Навіны

Мікалай Салянік: “Хачу зменаў да лепшага і справядлівасці для свайго народу”

Адзін з самых актыўных прадстаўнікоў грамадскай пратэстнай хвалі на Гарадзеншчыне Мікалай Салянік падзяліўся з “Гарадзенскай вясной” у рубрыцы “Постаці грамадскага  руху Гарадзеншчыны” сваімі развагамі пра досвед пражытага і агучыў свае погляды, якія скіравалі яго да ўдзелу ў апазіцыйных рухах і актыўнай пратэстнай дзейнасці.

Гарадзенская вясна: Мікалай Васілевіч, на пачатку простае пытанне. Што вамі кіруе ў вашай дзейнасці?

Мікалай Салянік: Хачу зменаў да лепшага і справядлівасці для свайго народу. Хачу каб Беларусь была вольнай, незалежнай і сучаснай краінай, дзе паважаюць правы чалавека, дзе працуюць дэмакратычныя інстытуты, дзе шануюць Канстытуцыю, дзе адбываюцца свабодныя і адкрытыя выбары, і як следства гэтага ўсяго, народ жыве заможным, цікавым, насычаным, духоўным і асэнсаваным жыццём.

Мікалай Салянік у абласным судзе 21 студзеня 2020 году

Гарадзенская вясна: Мікалай Васілевіч, нашы чытачы даволі часта бачаць вашае прозвішча ў навінах сайта. Яны ведаюць пра вашу актыўную дзейнасць. Але хацелася б агучыць не толькі прычыны, якія Вас прывялі да яе, але і крыху больш даведацца пра Вас як пра асобу. Некалькі слоў пра сябе, адкуль Вы, з якой сям’і, як апынуліся ў Гародні?

Мікалай Салянік: Я нарадзіўся 22 чэрвеня, у дату пачатку вайны, але пасля яе, у 1955 годзе. Нарадзіўся ў Віцебскай вобласці, Дубровенскім раёне, у вёсцы Вялікая Лыскаўка, якой зараз нават няма на мапе. Бацька камбайнёр, маці палявод. Юркаўская сярэдняя школа, у якую я хадзіў, знаходзілася ўжо ў Магілёўскай вобласці, Горкаўскім раёне. Бо мая вёска была на самым стыку двух вобласцяў і раёнаў. Зараз яе няма. Таму хадзіў дзе бліжэй у школу ў суседнюю вобласць і суседні раён. У гэтую школу ў свой клас я хадзіў адзін з вёскі, таму калі прапусціў якія заняткі, то не было ў каго і спытаць, што задалі. Рос як і іншыя дзеці маёй эпохі.

Скончыў 10 класаў. Піянер, камсамолец, верыў у светлую будучыню. На 9-га траўня кожны год з гонару за нашу перамогу мы, дзеці, збіралі снарады і рабілі салют. Снарадаў там у нас было шмат.

Пасля школы пайшоў вучыцца у г. Ламаносаў у ГПТВ № 20. Закончыў на выдатна ў 1973 годзе па спецыяльнасці электразваршчык. Паколькі быў выдатнік, мог паступаць у вышэйшыя навучальныя ўстановы здаўшы адзін іспыт. Паступіў у Гародні ў сельгасінстытут. Параілі знаёмыя.

А далей праца ў сельскай гаспадарцы. Працаваў адпаведна свайму характару напоўніцу. Аддаваў працы ўсяго сябе і дайшоў па кар’ернай лесвіцы ад галоўнага агранома да першага намесніка старшыні Іўеўскага райвыканкаму.

Гарадзенская вясна: Якія ў Вас былі палітычныя погляды ў той час і да прыхода ў апазіцыйныя колы?

Мікалай Салянік: Верыў у існуючы лад. Але заўсёды быў за справядлівасць і не разумеў праяваў хлусні нашага кіраўніцтва. Бо ўжо тады масава сустракаўся з незразумелымі для мяне праявамі крывадушнасці. Наша начальства заўсёды, калі ўсё было добра, то сцвярджала, што гэта дзякуючы партыі, кіраўніцтву, камсамолу, ураду і гэтак далей. Калі ж кепска, то вінаваты людзі на месцы, а партыя, камсамол і іншыя ўсядно правільна рабілі. Ужо тады стаў сумнявацца ў гэтай уладзе і той сістэме. Выступаў супраць падобных “перакосаў”. Але яшчэ спадзяваўся, што сама сістэма правільная, і гэта толькі перакосы на месцах.

