Навіны
Гайнаўская памяць
«Люблю я Гайнаўшчыну нашу, яе не можна не любіць,
Тут кожная сцежка мне знаёма, тут пражываюць землякі.
Тут пражывалі нашы дзяды і дзедавы дзяды тут ляжаць,
Яны жылі і гаравалі, цяпер ляжаць там дзе крыжы».
Словы менавіта гэтай песні, напісанай настаўнікам беларускай мовы Васілём Сакоўскім, абавязкова павінны стаць гімнам нашай школы, значыць, беларускага ліцэя ў Гайнаўцы. Заспяваная калектывам «Дубіны» на сцэне сакавітымі галасамі Марыёлі Пшыходскай і Дзмітрыя Ціханюка дала такую колькасць дрыжыкаў і слёз, што проста не расказаць. Гэтая песня, праўда, пра той куток падляшскай прасторы, дзе беларускасць кампактна зліваецца з прыродна-хрысціянскім успрыманнем свету. Такім чынам душы і сэрцы гатовыя ёсць да здзяйснення выклікаў, якія не пад сілу іншым. Штодзённая працавітасць ― таксама неабходная справа для ліцэйскага і дарослага ўзросту.
Спадар Васіль, прыміце самыя шчырыя прывітанні і словы падзякі за Вашу настаўніцкую, грамадскую і журналісцкую працу разам з «Нівай». Многія ўдзельнікі з’езда чакалі Вас у школе, каб падзякаваць Вам асабіста, там, на месцы, і прасілі, каб у «Ніве» абавязкова гэта зрабіць. Робім гэта з найвялікшай прыемнасцю. Таксама не забываем усіх тых настаўнікаў, якія былі прысутнымі, і тых адсутных, бо без іх труду не было б вучнёўскага цуду. Для памяці школы і моладзі абавязкова павінны быць паказаны складанасці саракавых гадоў, калі настаўнікі школы былі ліквідаваны польскім падполлем, ці арыштаваны савецкімі органамі. Нельга цяжкіх хвілін, якія мацуюць усё грамадства, засейваць травой забыцця.
Для мяне асабіста гонарам і ўзрушэннем было тое, што нашу класную частку з’езда вяла мая ліцэйская выхавацелька Зінаіда Петручук. Ейныя разважанні пра чалавека і школу паказваюць той інтэлектуальна-эмацыйны патэнцыял, які быў перададзены ёю ўсім вучням. І менавіта выходзячы за муры школы пасля чатырох гадоў ліцэя, мы атрымлівалі атэстат спеласці. Пані прафесар Петручук, нягледзячы на свае праблемы са здароўем, паказала нам і зараз не менш важны ўрок жыцця. Той урок, які, мабыць, чакае нас з неверагоднымі выпрабаваннямі. Але сіла спакою і рэфлексіі на фоне скарацечных гадоў дае пачуццё задумліва скрытай усмешкі. Менавіта ў час школьнай, класнай сустрэчы, калі даведваешся пра лёс і гісторыю абітурыентаў, можаш толькі ганарыцца, якімі шляхамі пайшло наша жыццё. Жанчыны ― лекары, медсёстры, настаўніцы, фінансісткі, навукоўцы, самастойныя бізнес-вумен, актыўныя пенсіянеркі; мужчыны са старэйшых гадоў ― гэта вайскоўцы, інжынеры, навукоўцы, лекары, самаўрадаўцы, бізнесоўцы і шмат хто яшчэ ― усіх не пералічыць. Ну і для нас самае галоўнае гэта нашы шматгадовыя чытачы, карэспандэнты, пісьменнікі, якія ствараюць на роднай мове. Зараз у рэдакцыі «Нівы» працуюць тры выпускнікі гайнаўскага ліцэя: ніжэйпадпісаны, Ганна Кандрацюк ― журналістка і пісьменніца, Аляксандр Вярбіцкі ― журналіст. На нашых старонках друкуецца таксама выпускнік Міхал Андрасюк, які на мінулым тыдні стаў лаўрэатам найбольш прэстыжнай узнагароды ў галіне прозы ― «Прэміі Гедройца». І шмат іншых выпускнікоў нашага ліцэя пісала нам словамі і ведамі набытымі ў час вучобы.
Самай цікавай для мяне жамчужынай ліцэйскай рэчаіснасці быў наш моўны кампанент школьнага калідора. Тут, як у тым квяцістым агародзе, пераліваліся гукі і словы прыгажосці нашых гаворак. Я з‑пад пушчы з тымі з Чаромхі і Кляшчэляў уваходзілі ў моўны і ментальны кампанент з людзьмі з Нарвы, Нараўкі, Белавежы. Моўная, беларуская Вавілонская вежа ў чыстай форме ўзбагачала нас узаемна. У мой ліцэйскі час аніводныя лінгвістычныя экспедыцыі не былі нам патрэбныя. Мелі мы іх проста ў адным месцы. Затое вельмі пазнавальнымі былі паездкі да сяброў і сябровак у іншыя вёскі, дзе прываблівасці дарослага свету прыцягвалі нас да сябе штораз больш і больш, асабліва ў дзявоча-юнацкім плане. Таму дзякуй Табе, ліцэй, за ўсё і прабач нам, грэшнікам, што сваім настаўнікам дапякалі замнога.
Яўген Вапа