Навіны

Мікола Канановіч: Радзіма, каханне, чалавек - галоўныя ў маёй творчасці

13 сакавіка свае 55-ыя ўгодкі сустрэў ведамы слонімскі паэт і журналіст Мікола Канановіч. З гэтай нагоды “Гарадзенская вясна” пагутарыла з літаратарам і публіцыстам.

Для творцы 55 гадоў – гэта такая яскравая прыгожая адзнака, магчыма перыяд літаратурнай сталасці, якое ў цябе адчуванне асабістай рэалізацыі як паэта і празаіка?

- Адчуванне такое, быццам я ўжо напісаў галоўныя ў сваім жыцці кнігі, а выдаць іх у свой час забыўся. Мяркуй сам. Друкавацца ў перыёдыцы я пачаў з 1990 года ў “Чырвонай змене”, дзе Алесь Масарэнка пры рэдакцыі гэтай газеты вёў тады літаратурнае аб’яднанне “Крыніцы”. Потым быў “Першацвет”, “Маладосць”, “Лім” і розныя іншыя часопісы і газеты. А з кніг — толькі “брацкія магілы”, калектыўныя літаратурныя зборнікі і альманахі, пачынаючы ад універсітэцкай “Квадры” і да сённяшняга “Новага замка”. Мой першы зборнік паэзіі “І доўжыцца ноч…” выйшаў у “Беларускім кнігазборы” у 2003 годзе. Адбылося гэта толькі дзякуючы кіраўніку грамадскага аб’яднання “Воля да развіцця” Міхасю Варанцу. Ён у той час удала “ўпісаў” выданне маёй кнігі ў праграму ТАСІС, якая фінанавалася Еўразвязам, разам з двума выданнямі дзіцячага альманаха “Ад я да я” выхаванцаў літаратурнага гуртка, які я вёў пры гэтым слонімскім грамадскім аб’яднанні. У першую кнігу ўвайшлі вершы з 90-х гадоў мінулага і пачатку 21 стагоддзя. Гэта даволі значны адрэзак гістарычнага і часу ў эвалюцыі аўтара. Тады ўжо былі напісаныя мае вялікія апавяданні “Смерць настаўніцы”, “Жахлівыя сны Марціна” і іншыя, якія ў свой час друкаваліся ў перыёдыцы і нават гучалі на дзяржаўным радыё ды маглі б скласці кнігу прозы. Такую кнігу я, урэшце, склаў, але яна не выдадзена і дагэтуль. Няма выдаўца. А самому мне няма калі гэтым займацца дый жадання асаблівага няма. Цяпер я маю сігнальны асобнік маёй другой паэтычнай кнігі “Вяртанне восені” з прадмовай Сяргея Чыгрына, якую ў Менску ўзялася выдаваць мая сястра Святлана. Спадзяюся, наклад гэтай кнігі будзе аддрукаваны сёлета, хаця год выдання ў ёй пазначаны 2019. Фактычна гэта зборнік выбраных твораў за апошнія 30 гадоў маёй паэтычнай творчасці… Так што адчуванні творчай рэалізацыі вельмі супярэчлівыя ў мае 55.         

- Ты вучыўся ў Менску ў БДУ ў надзвычай яркі і цікавы час, калі мянялася цэлая эпоха. Якія падзеі той пары найбольш паўплывалі на твой светагляд?

