Навіны

Аналітычная справаздача па выніках назірання за фарміраваннем участковых выбарчых камісій

Назіранне за выбарамі ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь ажыццяўляецца РПГА «Беларускі Хельсінкскі Камітэт» і ПЦ «Вясна» ў межах кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары».

       ВЫСНОВЫ

  1. 2 кастрычніка скончылася фарміраванне УВК, якія з'яўляюцца важным элементам выбарчага працэсу і непасрэдна ажыццяўляюць арганізацыю галасавання і падлік галасоў. Усяго было створана 5 785 УВК, у іх склад увайшло 63 646 чалавек.
  2. Усе назіральнікі кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” мелі магчымасць бесперашкодна прысутнічаць на пасяджэннях органаў, якія ўтваралі УВК. Назіранне ажыцяўлялася на 41 пасяджэнні органаў (райвыканкамаў і адміністрацый у гарадах), якія ўтваралі УВК.
  3. Усе суб’екты, якія вылучалі сваіх прадстаўнікоў у склад УВК, мелі магчымасць прадставіць неабходныя дакументы ў органы, якія іх фармавалі, прысутнічаць на іх пасяджэннях.
  4. У большасці выпадкаў (77,5%) абмеркавання вылучаных у склад прэтэндэнтаў не адбывалася і галасаванне адбывалася па загадзя вызначаным спісе прэтэндэнтаў без абмеркавання кандыдатур (52,5% выпадкаў). У асноўным гэта датычылася УВК, у якіх не было конкурсу і ўсе вылучаныя асобы былі ўключаня ў камісіі. Пры гэтым, у шэрагу выпадкаў назіральнікі паведамляюць, што прэтэндэнты былі загадзя адабраныя спецыяльна створанымі выканкамамі “рабочымі групамі”.
  5. У некаторых выпадках назіральнікамі адзначаныя факты адмоваў у галасаванні па пададзеных дакументах аб вылучэнні ў склад УВК па прычыне наяўнасці ў іх памылак –адсутнасці ўказання назвы і нумару выбарчай акругі. Пры гэтым напярэдадні ў гэтых раёнах быў зменены прынцып нумарацыі ўчасткаў для галасавання. Трэба адзначыць, што прыкладная форма пратакола аб накіраванні прадстаўнікоў ва УВК арганізацыйнымі структурамі партый і іншых грамадскіх аб’яднанняў, зацверджаная пастановай ЦВК №30, не ўтрымлівае такіх рэквізітаў, як назва і нумар выбарчай акругі.
  6. У большасці выпадкаў назіральнікі адзначаюць “вытворчы прынцып” фарміравання выбарчых камсій, калі сябры камісіі прадстаўляюць адзін і той жа працоўны калектыў, а іх непасрэдныя начальнікі з’яўляюцца старшынямі гэты выбарчых камісій. Склад УВК паводле назіральнікаў кампаніі не выявіў значных зменаў з моманту правядзення папярэдніх выбарчых кампаній.
  7. Адсутнасць у выбарчым заканадаўстве гарантый уключэння ў склад выбарчых камісій прадстаўнікоў, вылучаных усімі палітычнымі суб’ектамі, якія прымаюць удзел у выбарах, як і раней, робяць магчымым адвольны і дыскрымінацыйны падыход у дачыненні да апазіцыйных партый і рухаў.
  8. Пры фарміраванні УВК быў відавочны дыскрымінацыйны падыход выканкамаў да прадстаўнікоў апазіцыйных партый: з 495 вылучаных у склад УВК увайшлі толькі 21 чалавек (4,2 % ад вылучаных), у той час як з 3 884 вылучаных праўрадавымі партыямі, у склад УВК увайшлі 3763 чалавек ( 96,9 % ад вылучаных), а ад пяці найбуйнейшых праўрадавых грамадскіх аб'яднанняў - БРСМ, “Белая Русь”, Саюз жанчын, Саюз ветэранаў, Беларускі фонд міру і прафсаюзаў ФПБ было вылучана 28 980 чалавек, з якіх у склад камісій увайшлі 27 790 чалавек (95,9% ад вылучаных).
  9. Агульная колькасць прадстаўнікоў апазіцыйных партый ў УВК склала 21 чалавекі, альбо 0,033% ад агульнага складу членаў УВК, што ў два-тры разы меней чым на папярэдніх парламенцкіх выбарах 2008, 2012 і 2016 г.г.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары".

Відэа

праваабарончыя сайты