Навіны

40 гадоў з дня смерці Браніслава Ржэўскага

Беларускі літаратуразнавец, педагог, дысідэнт, палітычны вязень Браніслаў Ржэўскі нарадзіўся 25 сакавіка 1905 года ў вёсцы Добрыцкае (Барысаўскі раён).

У 1927 годзе скончыў педагагічны тэхнікум у Барысаве і да 1930 года працаваў настаўнікам у сёлах Гомельшчыны. У перыяд з 1930-га па 1940-ы год скончыў Магілёўскі педінстытут, працаваў у адукацыйных установах Магілёва. З сакавіка 1940 да чэрвеня 1941 года працаваў у Баранавічах дырэктарам польскай сярэдняй школы імя Міцкевіча.

У другую сусветную вайну браў актыўны ўдзел у антыгітлераўскім супраціве – на тэрыторыі былой Баранавіцкай вобласці стварыў падпольную дыверсійную групу “Барыса”, якой кіраваў. Група ўвайшла ў кантакт і падтрымлівала сувязь з савецкімі партызанамі. Ржэўскі быў прызначаны рэдактарам газеты “Перамога” – органа Навамышскага райкама КП(б)Б. За ўдзел у партызанскім руху быў узнагароджаны.

З кастрычніка 1944 па 1955 год працаваў выкладчыкам і загадваў катадрай мовы і літаратуры ў Баранавіцкім настаўніцкім інстытуце. Там стварыў гурток па зборы і вывучэнні вуснай народнай творчасці, ваеннага фальклору. Уваходзіў у склад Камісіі па зборы матэрыялаў аб злачынствах фашыстаў на тэрыторыі Баранавіцкай вобласці. У 1952 годзе абараніў дысертацыю пра творчасць беларускага паэта Максіма Танка, Стаў кандыдатам філалагічных навук. У 1955 г. пераехаў у Гародню і да 1957 года выкладаў беларускую літаратуру ў Гарадзенскім педагагічным інстытуце.  

Узмацняўся прэсінг на беларускае нацыянальнае жыццё, паступова ліквідавалася беларуская школа. Актыўна праводзілася палітыка русіфікацыі, якая трохі пазней, у 1959 годзе, была абвешчаная Мікітам Хрушчовым у час яго візіту ў Менск праграмнай лініяй. У сярэдзіне 50-ых гадоў Ржэўскі пачаў уласную кампанію публічных зваротаў да ўладаў, пісаў лісты ў цэнтральныя беларускія газеты і ўстановы, звяртаўся да вядомых дзеячаў БССР. У зваротах у рэзкай форме пісаў пра палітыку, якая праводзілася ў Беларусі, пра адміністрацыйныя абмежаванні беларускай мовы ў сферы адукацыі, культуры і публічнага жыцця. Арганізаваў напісанне студэнтамі інстытуту, сярод якіх быў вельмі папулярны, заяваў пра становішча нацыянальнай мовы.

16.02.1957 арыштаваны проста на лекцыі ў інстытуце, у яго доме быў праведзены ператрус. 21.02.1957 праведзены паўторны ператрус, у выніку якога з асабістай бібліятэкі былі канфіскаваныя кнігі, пераважна выдадзеныя ў міжваенны прыяд у Заходняй Беларусі, кнігі беларускіх антыкамуністычных аўтараў (Францішка Аляхновіча, ксяндза Адама Станкевіча і інш.). Канфіскаваныя баявыя ўзнагароды, а таксама рукапісы вершаў, у якіх Сталін называўся забойцам, Няронам і Чынгізханам, а беларусы заклікаліся да вызвалення.

У абарону Ржэўскага была праведзеная грамадская кампанія. Сяляне в. Скарчэва, дзе ў пачатку вайны ён жыў, сабралі 35 подпісаў у яго абарону. Асобна склала хадайніцтва група мясцовых дэпутатаў. 25.03.1957 засуджаны Гарадзенскім абласным судом паводле артыкулу 72 Крымінальнага кодэксу БССР на 7 год пазбаўлення волі. Трапіў у лягеры ГУЛАГу, калі тысячы людзей выходзілі з іх.

У зняволенні працягваў кампанію петыцыяў. Прыкладам накіраваў сябру Прэзідыуму ЦК КПСС Фурцавай ліст пра становішча беларускай мовы ў БССР. Тэрмін адбываў у Дуброўлагу (Мардовія). У 1961 годзе Пленум Вярхоўнага суда БССР перагледзеў справу і датэрмінова яго вызваліў.

Пасля вяртання ў Гародню апынуўся ў атмасферы ізаляцыі: пісаў літаратуразнаўчыя артыкулы і рэцэнзіі, але публікаваць іх было забаронена; шлях у вышэйшую школу быў закрыты. Працаваў настаўнікам беларускай мовы і літаратуры ў сярэдняй школе. За домам быў арганізаваны нагляд КГБ. 29-га сакавіка 1990 года пасмяротна рэабілітаваны. З тых твораў, якія ня былі забраныя КДБ у час ператрусаў, з літаратурнай спадчыны засталася нязначная частка.

Памёр Браніслаў Ржэўскі 10 лютага 1980 года ў Гародні. Пахаваны ў Гародні на могілках па праспекце Касманаўтаў. У 1989 годзе беларускі часопіс “Крыніца” упершыню апублікаваў фрагмент успамінаў пра Ржэўскага. Доўгі час грамадскасць не ведала нават месца яго пахавання. Апошнія 10 гадоў грамадскія актывісты прыходзяць на магілу дысідэнта, каб запаліць знічкі і ўшанаваць яго памяць.

 

Відэа

праваабарончыя сайты