Навіны

Троны і каронавірус

Бяда для планеты Зямля прыйшла адтуль, адкуль не чакалі. Новы каронавірус, ад якога пакуль няма надзейнай абароны, надзвычай хутка пранік на ўсе кантыненты і захапіў у заложнікі мільёны людзей. І вось вам усе сучасныя супертэхналогіі, пакарэнне космасу і найвышэйшыя дасягненні чалавечага розуму! Выяўляецца, што ад нейкага нябачнага мікраскапічнага вірусу нічога з гэтага не ратуе. Нібы вышэйшая сіла паказвае чалавецтву яго дробязнасць і нікчэмнасць у гэтым Сусвеце, папярэджвае і заклікае схамянуцца ўрады і дзяржавы, цэлыя народы і супольнасці.

На момант напісання гэтых радкоў ад заражэння вірусам COVID 19 і яго наступнасцяў у свеце памерла ўжо больш за 6 з паловай тысяч чалавек. Пераважна гэта людзі сталага веку, па якіх вірус б’е асабліва небяспечна, фатальна абвастраючы хранічныя хваробы. Асабліва жудасна сітуацыя выглядае ў Італіі, дзе адзін толькі дзень 15 сакавіка панёс жыцці ажно 368 чалавек. Характэрна, што як толькі эпідэмія пачалася ў Ламбардыі і іншых паўночных правінцыях краіны, сярэдняя і паўднёвая Італія працягвалі гулі, забавы і паўсядзённы рытм жыцця. А зараз і Вечны горад і іншыя населеныя пункты на Апенінах літаральна апусцелі ад людзей, а медыкі пры ўсіх высілках не могуць даць рады гэтай пошасці. Трагічна выглядае сітуацыя і ў некаторых іншых заходнееўрапейскіх дзяржавах – Іспаніі, Францыі, Швайцарыі. Вось чаму іншыя еўрапейскія краіны – Польшча, Чэхія, Літва…, нягледзячы на параўнальна невялікую колькасць інфікаваных грамадзян, неадкладна кінуліся прымаць экстранныя меры: уводзіць каранцін, закрываць межы, спыняць авіязлучэнні, рыхтаваць дадатковыя часовыя шпіталі, мабілізоўваць увесь медычны персанал.

На гэтым пагражальным фоне Беларусь застаецца гэткай выспай спакою. Начальнік дзяржавы нават заявіў, што “мы прайшлі гэты перыяд без панікі”. Але ці насамрэч няма чаго баяцца, ці ўсё папросту пушчана на самацёк? Некаторыя грамадскія і палітычныя лідары заклікаюць дзяржаўныя структуры да тэрміновых захадаў і неадкладных мераў. У сацсетках людзі па-чорнаму жартуюць – для Беларусі каронавірус не так страшны, таму што пасля заражэння паміраюць людзі пераважна сталага веку, а ў нас да 70 гадоў мала хто дажывае. Іншыя сур’ёзна кажуць, што цынічнай дзяржаве выгодна пазбавіцца ад старых, хворых і нямоглых грамадзян – у сітуацыі моцнага гаспадарчага крызісу гэта значна скароціць выдаткі на пенсіі і іншыя сацыяльныя выплаты.

У беларускіх гарадах не назіраецца асаблівага хвалявання, пакуль жыццё ідзе звычайным парадкам. Нават на хакейныя матчы ходзяць тысячы людзей. Не спынены спартовыя спаборніцтвы, не зачынены вышэйшыя навучальныя ўстановы, школы, садкі.  Хоць людзі і закупляюцца прадуктамі значна больш, чым звычайна, але гэта сведчыць хутчэй усяго пра недавер да нацыянальнай валюты, якая зноў пачала дэвальвавацца. Многія прагназуюць, што беларусаў вельмі хутка чакае значнае падвышэнне цэнаў на харчовыя тавары.

Усе суседнія дзяржавы закрылі з Беларуссю мяжу, апошняй пра гэта абвесціла Расея. Праўда, як тэхнічна Масква збіраецца гэта рабіць, пакуль незразумела. Беларусь жа дагэтуль маўчыць. А можа на нашай тэрыторыі і сапраўды ўсё пад татальным кантролем – шматлікія міліцыянты і сілавікі возьмуць і дубінкамі паразганяюць гэты вірус. Ёсць яшчэ версія, што ўлады Беларусі абралі варыянт змагання з пошасцю такі як у Карэі, Сінгапуры, В’етнаме, якія не ўводзілі татальнага каранціну. Але афіцыйна пра гэта не гаворыцца. А тлумачэнне Міністэрства аховы здароўя выглядае хутчэй нейкім літаратурным опусам, чым навукова-практычным тлумачэннем.  

Падаецца, што з часу Другой сусветнай вайны, чалавецтва не мела такога глабальнага выкліку на выжыванне. Цяперашняя пандэмія – гэта жорсткі тэст на здольнасць урадаў і міждзяржаўных структур ратаваць жыццё людзей. Гэта тэст для ўсіх на салідарнасць, на ахвярнасць, на здольнасць выявіць лепшыя якасці чалавецтва. У час гэтага выпрабавання многія троны захістаюцца, упадуць многія кароны, можа абрынуцца так звыклы дабрабыт і асалода ўладкаваным жыццём. Эпоха геданізму і культу матэрыяльнага мінае…

Уладзімір Хільмановіч

 

 

Архіў

Красавік 2020
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
27282930

Відэа

праваабарончыя сайты