Навіны

115 гадоў з дня нараджэння Яна Пятроўскага

Рэлігійны дзеяч, літаратар, выдавец, руплівец беларускай эміграцыі Ян Пятроўскі нарадзіўся 20 студзеня (паводле іншых звестак 25 студзеня) 1905 году ў Слуцку. Паходзіў з беларускай праваслаўнай сям’і Дзям’яна і Юстыны Пятроўскіх. Бацька вельмі рана памёр, у маці на руках засталося ажно восем дзяцей. Ян Пятроўскі навучаўся ў школе праваслаўнага Свята-Траецкага манастыра, пасля ў царкоўнапрыходскай школе. Сям’я пераехала ў Вільню, там Пятроўскі ў 1919-ым годзе скончыў гімназію. Пасля служыў у Войску Польскім, скончыў школу падхарунжых.

У 1920-ыя гады Ян Пятроўскі актыўна ўлучыўся ў беларускі грамадска-культурніцкі рух Заходняй Беларусі. Падтрымліваў кантакты з навучэнцамі Віленскай беларускай гімназіі. Быў прыхільнікам Беларускай сялянска-работніцкай грамады, быў добра знаёмы з многімі тагачаснымі культурнымі дзеячамі Заходняй Беларусі. Пэўны час меў намер выехаць у БССР, але, на яго шчасце, перадумаў.

У канцы 1920-ых трапіў на беларускамоўнае набажэнства метадысцкай царквы, што і прадвызначыла далейшы лёс – Ян Пятроўскі стаў сябрам пратэстанцкага брацтва. Скончыў біблійную школу метадыстаў у Клярысэве пад Варшавай. З 1932-га году жыў і працаваў у мястэчку Дзярэчын (цяпер у Зэльвенскім раёне). З 1935-га быў выдаўцом і галоўным рэдактарам беларускамоўнага пратэстанцкага грамадска-рэлігійнага і літаратурнага часопісу “Сьветач Хрыстусовае навукі”. Напісаў і выдаў брашуру “Нядзельная школа, яе сутнасьць і гісторыя” (1937-ы год).

У час другой сусветнай вайны Ян Пятроўскі кіраваў групай беларускіх перакладнікаў, якая працавала ў Берліне пры выдавецтве Міністэрства прапаганды Трэцяга Райху. З-за гэтага ён больш ніколі ня мог прыехаць на радзіму ў Беларусь. Апрацаваў супольна з Аляксандрам Калошам і Васілём Камароўскім “Нямецка-беларускі слоўнік”, у якім было сабрана 27 тысяч словаў. Праца гэта, аднак, не была выдадзена.

У 1944-ым Пятроўскі выехаў у Аўстрыю, а адтуль у 1953-ім у ЗША, дзе жыў усё астатняе жыццё. У эміграцыі ўзначальваў выданне евангельска-баптысцкага часопісу “Сьветач Хрыстовае навукі”. У 1976-ым годзе разам з жонкай Аліцыяй (з якой меў двух сыноў – Джорджа і Гэры) у горадзе Гейнсвіл (штат Флорыда) заснаваў Беларускі харытатыўна-адукацыйны фонд з мэтай дапамогі беларусазнаўчым даследзінам і публікацыі матэрыялаў на беларускую тэматыку. Пятроўскі стаў адным з пачынальнікаў беларускага евангельска-баптысцкага руху ў ЗША.

Памёр Ян Пятроўскі амаль у дзень нараджэння – 19 студзеня 2001 году ў Гейнсвіле, пражыўшы 96 гадоў. Творчую спадчыну Пятроўскага складаюць 7 выданых тамоў выбраных твораў старажытнагрэцкага філосафа Платона, класічны “Грэцка-беларускі слоўнік”, Ангельска-беларускі слоўнік (частка першая, 1946), беларускія пераклады Марка Аўрэлія, Карла Вільгельма фон Гумбальта. Ён быў таксама першым перакладнікам на беларускую мову “Усеагульнай дэклярацыі правоў чалавека” (1975 год), пакінуў Пятроўскі і мемуары, якія былі выданыя ў трох тамах у Гейнсвіле цягам 1988-97 гадоў. Адно з першых беларускамоўных Евангельляў, якое трапіла да нас у дзевяностых гадах ужо мінулага стагоддзя, было якраз “Эвангеле паводле Сьв. Яна” перакладу менавіта Яна Пятроўскага.

Падрыхтаваў Уладзімір Хільмановіч

20.01.2020 Тэгі: каляндар, Дзярэчын

Архіў

Красавік 2020
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
27282930

Відэа

праваабарончыя сайты