Навіны

130 гадоў з дня нараджэння Аляксандра Савіча

Беларускі і расейскі гісторык, мала ведамы шырокаму колу, Аляксандр Савіч нарадзіўся 13 сакавіка 1890 году ў вёсцы Лапеніца Ваўкавыскага павету (сёння Малая Лапеніца Ваўкавыскага раёну). Праўда, некаторыя расейскія крыніцы ўказваюць месцам яго нараджэння нейкую мясцовасць Перавалока Гарадзенскай губерні. Паводле трэцяй версіі Аляксандр Савіч нарадзіўся ў Ваўкавыскім павеце, але на тэрыторыі сучаснага Падляскага ваяводства.

Будучы навуковец у 1914-ым годзе скончыў Пецярбургскую праваслаўную акадэмію, а ў 1917-ым – гісторыка-філалагічны факультэт Маскоўскага ўніверсітэту. У 1917-20 гадах працаваў у Саратаўскім ўніверсітэце, дзе пад кіраўніцтвам ведамых вучоных Мацвея Любаўскага і Васіля Вераценнікава рабіў свае першыя сур’ёзныя даследзіны, напісаў магістарскую дысертацыю “Заходнерускія школы ў 16-18 стагоддзях”.

Наступныя тры гады Аляксандр Савіч працаваў ужо на радзіме ў Менску, быў дацэнтам кафедры рускай гісторыі Беларускага ўніверсітэту. Быў сябрам Архіўнай камісіі пры Наркамасвеце БССР.

У чэрвені 1922-га Аляксандр Савіч разам з патрыятычна настроенымі праваслаўнымі святарамі і прадстаўнікамі беларускай інтэлігенцыі падпісаў адозву да праваслаўных беларусаў БССР з заклікам стварэння аўтакефальнай праваслаўнай царквы Беларусі. У 1923-ім Савіч быў звінавачаны ў антысавецкай дзейнасці. Арыштаваны і высланы ў Перм. Закінуты туды ў 1924-ым годзе, стаў дацэнтам, а праз два гады атрымаў пасаду прафесара. Чытаў лекцыйныя курсы па гісторыі Расіі, першы распрацаваў самастойны курс па гісторыі Уралу. Больш таго, ён фактычна стварыў навуковую школу пермскіх гісторыкаў-уралазнаўцаў, пачаў даследаванне гісторыі каланізацыі Пермскага краю, народных рухаў на яго тэрыторыі і гаспадарчага асваення Прыкам’я. Праца Аляксандра Савіча “Мінулае Уралу”, якая была надрукавана ў 1925-ым – стала першым гістарычным даследаваннем, якое абагуліла вялізны перыяд часу ад засялення Уралу чалавекам да канца 19 стагоддзя. Савіч таксама аналізаваў падзеі пугачоўскага паўстання на Урале і Прыкам’і, вывучаў гісторыю манастырскай каланізацыі і манастырскай гаспадаркі на Урале і іншае. У Пярмі быў звольнены за “немарксісцкія” пазіцыі, пераведзены на працу ў Яраслаўль.

Важкі ўнёсак зрабіў Савіч і ў беларускую гістарыяграфію. Пры напісанні доктарскай дысертацыі “Дачыненні Масковіі з Рэччу Паспалітай у час Смуты 1600-1619 гг” выявіў у Петраградскай дзяржаўнай бібліятэцы перапіску Жыгімонта ІІІ Вазы з канцлерам ВКЛ Львом Сапегам, матэрыялы, якія датычаць перамоваў Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай наконт прыналежнасці Смаленску. Асэнсоўваючы гісторыю Беларусі, Савіч спакваля адыходзіў ад ранейшых пазіцый заходнерусізму, схіляўся да нацыянальнай канцэпцыі бачання гістарычнага працэсу.

У 1944-ым Савіч вярнуўся ў Менск. Да 1947-га выкладаў у БДУ. Апошняе месца яго працы – Маскоўскі дзяржаўны педагагічны інстытут. Памёр Аляксандр Савіч 21 кастрычніка 1957 году.    

 

13.03.2020 Тэгі: каляндар

Архіў

Красавік 2020
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
27282930

Відэа

праваабарончыя сайты