Пасля Жнівеньскага путчу вельмі ўразіла, як начальства, якое вучыла людзей жыць па Леніну, адразу пасля путчу выкідвалі рукамі падначаленых тамы Леніна і іншых класікаў сацыялізму з чацвёртага паверху ў вогнішча, а яны самыя, начальнікі, пад час путчу кінуліся ў адпачынак, бо не ведалі які бок заняць.

Тады зразумеў усю фальшывасць і самой сістэмы.

Таму шлях для мяне быў вызначаны – пошук мажлівасцяў і людзей, якія прапагандавалі за змены.

А тут і выбары 1994 мяне засталі ў такіх развагах і пошуках. Не хапала тады мне досведу і я памыліўся. Паверыў у тое, што Лукашэнка навядзе парадак, бо падчас перыяду да 1994-га году многія кіраўнікі кралі, пілі, гулялі месяцамі і нават на працу не выходзілі. І не было на іх аніякіх рычагоў уздзеяння. Хацелася парадку. Каб працаваць і прыносіць карысць краіне.

У мяне, з таго што я і на працы быў вельмі актыўны, ужо было багата кантактаў з уплывовымі людзьмі. Мяне клікалі да сябе такія людзі як Сініцын, Аляксандар Фядута. Я прыехаў у Дом ураду і яны запрасілі працаваць у іх камандзе. Але хварэў бацька і я паехаў да яго. Так на гэтым этапе абышлося без мяне.

Я яшчэ раз паверыў уладзе, меў аўтарытэт на працы і думаў, што гэта патрэбна для справы. Працаваў у наменклатурных сістэмах дзяржавы. Але веры было ўсё менш і я нарэшце канчаткова зразумеў, што з гэтай уладай мне не па дарозе. Яна вядзе мой народ у бездань, і думае толькі пра сябе.

Прыкладам, як я быў кіраўнікам Лідскай птушкафабрыкі, у мяне над працоўным месцам замест партрэтаў важакоў вісеў плакат “Хабар не бяру і не даю”. Але ў прыватнай размове ад аднаго з пракурорскіх работнікаў пачуў, што такога не можа быць. Бо за такую працу або здымуць або пасадзяць. І насамрэч у год вытрымліваў да сарака праверак.

Тады зразумеў, што гэта сістэма не дае мажлівасці свабодна, чэсна і сумленна працаваць на карысць дзяржавы, і ўсе яе абяцанні і абяцанні яе лідараў гэта толькі піяр-хады таго часу.

Я перагледзеў свае перакананні, узброіўся жыццёвым досведам і фактамі якія ведаў з уласнага жыцця, і скіраваў свае погляды на апазіцыйныя структуры.

Гарадзенская вясна: Якія галоўныя матывы былі такой кардынальнай перамены?

Мікалай Салянік: Матывы і прычыны самыя звычайныя для кожнага чалавека, у якога засталося сумленне. Хацеў зменаў да лепшага, сапраўдных зменаў а не дэкларацый, а таксама справядлівасці для свайго народу і шанцаў для яго выбару, росквіту і здабыцця сапраўднай свабоды. Хацеў каб рэальна працавала Канстытуцыя, а чыноўнікі, сілавікі, суды ды ўлада кіраваліся толькі ёй, а не тэлефонным правам, каб было вяршэнства закона, а не чыноўніцкага загаду, каб паважаліся правы чалавека, каб не было страху страты сваёй незалежнасці.

Мікалай Салянік у судзе Кастрычніцкага раёну Гародні 23 снежня 2019 году

Гарадзенская вясна: І якімі былі першыя крокі ў апазіцыйную дзейнасць?

Мікалай Салянік: У 2001-ым годдзе працаваў у камандзе Уладзіміра Ганчарыка. Быў даверанай асобай. Пасля гэтага некалькі гадоў не бралі на працу. Ужо тады мяне першы раз судзілі за арганізацыю сустрэчы на плошчы Леніна з кандыдатам у прэзідэнты Ганчарыкам.

Балатаваўся ў 2006-м годзе ў кандыдаты. Быў кандыдатам у дэпутаты ў Вярхоўны Савет і прайшоў першы тур. Другога туру тады не адбылося.

