва Ўхані. Праз месяц пасля абвяшчэння перамогі над эпідэміяй. І колькасць гэта вымяраецца не адзінкавымі няўлічаннымі выпадкамі, і не дзесяткамі, і нават не сотнямі. 1290 памерлых у дадатак да раней абвешчаных 3342. Такім чынам лічба памерлых вырасла на 38,5% да 4632 (на 17 красавіка). Тлумачэнне гэтаму кітайскія камуністы таксама прыдумалі. Бо камуністы (і посткамуністы) ва ўсіх краінах брахаць майстры, не толькі ў Кітаі. Маўляў, падчас эпідэміі не паспявалі лічыць памерлых, людзі паміралі ў сваіх хатах і заставаліся няўлічанымі, справаздачы несваечасова даходзілі куды належыць ну і гэтак далей. Сумніўнае тлумачэнне для кітайскай жорсткай сістэмы ўладнай “вертыкалі” (ці як яны там гэтую “вертыкаль” называюць). Хацеў бы я паглядзець, дзе б апынуўся кітайскі чыноўнік, які забыўся паведаміць наверх пра пару соцень загінуўшых ад Covid-19. Папросту дадзеныя амерыканскай выведкі пра колькасць урнаў з прахам, што былі выдадзеныя родным памерлых, у разы перавысіла афіцыйныя лічбы, прадстаўленыя Пекінам сусветнай супольнасці. Пад ціскам фактаў кітайскі рэжым мусіў правесці карэкцыю дадзеных. Канешне, разглядаць гэтыя новыя лічбы як 100% сапраўдныя, было б наіўна. Але ўсё ж на крок бліжэй да праўды.

Такім чынам, летальнасць ад Covid-19 у Кітаі склала 5,6% (4.632 смерці : 82.692 зарэгістраваных выпадкаў). Гэты працэнт ужо больш падобны на тое, што падае статыстыка ў шэрагу еўрапейскіх краінаў. Доўгі час уведзеная ў зман сусветная супольнасць арыентавалася на кітайскі ўзровень летальнасці ў 4% ад захварэўшых, што вельмі паўплывала на ацэнку небяспекі віруса.

У Беларусі ж гэтая афіцыйная летальнасць цудоўным чынам трымаецца на ўзроўні каля 1%. І тое трэба сказаць, што ў Беларусі паміраюць не ад каронавіруса, а ад хранічных хвароб, якія суправаджаюцца гэтым вірусам. Ці то медыцына наша ідзе далёка наперадзе ўсіх іншых, ці то вірус Лукашэнкавых словаў напалохаўся - гэта навука пакуль што не высветліла. А яшчэ нейкая колькасць пацыентаў праяўляе свядомасць і памірае проста ад пнеўманіі, каб не псаваць статыстыку ды  імідж перадавой краіны пад назвай Беларусь.

Што ж датычыцца мяне, дык я ўжо пачаў збор дадзеных і гіпотэз для будучага вывучэння беларускага медыцынскага фенамена. А таксама ступені крэатыўнасці мінздраваўскіх чыноўнікаў. Пакуль што іхняя крэатыўнасць расчароўвае. Вось вам прыклад. 17 красавіка на брыфінгу Мінздрава міністр Каранік назваў лічбы хворых на каронавірус у праблемных раёнах Віцебшчыны: 20 у Докшыцах, 7 у Бешанковічах, 8 у Ліёзне. У той жа дзень начальнік Віцебскага аблздраву Вішнявецкі называе зусім іншыя лічбы захварэўшых ў гэтых раёнах - адпаведна 72 - 27 - 22. Вельмі цікава мне было, як жа Мінздраў гэтую неадпаведнасць будзе тлумачыць. Я падыйшоў тут больш творча і ў сваім відэа  на YouTube выказаў думку пра спазненні галубінай пошты, якая з раёнаў даляцела толькі да Віцебску, а вось да Мінску даляцець не паспела. Мінздраў жа не здолеў прыдумаць нічога цікавага. Маўляў, вы - публіка і журналісты - як заўсёды не разумееце, што вам міністр кажа. Ён жа толькі пнеўманіі меў на ўвазе, а не агульную колькасць. Не збрахаў, значыць. Вось вы сядзіце цяпер і асэнсоўвайце, наколькі ваш узровень разумення рачаіснасці ніжэйшы за міністэрскі.

Так што застаецца ісці падцягваць свой узровень, каб у наступны раз не ўзнікалі глупыя пытанні і падазрэнні. А калі сур'ёзна - цікава і смешна было б назіраць за гэтым шоу, каб за ім не стаялі здароўе і жыцці людзей. Здароўе і жыццё кожнага з нас.

Доктар Аляксандар Лобан.

Відэа

праваабарончыя сайты