Навіны

“Дзякуй!” ці “Дай!”?

Дзякуй Богу за нявымоўны дар Ягоны!

(другое да Карынфянаў 9:15)

Жанчына звярнулася ў газету з просьбай, надрукаваць “даступную і прыгожую малітву на роднай мове”. Напэўна, кіравала ёй думка, што гэтую “прыгожую і даступную” малітву прачытаюць усе чытачы газеты і гэта будзе добра. На мой погляд, спадзяванні яе, мякка кажучы, не спраўдзіліся.

Малітву надрукавалі, якую “знайшлі” у вядомага пісьменніка і паэта. Малітва гэта “для дзяцей” з сямі радкоў, шэсць з якіх пачынаюцца словам “Дай”! І што бедная маці будзе тлумачыць дзіцяці, калі яно раптам выявіць, што Бог нечага НЕ ДАЎ, нягледзячы на яго малітву-патрабаванне! Каб выканаць патрабаванне ўжо першага радка гэтай малітвы: “Дай, Божа, даваць, а не прасіць” – Бог павінен забараніць яе чытаць!

Але справа, нават, не ў гэтым.

Давайце пачуем і другога паэта, што ён кажа пра гэта “Дай”.

Уладзімір Някляеў:

Кажа маці: “Не прасі.

Ані каліва якога,

Ні свайго і ні чужога,

Як бы ты ні бедаваў,

Не прасі нічога ў Бога –

Ён і так табе ўсё даў…”

Апостал Павал кажа “За ўсё дзякуйце: бо такая за вас воля Божая ў Ісусе Хрысце”

(Першае да Фесаланікійцаў 5:18).

“Чым больш удзячны чалавек, тым ён бліжэй да дасканаласці, а значыць, і да Бога” – кажа свяціцель Мікалай Сербскі.

“Ужо адна толькі думка пра Бога павінна выклікаць у нас пачуццё падзякі” – словы Іераманаха Савы (Гамаль).

Варта заўсёды пачынаць новы дзень з падзякі Добраму і Міласэрнаму Богу за ўсе атрыманыя ад Яго дары і ласкі, а таксама дзякаваць і за тое, чаго не маеш, бо ведаеш дакладна, што ўсім кіруе Бог у сваім цудоўным Провідзе.

У двух краінах ЗША і Канадзе Дзень падзякі (англ.: ThanksgivingDay) – дзяржаўнае свята, адзначаецца ў другі панядзелак кастрычніка ў Канадзе і ў чацвёрты чацвер лістапада ў ЗША.

http://ieshua.org/20-biblejskih-stihov-o-blagodarnosti.htm – на гэтай старонцы ў інтэрнэце 20 біблейскіх вершаў пра падзякі.

Вось верш Рыгора Барадуліна;

 

Нахілі, Госпадзе, вуха Сваё,

і пачуй мяне...

Псальм 85:1

 

Дзякую, Усявышні, Табе

За кожную лішнюю хвілю,

За кожную зморшчыну на ілбе,

За сілу й за бяссілле,

За дзірван і за араллю,

За пустку й за пушчу,

За тую зямлю,

Дзе люблю й не люблю,

I дзе я вочы заплюшчу.

Дзякую за цемру й святло,

За маміны вочы,

За ўсё, што было

I што не было,

Дзякую, Ойча...

У Барадуліна такі верш не адзін. (Ксты. Менск 2005).

Калі хто хоча дзіця і да англійскай мовы наблізіць, то калі ласка:

Help me love an do bey you.

Help me love others the way you love me.

I am sorry for my sins. Wash me clean.

I will praise you with my whole heart!

Иисус, I want to follow you as my Lord. Change me any way you want.

Fill me with your Holy Spirit. I want to know your plans forme.

Make me a messenger of your grace, tru thand justice.

Use me for your glory and to invite others to follow you.

In Jesus’ name I pray. Амінь.

Пераклад:

Дапамажы мне любіць і слухацца цябе.

Дапамажы мне любіць іншых так, як ты любіш мяне.

Я шкадую аб сваіх грахах. Адмый мяне і ачысці.

Я буду славіць Цябе ад усяго сэрца!

- Я хачу ісці за табой, ты мой спадар. Змяні мяне так, як ты хочаш.

Напоўні мяне сваім Духам Святым. Я хачу ведаць Твае планы на мяне.

Зрабі мяне пасланнікам Тваёй ласкі, ісціны і справядлівасці.

Выкарыстоўвай мяне для Сваёй славы і запрашай іншых ісці за Табой.

У імя Ісуса я малюся. Аман.

Тут просьбы, але не патрабавальнае “ДАЙ!”.

 

З дзецьмі найлепш пачаць з самага простага. Сядае сям’я за стол есці і ўсе разам гаворым:

 

“Дзякуй табе Божа з высокага неба, што даў Ты нам сёння хлеба і да хлеба”.

У наступныя дні можам дабаўляць строчкі. Няхай кожны прыдумае сваю! Вось вам і творчасць і заахвочванне.

Напрыклад:

Дзякуй табе Божа за мір у нашай хаце, што маю сястрычку і ёсць у мяне брацік.

Дзякуй табе Божа за свет каляровы, які штодзень бачу, ідучы са школы.

Дзякуй табе Божа за тату і маму, якіх я люблю і яны нас таксама. І г. д….

 

Варта ведаць, што калі людзі ад Бога навучаны толькі нешта патрабаваць, а не даваць яму наўзамен, з такіх людзей атрымліваюцца духоўна нячулыя, яны не могуць прыйсці да пазнання ісціны.

Калі казаць пра “даступную і прыгожую малітву на роднай мове”, то што можа быць прыгажэй і даступней “Малітвы” Генадзя Бураўкіна:

Мы здалёку ўбачылі свабоду

I яшчэ не вырваліся з пут...

Божа,

Не дабаў майму народу

Пошасці,

Няпраўды

I пакут.

У чужым нялюдскім землятрусе

Хіба ў нечым мелі мы віну?..

Божа,

Адвядзі ад Беларусі

Здраду,

Вераломства

I вайну.

Смутнаю парою нелюдзімай,

Калі ўсё вакол ідзе на злом,

Божа,

Захіні маю Радзіму

Мудрасцю,

Спакоем,

I цяплом.

Лявон Карповіч

01.11.2019

Архіў

Відэа

праваабарончыя сайты