Навіны

У Смаргоні будучы дэпутат мусіў пагадзіцца ініцыяваць змены ў Выбарчы кодэкс

Чарговыя дзве сустрэчы з выбаршчыкамі правёў у Смаргоні праўладны кандыдат у дэпутаты, намеснік старшыні Астравецкага райвыканкама Віктар Свіла.
4 лістапада ён замовіў ў палітэхнічным ліцэі  сустрэчу з  пачаткам а 14-й і заканчэннем а 15-й  гадзіне. Відавочна, зрабіўшы пэўныя высновы з нашай публікацыі аб правядзенні ім сустрэч ва ўрочны час, што забаронена адпаведным рашэннем Смаргонскага райвыканкама, кандыдат мусіў укласціся у першыя 15 хвілін, калі быў перапынак,  бо далей пачынаўся чарговы урок.  За гэты час ён паспеў трошкі расказаць пра сябе і прапанаваў задаваць пытанні.
Відавочна, ўсё ж адміністрацыйны рэсурс для сустрэчы быў выкарыстаны, бо з прыкладна 50 прысутных каля 15 чалавек былі навучэнцамі ліцэя (на здымку).

 

Адна з навучэнак на пытанне прысутнага на сустрэчы праваабаронцы Алеся Дзергачова ці абавязвалі іх прысутнічаць тут, дала станоўчы адказ.

Алесь Дзергачоў прапанаваў будучаму дэпутату прыняць наказ аб ініцыяванні зменаў у Выбарчы кодэкс, каб зрабіць немагчымай фальсіфікацыю вынікаў выбараў. Сваю прапанову абгрунтаваў тым, што на апошніх выбарах прэзідэнта кандыдат Таццяна Караткевіч на 10 выбарчых участках Смаргоні, дзе вялося незалежнае назіранне, паводле афіцыйных выніковых пратаколаў набрала каля 1800 галасоў выбаршчыкаў, а паводле публікацыі вынікаў на  сайце ЦВК па ўсяму  Смаргонскаму раёну за Таццяну Караткевіч аказалася толькі 860 галасоў. Відавочна, каля тысячы галасоў было было аднята ў дадзенага кандыдата  і перададзена вядома каму. А паколькі ў Смаргонскім раёне не 10, а каля 40 выбарчых участкаў, то тэарэтычна ў Таццяны Караткевіч толькі ў Смаргонскім раёне “скрадзена” каля 4000 галасоў. З гэтага вынікае, што народ у нас адлучаны ад кіравання дзяржавай, а ўлада сама сябе абірае і прызначае. І дадаў пры тым, што калі Віктар Свіла не хоча, каб народ ўзбунтаваўся з прычыны фальсіфікацый, то мусіць на пасадзе дэпутата прыняць захады па забеспячэнні празрыстага падліку галасоў.
Віктар Свіла гэту інфармацыю пакінуў без каментароў і толькі перапытаў:
- Гэта наказ?
Пачуўшы “так!” у адказ, ён аднак не паведаміў, ці прымае яго да выканання.
Каб усё ж высветліць адносіны гэтага кандыдата да наказу, на наступны дзень Алесь Дзергачоў наведаў ягоную сустрэчу ў школе №5 Смаргоні і спытаў, ці прымае ён да выканання ўчорашні наказ аб зменах у Выбарчы кодэкс, якія выключаць магчымасць фальсіфікацыі вынікаў выбараў. І каб паспеў гэта зрабіць да прэзідэнцкіх выбараў.
Кандыдат упэўнена вымавіў “так!” і абгрунваў гэта тэарэтычнымі развагамі пра тое, што заканадаўства мусіць  паспяваць за патрэбамі часу.
Відавочна, на гэту сустрэчу, якая праходзіла падчас школьных вакацый, мабілізоўваць кіраўніцтву школы асабліва не было каго, таму прысутнічала толькі 23 чалавекі. Пры гэтым, відавочна, не ва ўсіх была цікавасць да кандыдата.

Архіў

Відэа

праваабарончыя сайты