Навіны

Суд 2020 або “Мы выйдзем шчыльнымі радамі”

Нельга сказаць, што суды пачатку 2020-га году ў Беларусі неяк кардынальна адрозніваліся ад судоў мінулагодніх, ці яшчэ ранейшых. Не. Суды тыя ж самыя, суддзі таксама, ды і ў падсудных тыя ж самыя імёны, прозвішчы і нават абліччы… Я маю на ўвазе суды над грамадскімі актывістамі, вядома ж…

Але адна розніца ўсё ж ёсць. І розніца кардынальная. Даўно не прыходзілася беларускім судам судзіць людзей за тое, што яны выйшлі бараніць Незалежнасць Беларускай Дзяржавы… Той самай дзяржавы, у якой, праўдападобна, толькі і могуць існаваць гэтыя суды, што судзяць актывістаў, і гэтыя міліцыянты, што затрымліваюць тых актывістаў… А персанажы гэтыя, суддзі ды міліцыянты, з большага ўсе з вышэйшай адукацыяй, і многія арыентуюцца ў заканадаўстве. І хоць трактуюць яго па-свойму, але напэўна добра разумеюць, як гэтыя іх дзеянні могуць ацэньвацца, калі сітуацыя хоць крыху павернецца ў другі бок…

Хіба таму на разглядзе скаргаў гарадзенскіх актывістаў у Абласным судзе ўсе дзеючыя асобы, ад актывістаў і ажно да суддзяў, нібыта памяняліся месцамі… І недасвечанаму чалавеку, напэўна, з першага разу было б цяжкавата зарыентавацца, хто каго судзіць! А самае галоўнае – за што?!

Ужо на першым жа разглядзе скаргі Ежы Грыгенчы, на пытанне суддзі, ці давярае Ежы гэтаму складу суда, Грыгенча задае суддзю сустрэчнае пытанне:

– А якой нацыянальнасці суддзя?

У іншы час гэтае пытанне было б успрынятае як абсурднае. Але зараз суддзя сур’ёзна задумаўся. У варунках сённяшняга дня, аказваецца, яно лагічнае, тое пытанне, і мае прамое дачыненне да працэсу. Бо справа ідзе пра Незалежнасць краіны, і вельмі непажадана, каб суддзя належаў хоць па якіх прыкметах да краіны, якая пасягае на гэтую Незалежнасць…

А ужо на другім працэсе Уладзімір Арцыман нагадвае суду пра Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, якая абавязвае грамадзян бараніць Незалежнасць сваёй Дзяржавы…

У гэты ж самы час, паралельна з гарадзенскімі працэсамі і суддзі, і грамадскія актывісты, і іншыя грамадзяне Рэспублікі Беларусь назіраюць парадаксальныя падзеі. Начальнік краіны завярае ўвесь свет, што незалежнасць для яго ёсць святой рэччу і ён яе нізашто не здасць. А па ўсёй краіне працягваюцца карныя судовыя працэсы над актывістамі, што выйшлі на вуліцу сказаць тое самае, толькі крыху раней…

Трэці гарадзенскі працэс вызначыўся тым, што Мікалай Салянік, на разглядзе яго скаргі не стаў чакаць завяршэння адпрацаванага і прадказальнага судовага сцэнару. Ён прыкаваўся ланцугом да стойкі ў залі суда, пакрыў сябе бела-чырвона-белым сцягам і зачытаў дакументы пра гібель сваіх сваякоў у другую сусветную вайну.

– Яны загінулі за Незалежнасць Радзімы, – падсумаваў ён свой выступ. – А іх нашчадка, мяне, цяпер судзяць за тое, што я працягваю іх святую справу і таксама выступаю за Незалежнасць…

Суддзя пераляцеў у другую залю, дзе і завяршыў разгляд скаргі Саляніка без Саляніка. Ну, і вядома ж, супраць Саляніка. Самога ж Саляніка вырвалі з ланцуговых абдымкаў спецыяльнымі прыладамі адпаведныя службы. А пасля яго вывалаклі з будынку суда людзі ў чорным з маскамі на тварах…

– Я бараніў і буду бараніць Незалежнасць Беларусі, – заяўляе на чарговым працэсе Вадзім Саранчукоў. – Дарэчы, Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь патрабуе такіх дзеянняў ад кожнага, – падсумоўвае ён.

А на наступны дзень Сяргей Верамеенка ўжо заяўляе, што гэта не суд, і прапаноўвае суддзю ісці папіць кавы ды зачытаць ужо і так усім вядомае рашэнне. Суддзя так і зрабіў. Але як ён зачытваў гэтае рашэнне, сам Верамеенка, пра сольнай падтрымцы Саляніка, спявалі на ўсю судовую залю гімн “Мы выйдзем шчыльнымі радамі”…

А ў гэты час па ўсёй Беларусі людзі збіралі грошы на штрафы актывістам, якіх асудзілі за акцыі “За Незалежнасць”. Беларусы ахвяруюць свае сродкі. І не таму, што яны лішнія. А таму, што кошт пытання вельмі высокі – Незалежнасць Радзімы.

Вось вам і рэферэндум, і апытанне, і права нацыі на самавызначэнне…

Ну а суды 2020 плаўна пераходзяць у гімн “Мы выйдзем шчыльнымі радамі”…

Віктар Сазонаў


Архіў

Красавік 2020
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
27282930

Відэа

праваабарончыя сайты