Навіны

Замкнутае кола ці як дзяржава не дае працаваць

Слонімскі грамадскі актывіст Алесь Масюк працягвае імкнуцца ўладкавацца на працу па спецыяльнасці. Ён мае вышэйшую педагагічную адукацыю і як толькі ў Слонімскім раённым цэнтры занятасці насельніцтва яму прапанавалі вакансію, пайшоў з накіраваннем у адпаведную ўстанову. Аднак, на працоўнае месца, якое было вольнае ў Слонімскім раённым цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі і адпавядала досведу і адукацыі Масюка, яго не ўзялі. Дырэктарам гэтага цэнтру з’яўляецца Святлана Царук, якая раней звальняла Алеся Масюка з месца ранейшай іншай працы ў кастрычніку 2016 года. Яна заявіла, што не возьме Масюка на працу, бо ён нібыта не мае патрэбнай кваліфікацыі. Але Алесь Масюк мае якраз адпаведную кваліфікацыю. Ён амаль 10 гадоў працаваў педагогам дадатковай адукацыі і якраз ведае спецыфіку гэтай працы.

У такой сітуацыі Масюк падаў іск у Слонімскі раённы суд. 26 лістапада 2019 года суддзя раённага суда Вадзім Дуброўскі ў выніку яго разгляду пазоў адхіліў. Пры тым у матывіровачнай частцы з’явіліся тлумачэнні, якія ў судовым працэсе нават не гучалі.

У судзе Святлана Царук не змагла прывесці нейкія довады, што Масюк не адпавядае патрэбнай кваліфікацыі. Яна назвала ўжо зусім іншую прычыну таго, што Масюка не ўзялі на працу.

У сваёй іскавай заяве Масюк указаў, што яму было адмоўлена ў прыёме на працу ў сувязі з неадпаведнасцю кваліфікацыі. А суд вынес рашэнне аб адмове іску на падставе дэкрэта №5 «Аб узмацненні патрабаванняў да кіруючых кадраў і работнікаў арганізацый».

Пасля гэтага Алесь Масюк падаў апеляцыйную скаргу ў абласны суд.

29 студзеня апеляцыйную скаргу Алеся Масюка разглядала калегія Гарадзенскага абласнога суда, у складзе якой былі Зоя Нікольская, Вячаслаў Міхневіч і Юрый Карэцкі. Алесь Масюк даводзіў да суда неправамоцнасць рашэння суду раённай інстанцыі. У тым ліку ён звяртаў увагу на тое, што яго не ўзялі на працу зусім з іншай аргументацыяй і ніякія дэкрэты ў гэтым рашэнні не фігуравалі. Ён аспрэчваў у судовым парадку нібыта неадпаведнасць яго кваліфікацыі і гэта павінен быў разглядаць Слонімскі раённы суд. Аднак судом першай інстанцыі для абгрунтавання адмовы ў іску прыменена норма, якая не падлягае прымяненню.

Прадстаўнікі калегіі задавалі пытанні Алесю Масюку, аднак у выніку не задаволілі яго скаргу.

Алесь Масюк вядомы ў Слоніме і ўвогуле ў Беларусі сваёй актыўнай грамадзянскай пазіцыяй. На думку гарадзенскіх праваабаронцаў, менавіта яго ўдзел у грамадскім жыцці, назіранне на выбарах і выяўленне фальсіфікацый выбарчымі камісіямі і сталіся сапраўднай прычынай таго, што яго не бяруць на працу. У выніку таксама атрымліваецца замкнутае кола – паводле аднаго дэкрэту прэзідэнта чалавек абавязаны працаваць, каб не быць “дармаедам”, паводле іншага – таго ж грамадзяніна не бяруць на працу пры наяўнасці адпаведнай яго адукацыі вакансіі.  

Відэа

праваабарончыя сайты