- Першыя менскія “Дзяды” 30 кастрычніка 1988 года — падзея, якая канчаткова зрабіла мяне беларусам і шмат у чым прадвызначыла далейшае жыццё. Маладыя тады Алесь Бяляцкі, Анатоль Сыс, старэйшы Зянон Пазняк, зусім маладзенькі з доўгімі валасамі мой аднакурснік Дзіма Арлоўскі, якога цягнулі за гэтыя валасы ў міліцэйскі варанок два здаравенных міліцыянеры — малюнкі, якія і зараз, здаецца, стаяць у вачах з таго мітынгу-рэквіем у Менску. Дубінкі, пах “Чаромхі” ў паветры і столькі мянтоў я ўбачыў тады ўпершыню ў сваім жыцці. Зрэшты, як і ўсе іншыя ўдзельнікі мітынгу. А потым у полі паміж горадам і Курапатамі мянты ўзялі нас у сваё кола. Міліцыянеры літаральна трымаліся за рукі, калі мы пайшлі на прарыў. І ў гэты момант мяне схапіла пад руку незнаёмая дзяўчына з аднаго боку, а крыху пазней, каля самага міліцэйскага ачаплення, іншая — з другога. З найвялікшым цяжарам адказнасці за гэтых дзвюх незнаёмак я па-армейску скамандаваў, гледзячы ў вочы маладому сяржанціку: “Прапусціць!”. І мянты расчапілі рукі… Тады нас не затрымалі. І гэта быў такі першы раз у маім жыцці… Шмат усяго пазней давялося пабачыць, паўдзельнічаць у розных мітынгах і пратэстах, але знакавым на ўсё жыццё стаў той дзень 30 кастрычніка 1988 года.     

- А ці былі ў той перыяд асобы, якіх ты можаш назваць сваімі настаўнікамі? Тыя людзі, якія ўразілі і сваім прыкладам заахвоцілі да творчасці?

- Уразілі і заахвоцілі мяне да літаратурнай творчасці па-беларуску два беларускія пісьменнікі значна раней, калі я вучыўся ў 9 класе Міжэвіцкай сярэдняй школы на Слонімшчыне. Тады я адкрыў для сябе вялікую беларускую літаратуру праз творы Уладзіміра Караткевіча і Васіля Быкава. А ў студэнцкія гады падобным адкрыццём для мяне была паэзія Анатоля Сыса. З Сысом, у адрозненне ад Быкава і Караткевіча, я пазнаёміўся хутка пасля тых першых Дзядоў, калі ён зачытваў спіс рэпрасаваных беларускіх пісьменнікаў у 20-ыя – 30-ыя гады. І дасюль я не ведаю нікога з нашых паэтаў, хто лепш, чым Анатоль Сыс, мог бы чытаць свае вершы.

- Напэўна цябе можна назваць беларускім паэтам традыцыяналістам? Як ты сам ацэньваеш кірункі сучаснай айчыннай паэзіі, што і хто табе цікавыя з сённяшняй беларускай літаратуры?

- Кірункі сучаснай айчыннай паэзіі сягаюць ад традыцыялізму, да якога ты справядліва мяне адносіш, да авангардызму і самых розных іншых -ізмаў. Бо паэзія наша найбагацейшая і вельмі развітая і моўна, і вобразна і ў форматворчасці. Хоць ялінкай пісаць, як Людка Сільнова ў маладосці, хоць квартэты па Разанаву, хоць танкі і хойку, як часам любіць Адам Глобус, хоць дэкадансам Юры Гуменюка, ці інтымна-грамадзянскай лірыкай Славаміра Адамовіча… Тут можна ўзгадваць і пералічаць дзясяткі імёнаў. Чытаю я з паэзіі найбольш тое, што друкуюць у нашым “Новым замку”, у “Верасні, у “Дзеяслове” ды яшчэ ў фэйсбуку — Валярыну Куставу, Насту Кудасаву, Анхелу Эспіносу Рус, Алу Петрушкевіч, Сяржука Сыса, Віктара Шніпа, Міхася Скоблу, Сяргея Чыгрына і шмат ды шмат каго яшчэ. А вось перачытваю часам таго ж Анатоля Сыса, вершы Караткевіча, Купалу, Коласа, Багдановіча, Андрэя Гуцава, Наталлю Кучмель…

- У тваіх вершах апошніх гадоў моцна гучаць матывы родных мясцін, Вострава, яго наваколляў. Наша пакаленне беларускамоўных літаратараў, журналістаў паходзіць пераважна з вёсак, мястэчак, малых гарадкоў. Сучаснае пакаленне творцаў – спрэс нараджэнцы вялікіх гарадоў. Беларуская вёска канчаткова страціла свой патэнцыял і незваротна вымірае?