З таго часу ўжо не бачыў іншага шляху, як шлях змагання за свае правы і за свой народ.

 

Мікалай Салянік на выбарчым пікеце 22 верасня 2019 году

Гарадзенская вясна: Як бы вы характарызавалі сваю дзейнасць сёння?

Мікалай Салянік: Заўсёды лічыў, што мушу працаваць напоўніцу, і ў палітыцы таксама мушу аддаваць сябе цалкам, раз абраў такі шлях. А палітык – гэта ўзор грамадзяніна. Упэўнены, што ён мусіць быць чэсным і справядлівым.

Бачачы несправядлівасць ва ўладзе, я пачаў шукаць сваё месца ў апазіцыі. Якая там канкрэтна палітычная партыя, у якую ісці і яе назва для мяне было і будзе не важна. Галоўнае – знайсці месца, дзе разам з паплечнікамі магу сябе рэалізаваць найбольш максімальна.

Напачатку я паспрабаваў свае сілы ў Гарадзенскім БХД. Мне падабаўся падыход да праблем, з якім там сутыкнуўся, падабаліся і ідэалогія і людзі. Але адначасна мне падалося, што там замала такой актыўнасці, якая б падыходзіла для майго персанальнага тэмпераменту і характару.

Такую актыўнасць я паспадзяваўся ўбачыць у Гарадзенскай АГП, якая тады бала на слыху. Там вельмі хутка ацанілі маю прагу да дзейнасці і гарадзенскія актывісты і сябры АГП выбралі мяне абласным кіраўніком Аб’яднанай Грамадзянскай Партыі. Гэта быў вялікі гонар для мяне, таму што на выбарчым сходзе я ўсім казаў, што калі мяне выберуць, то я буду патрабаваць актыўнасці ад кожнага. І людзі пайшлі на гэта.

Маю актыўнасць заўважылі не толькі ў гэтай партыі, і сталі прапаноўваць супольную працу з розных месцаў. Я цешыўся з таго, бо лічу, што на дадзеным этапе апазіцыйным палітыкам няма чаго дзяліць і трэба рухацца разам, аб’яднаўшы свае намаганні ў імя свайго народу.

Адной з такіх структур, якая прапанавала мне супольную дзейнасць, быў БНК. Мікалай Статкевіч не настойваў нават, каб я зменшыў сваю працу ў АГП, а больш прысвячаў яе БНК. Проста папрасіў, каб да роўню маёй актыўнасці я дапамог падцягнуць мясцовыя структуры БНК. І я з энтузіязмам узяўся і за гэту працу, спадзеючыся, што яна, супольная праца БНК і АГП прынясе карысць не толькі гэтым структурам, але і ўсёй апазіцыі. Стараўся паказаць узор такой актыўнасці і заўсёды ішоў першы на ўсе вулічныя акцыі і уключаўся у кожную дзейнасць. За што неаднаразова быў затрыманы і асуджаны ўладамі. У адным 2019-м годзе мяне судзілі шэсць раз. Судзілі і раней, я ўжо і палічыць не бяруся колькі.

На жаль, менскае кіраўніцтва АГП не зусім правільна зразумела мае намаганні. Хіба палічылі, што я больш буду працаваць на БНК. І таму настойліва сталі прапаноўваць выбар, або БНК, або АГП. Маўляў, так статут патрабуе, хоць па гэтым пункце статута не было такога адназначнага меркавання ў большасці сяброў гарадзенскага АГП. А хутчэй наадварот. Але ўсе мае аргументы, што зліццё для адзінай мэты апазіцыйных сілаў прыносіць карысць для агульнай справы, не былі ўспрынятыя. І я дазволіў кіраўніцтву АГП зрабіць свой выбар, ці яны прымаюць так як ёсць, ці адмаўляюцца ад маёй дзейнасці.

Такім чынам я застаўся у БНК. Але, як я казаў ужо раней, для мяне важна не шыльда, а справа. І я з задавальненнем працягваю рабіць гэтую справу разам з паплечнікамі, у тым ліку і з гарадзенскімі актывістамі АГП, якія за мяне змагаліся ў партыі, і якія паважаюць мяне за актыўнасць і цяпер. Мы па ранейшаму выходзім з імі і з іншымі апазіцыйнымі дэмакратычнымі структурамі, і з БНФ, і з БХД, і з Грамадой і з усімі іншымі плячо ў плячо на акцыі і аб’ядноўваемся дзеля адзінай мэты. Дзяліць нам няма чаго. У мяне сяброўскія адносіны з усімі дэмакратычнымі актывістамі, я паважаю іх за іх цвёрдасць і адданасць сваёй справе ў імя беларускага народа. Яны за гэтыя ж якасці паважаюць мяне.

