Навіны

Выступ Ірыны Давідовіч "зарэзалі" цэнзары

Актывістка АГП Ірына Давідовіч на так званых выбарах балатуецца па Івейскай выбарчай акрузе №54. Яе выступ на Гарадзенскай тэлевізіі не адбыўся з прычыны таго, што яе прамова да выбарцаў не прайшла цэнзуру пільных ідэолагаў. Зварот Давідовіч да выбарцаў не выпусцілі ў эфір. Кіраўнік тэлерадыёкампаніі "Гродна" Мікалай Мельячэнка патлумачыў такія дзеянні нібыта тым, што Давідовіч абразіла будаўнікоў Астравецкай АЭС, назваўшы іх крыварукімі. Маўляў, гэта выклікала б пазоў у суд. Тэлевізійны чыноўнік сказаў таксама, што нібыта прадстаўніца АГП абразіла і кіраўніцтва краіны.

Николай Мельяченко

Падаецца, што цэнзараў найбольш напалохала крытыка менавіта кіраўніка краіны і яго стылю кіравання, а таксама словы "імпічмент" і "адстаўка", якія выкарыстала Ірына Давідовіч.

Вось поўны тэкст выступу Ірыны Давідовіч:

"Вітаю вас, шаноўнае спадарства!

Я, Ірына Давідовіч, кандыдат у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь сёмага склікання па Іўеўскай выбарчай акрузе № 54, сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі

Я – вольны мастак і рамеснік. Па адукацыі настаўнік і фінансіст. У свой час выкладала ў школе фізіку і інфарматыку, працавала ў філіяле банку як сістэмны адміністратар, была навуковым супрацоўнікам у музеі.

Я удзельнічаю ў парламенцкіх выбарах ужо 3-ці раз. І калі ў папярэдніх выступах я заклікала да пераменаў і змены ўлады, то зараз я ўпэўнена: пераменаў да лепшага не будзе, пакуль ва ўладзе стаіць Лукашэнка.

Намі кіруе чалавек, які жыве ў сваім абасобленым свеце.

Так, нам смешна, калі мы назіраем пародыі на суботнік з гарбузамі і паненкамі, смешна, калі перад наведваннямі Лукашэнкам гаспадарак там не толькі робяцца шыкоўныя, і часта зусім непатрэбныя дарагія пакупкі, але, каб сэканоміць, прывозяць кароў, даярак з іншых раёнаў, мэблю і абсталяванне з суседніх устаноў. Так сказаць, бяруць напракат. Вы лічыце, што гэта нармальна?

Мы бачым на парадах афіцэраў-генералаў, якія вітаюць нейкага непаўналетняга хлапчука. Як яны могуць кіраваць арміяй? Ці тая армія існуе толькі для паказухі?

А можа, Лукашэнка і ня ведае, што ён не гумарыст, а толькі аб’ект для гумару.

Мы жывём у цырку. Штодённа. На працягу 25 гадоў. Мы прывыклі. Мы глядзім на гэтыя штукі. Хтосці злуецца, а хтосці смяецца… А можа так і трэба…

Але…

Я нагадаю некаторыя пасткі, якія ўлада падрыхтавала для свайго народа-кармільца. У кожнага ёсць шанец трапіць хоць бы у адну з іх:

· Безпрацоўе.  Дэкрэт, які ў народзе называецца дармаедскім. База дармаедаў,  куды легка трапіць кожнаму.

· Пенсійная так званая рэформа. 

· Толькі адна адтэрміноўка ад арміі

· Аплата мітынгаў, сходаў – за міліцыю, за хуткую дапамогу трэба плаціць вялікія грошы.

· Дарожны падатак – змірыліся.

· Наша медыцына. Уяўляеце, чарга в Бараўлянах на МРТ расцягнулася больш, чым на год!!!

· Артыкул 328.

· Паборы ў школах і дзіцячых садках

· Кароткатэрміновыя працоўныя кантракты

· І як тут не ўпамянуць Беларускую АЭС. Будоўля крывымі рукамі з адной мэтай папасвіцца на крэдытах, гэта пагроза ўсім нам, недарэкам і бедалагам, якіх Чарнобыльская аварыя 1986-га  года абсалютна нічаму не навучыла.

· Яднанне з Расіяй цішком за спіной у беларускага народа.  А вось гэта іначай як здрадай не назавеш.

Далёка не ўсё я пералічыла. Але ўсё, што робіцца ўладай, мае адну мэту: ператварыць людзей у рабоў. Рабы маюць толькі адзіны выхад - ўцячы ў іншую краіну, дзе быць чужым, але адчуваць сябе лепш, чым на радзіме.

Самае страшнае – гэта адсутнасць надзеі, надзеі на перамены. 25 гадоў усе змены і перамены зводзіліся да стварэння новых рэзідэнцый, палацаў, парадаў, дарагіх спартыўных мерапрыемстваў, арэнаў, і, вядома, абяцанак “па пяццот”. У выніку што? Цэны растуць, прыдумваюцца новыя падаткі, закручваюцца гайкі, адкручваюцца галовы, надзяваюцца кайданкі…

Выбараў у краіне даўно няма. Зрабілі выгляд, што лічаць галасы, запісалі ў пратакол указаныя зверху лічбы і …новы лёгкакіруемы Парламент назначэнцаў будзе гатовы.

Але… калі ў сістэме выпадкова здарыцца збой, і я стану вашым дэпутатам, я гарантую, што я буду галасаваць ЗА прыняцце адстаўкі Прэзідэнта, згодна з пунктам 8 артыкула 97 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Я буду ЗА пачатак працэдуры імпічменту Прэзідэнта. Для гэтага я прыкладу ўсе мае намаганні. Толькі змена ўлады можа схіліць Беларусь да пераменаў, вярнуць людзям надзею на будучае. Калі вы прагаласуеце за мяне, калі вы не дазволіце ўкрасці вашыя галасы, калі ў Парламенце будзе большасць апазіцыйных кандыдатаў, то адстаўка стане непазбежнай.

Толькі тады наступяць доўгачаканыя мірныя перамены. І ў нас ёсць план развіцця. Гэта праграма "Мільён новых працоўных месцаў". Праграма сістемных рэформ, якая развіваецца і адаптуецца да бягучых умоў.

Кажуць людзі: Лукашэнка сам не сыдзе. То давайце дапаможам яму пакінуць трон!

ЖЫВЕ БЕЛАРУСЬ!".

Архіў

Відэа

праваабарончыя сайты