- Патэнцыялу беларускай вёскі хопіць, каб натхняць яшчэ не на адно пакаленне беларускіх літаратараў. Проста вёска мяняецца, як і ўсё ў нашым жыцці. Вымірае тая ранейшая наша класічная вёска. І я пра сябе часам кажу, перафразуючы Ясеніна: “я апошні спявак вясковы..”…Але, канечне, не апошні. У сучасных аграгарадках і вялікіх беларускіх вёсках, дзе ў хатах вяскоўцаў ёсць газ, вада і прыбіральня, і цяпер нараджаюцца будучыя хлебаробы, інжынеры, спевакі, мастакі ды паэты. Нішто нікуды канчаткова не падзяецца. Усё застаецца на нашай зямлі. Толькі ўжо іншае і без нас цяперашніх.

 

Мікола Канановіч на абласным свяце беларускай паэзіі, 2018 год

- Наколькі моцная зараз зваротная сувязь паміж літаратарам і чытачом? Прыкладам, у такім горадзе як Слонім? Ці не бракуе зараз творчых сустрэч?

Сувязь тая выяўляецца на літаратурных імпрэзах, калі не толькі ты чытаеш свае вершы людзям, але і яны чытаюць тое, што ім спадабалася з тваёй паэзіі. Летась улетку слонімскія і востраўскія культработнікі зладзілі маю творчую сустрэчу з землякамі і аматарамі маёй паэзіі ў маім родным Востраве. У клубе гучалі вершы, песні і нават пародыі. Было душэўна, бо была тая самая зваротная сувязь. Сёлета да Дня роднай мовы ў Востраўскай бібліятэцы ладзілася імпрэза, куды запрасілі мяне. І зноў адчувалася тая самая сувязь з чытачамі-землякамі, бо яны найперш прышлі ў бібліятэку “на мяне”. І зноў не толькі я, але і вясковыя жанчыны чыталі мае вершы, і нават на памяць… Некалькі гадзін прамінулі незаўважна. Што да творчых сустрэч у Слоніме, то калі вы да нас, напрыклад, з Віктарам Сазонавым, ці Валянцінам Дубатоўкам прыедзеце з Гародні — от ужо і будзе душэўная творчая сустрэча. А такія сустрэчы ладзяць і бібліятэкі, і нават наша новая кнігарня, якую падгадалі адкрыць да Дня беларускага пісьменства летась.   

- Ёсць такі панятак як “вечныя тэмы”. Якія тры тэмы ты лічыш галоўнымі ў сваёй творчасці?

- Радзіма, каханне і чалавек — галоўныя тэмы ўсёй маёй творчасці.

- Што для цябе ёсць крыніцамі натхнення?

Зноў тое ж — Радзіма, каханне і чалавек.

- А якую творчую ідэю ці задуму не ўдалося рэалізаваць дагэтуль?

Гадоў з 10 таму не дапісаў і згубіў недзе ў рэдакцыйным кампутары аповесць пра каханне. Шкадую, бо ўжо не аднаўлю напісанае і не завершу гэтую рэч. Таксама ніяк не магу пачаць пісаць раман “Скотнік” пра наш навейшы час і нас у ім. Але зараз важней, відаць, рабіць малымі сіламі “Газету Слонімскую”, якую, дзякуй Богу, яшчэ выпісвае і чытае мая мама, мае землякі і мае сябры.

Гутарыў Уладзімір Хільмановіч

Фота з архіва Мікола Канановіча і “Гарадзенскай вясны”

 

 

Архіў

Красавік 2020
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
27282930

Відэа

праваабарончыя сайты