Хоць, зразумела, бываюць і спрэчкі. Але гэта звычайная працоўная атмасфера, дзе ў такіх зычлівых і працоўных спрэчках і вымалёўваецца ісціна.

Мікалай Салянік на "40 днях" пасля пахавання Канстытуцыі, 25 красавіка 2019 году 

Гарадзенская вясна: Якія планы на бліжэйшую будучыню?

Мікалай Салянік: Колькі будзе сілаў, буду змагацца за справядлівасць, за перамены да лепшага і будучыню свайго народа, за вяршэнства закона. Дзеля гэтых ідэалаў варта жыць і дзейнічаць, дзеля іх можна і рызыкаваць і цярпець рэпрэсіі. Бо гэта мой выбар як чалавека і грамадзяніна Рэспублікі Беларусь.

А зараз, калі чарговы раз грамадства занепакоенае тым, што пад пагрозай можа апынуцца сама Незалежнасць нашай Радзімы, мы мусім прыкласці ўсе намаганні, каб не толькі такіх пагроз не было, але каб і сумневу не было, што такія пагрозы могуць узнікнуць.

Мае продкі загінулі ў вайну за Незалежнасць. Зусім нядаўна, калі мяне судзілі за акцыю “За Незалежнасць” і прысудзілі да неверагодна вялікіх штрафаў, што мала на якой моцна аплачваемай рабоце можна зэканоміць такія сумы, а пасля на разглядзе маёй скаргі ў Гарадзенскім абласным судзе, я зачытваў дакументы пры гэтым маіх загінуўшых родных. І я задаю адно толькі пытанне – ці маглі яны ўявіць, аддаючы ў баях з акупантамі свае жыцці, што іх нашчадка ў яго роднай краіне будуць судзіць за тое, што я выйшаў на акцыю за Незалежнасць сваёй Радзімы?

Але я не спынюся ні перад якімі карамі. Я не здраджу сваім загінуўшым у вайну родным.

Я веру ў тое, што наш народ варты лепшай долі. Што ён ужо адпакутаваў сваё на гістарычным шляху. Багата выпала на яго долю цяжкасцяў і бедаў. І мы, людзі якія гэта прачулі сэрцам, мусім прыкласці ўсе намаганні, каб заслужаная лепшая будучыня для нашага народа стала штодзённай рэальнасцю.

Мікалай Салянік перад судом Ленінскага раёну Гародні 22 лістапада 2018 году

Ад рэдакцыі:

Мікалай Салянік - аўтар найбольш нашумелых палітычных перформансаў у Гародні. Ён выходзіў на вулічныя акцыі ў робе зняволенага, у ёй жа, з нашыйнікам і ланцугом з калодкамі прыходзіў у суд, выходзіў на вулічныя акцыі апазіцыі і на праўладныя акцыі з эфектнымі плакатамі, выступаў на акцыях і пікетах, хадзіў па кватэрах, збіраў подпісы, агітуе і ўвесь час размаўляе з людзьмі на вуліцах. Мікалай Саланік удзельнічаў і ў выбарчых кампаніях, дзе таксама праводзіў вельмі унікальныя перформансы, з мэтай звярнуць увагу грамадскасці, а таксама і сілавікоў і людзей ва ўладзе да праблем, якія лічыць актуальнымі.

Апошні раз Мікалай Салянік браў удзел у акцыі “За Незалежнасць”, калі гарадзенцы 15-га снежня 2019-га году выйшлі на вулічную акцыю пратэставаць супраць паглыбленай інтэграцыі Беларусі і Расіі. За гэтую акцыю Мікалай Салянік быў чарговы раз асуджаны, і пры разглядзе яго скаргі ў Гарадзенскім абласным судзе правёў яшчэ адзін перформанс у самым будынку суда, за што ізноў быў затрыманы і ізноў асуджаны…

 

 

Архіў

Ліпень 2020
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031

Відэа

праваабарончыя сайты