Навіны

Каронаблог доктара Лобана на 6-га красавіка (+2 відэа)

Сёння 6 красавіка, я пішу гэтыя радкі з раніцы. Свежай інфармацыі ад Мінздрава яшчэ няма (і ці будзе?). Яны ж яе паведамляюць не кожны дзень, як гэта робіцца ў большасьці краін свету, а калі з Адміністрацыі дазволяць. Бо так гэта насамрэч выглядае, і ў мяне няма сумневу ў папярэднім узгадненні лічбаў хворых на самым высокім узроўні. У мяне, як у доктара, гэта выклікае пачуццё глыбокай роспачы. Бо, думаю я, яны ж доктарскія дыпломы маюць, клятву ўрача некалі давалі. Але потым, паразважаўшы, думаю - а што ж ты хацеў? Чысціня і маральнасць лекарскай супольнасці не можа захавацца некранутай, калі дэградуе ўсе грамадства. “Жить в обществе и быть свободным от общества нельзя”, як казаў некалі дзядуля Ленін. Хлусня, халуйства, рабская пакора перад начальствам прасякнулі ўсе слаі беларускага грамадства. Ні ў якім разе не хачу пакрыўдзіць сваіх калег, якія ў шпіталях і паліклініках сумленна выконваюць свой абавязак, часта за капеечныя заробкі. Не пра іх размова. Калі ў здаровым грамадстве кіраўнікамі робяцца самыя разумныя і працавітыя, то ў грамадстве таталітарным наверх лезуць тыя, што асноўным сваім жыццёвым правілам зрабілі “правило курятника - клюй ближнего, сри на нижнего и потихоньку карабкайся вверх”. Пардон за не зусім літаратурныя выразы, але ж з народнага фальклёру, як і з песні, слова не выкінеш. Вось і з тым Мінздравам. Ні адзін (!) чыноўнік не наважыўся выказаць сваю думку насуперак самадурству Лукашэнкі. Усе сядзяць, галовамі ківаюць, як тыя кітайскія балванчыкі. Вось у каго астэахандрозу ў шэйным аддзеле не будзе. Бо ўвесь час шыя ў руху: то ківаюць, а то па баках азіраюцца - ці не збіраецца хто з суседзяў па куратніку клюнуць. Але хопіць пра гэта. Зашмат павагі  будзе доўга тут пра іх разважаць. Дарэчы, на сваім канале на YouTube я праводжу апытанне гледачоў пра давер беларускаму Мінздраву. На ўчорашні дзень рэйтынг недаверу быў 99% - 86% зусім не давяраюць, 13% хутчэй не давяраюць. Ну, заслужылі на тое.

Падзеі з эпідэміяй каронавіруса развіваюцца так імкліва, што даводзіцца ўвесь час карэктаваць планы. Хацеў вось распавесьці пра маю - не па ўласнай волі - тыднёвую ізаляцыю ў інфекцыйны шпіталь пасля публікацыі звароту да ўладаў. Але хіба гэта ўжо не актуальна на фоне імклівага росту колькасьці інфікаваных, хворых і памерлых ў Беларусі. Што тут зараз распавядаць, як па ўказцы эпідеміёлагаў у пагонах шукалі (і знайшлі) падставу выключыць мяне на тыдзень з актыўнага жыцця, як прыходзілі шпіталізаваць з ўчастковым міліцыянтам і відэарэгістратарам. Каму гэта цікава, можаце паглядзець на маім YouTube канале. Гэта яны могуць. Вось прыняць эфектыўныя меры супраць распаўсюду інфекцыі, гэта без санкцыі галоўнага хакеіста-эпідеміёлага ніяк нельга.

Пакуль пісаў гэтыя радкі, прыйшло паведамленне ад Мінздраву пра 700 інфікаваных і 13 памерлых. Нават калі гэтыя лічбы не зменшаны, гэта азначае развіццё сітуацыі па малакантралюемым сцэнары. Усе гэтыя качанаўскія і мінздраваўскія “сітуацыя пад кантролем” - нічога не вартыя словы. А на маю думку, яшчэ і шкодныя, бо прыніжаюць небяспеку эпідэміі, прытупляюць пільнасць людзей у адносінах да яе.

Пару дзён таму з'явіўся прагноз нашага земляка Паўла Скумса, які зараз жыве і працуе у ЗША. Ён на падставе матэматычнай мадэлі прагназуе пік захворванняў на каронавірус у Беларусі на канец красавіка - пачатак траўня. Пры гэтым найбольш верагодная колькасць штодзённых новых выпадкаў захворвання на піку прагназуецца ў межах 1500-2000. Гэта азначае, што агульная колькасць захварэўшых будзе сягаць дзесяткаў тысяч, а памерлых будуць сотні, а можа і тысячы. Жорсткія карантынныя меры маглі б зменшыць гэтыя лічбы, але людзкія жыцці ў нас прынесеныя ў ахвяру эканоміцы. Нечалавечна. Але хто сказаў, што мы жывем у чалавечнай краіне?

Архіў

Чэрвень 2020
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930

Відэа

праваабарончыя сайты