Навіны

Дзяды – дарога жыцця

30 кастрычніка на прасторах былой савецкай імперыі адзначаецца Дзень памяці усіх ахвяраў рэпрэсій. Пакуль беларусы ішлі ў Курапаты на жалобны мітынг-рэквіем і да прыступкаў будынкаў КГБ, каб у “ноч расстраляных паэтаў” ушанаваць забітых расейскімі энкавэдэшнікамі літаратараў і іншых прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі, начальнік дзяржавы РБ хваліўся тым, што ў Беларусі засталіся помнікі Леніну і яму падобным. Што ж, у кожнага свая памяць. На жаль, бальшавізм-камунізм не быў асуджаны ў дваццатым стагоддзі міжнародным трыбуналам гэтак як фашызм. Думаецца, што гэты працэс яшчэ наперадзе.

У 1988 годзе ў газэце “Літаратура і мастацтва” быў надрукаваны артыкул Зянона Пазьняка і Яўгена Шмыгалёва “Курапаты – дарога смерці”, які літаральна скалануў нацыю. Пасля гэтага у Менску былі ўтвораныя рэспубліканскае грамадскае гісторыка-асветнае таварыства памяці ахвяр сталінізму “Мартыралёг Беларусі” і аргкамітэт Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”. Неўзабаве прайшоў мітынг-рэквіем “Дзяды”, які быў гвалтоўна разагнаны сілавымі структурамі. Менавіта тады вырас сведамы арганізаваны беларускі палітычны рух, вынікам якога стала заваёва суверэнітэту. Але сённяшняя ўлада РБ аднаўляе помнікі крывавым бальшавіцкім правадырам. Падобнае дзеецца зараз і ў Расеі, хоць нават там адмовіліся ад афіцыйнага дзяржаўнага святкавання 7 лістапада – дня бальшавіцкага перавароту 1917 году.

Сучаснае беларускае Адраджэньне пачыналася з курапацкіх Дзядоў. А ў Курапатах паўстаў сапраўды народны крыжовы мемарыял. Гэты мемарыял усяляк імкнецца знішчыць цяперашняя ўлада. Многія крыжы сёлета вырваны з зямлі і вывезены. Але не знішчыць памяць і праўду.

Надвячоркам першага дня лістапада на розных могілках замільгацелі агеньчыкі знічак. Масавая традыцыя ўшанавання і памінання продкаў, напоўніцу адроджаная напрыканцы васьмідзесятых гадоў мінулага стагоддзя, жыве. Жыве і будзе жыць!

 

02.11.2019

Архіў

Відэа

праваабарончыя сайты