Навіны

У Гародні ўчастковыя камісіі створаны фактычна без прадстаўнікоў палітычных партый

1 кастрычніка ў другой палове дня ў Гародні адміністрацыямі выканкамаў Ленінскага і Кастрычніцкага раёнаў адбылося фармаванне ўчастковых выбарчых камісій. Усяго на тэрыторыі горада над Нёманам створана 138 УВК па чатырох акругах (64 УВК у Ленінскім і 74 у Кастрычніцкім раёне).

У Ленінскім раёне было агучана, што хацелі патрапіць у УВК 962 чалавекі. Менавіта столькі было пададзена заявак. З іх 426 ад розных арганізацый, што склала 46 % ад усяго спісу, 191 ад працоўных калектываў, 39 вылучылі грамадзяне.

Але участковыя камісіі па Ленінскім раёне Гародні ў выніку сфармаваныя без прадстаўнікоў апазіцыйных палітычных партый. Было заяўлена, што пратаколы партыі БНФ па вылучэнні сваіх прадстаўнікоў ва ўчастковыя камісіі пададзены з парушэннем, таму аніводны прадстаўнік гэтай партыі не трапіў у склад камісій. Прадстаўнікам Гарадзенскай партыі БНФ было адмоўлена ўсім абсалютна, паколькі, па версіі адміністрацыі, была знойдзена памылка ў пратаколе. Памылка адна і тая ж, якая нібыта паўтаралася ў кожным пратаколе. А менавіта, не была ўказаная АВК,  на тэрыторыі якой ва УВК хацелі патрапіць у камісіі прадстаўнікі БНФ.

Прычым, па Ленінскім раёне Гародні толькі на адну АВК №51, па якой ідзе лідар гарадзенскага БНФ Вадзім Саранчукоў, і былі пададзены пратаколы ад БНФ на ўключэнне ў камісіі.

Па Ленінскім раёне Гародні з АВК № 51 уваходзяць 27 участкаў. На 21 з іх былі пададзены пратаколы ад БНФ на уключэнне ў камісію. Усе яны былі адкінутыя з-за гэтай памылкі.

Вадзім Саранчукоў не пагадзіўся з адміністрацыяй Ленінскага раёну Гародні і заявіў, што будзе абскарджваць гэтае неўключэнне.

Пра астатніх заяўлялася, што крытэрам для адбору былі досвед працы ў камісіі, праца ў калектыве, персанальныя якасці.

Па Ленінскім раёне былі ўключаныя ў участковыя камісіі на АВК № 51 – 314 чалавек, на АВК № 52 – 444 чалавекі. Усіх 758 з 962 паданых.

У УВК увайшлі прадстаўнікі такіх арганізацый як “Белая Русь”, БРСМ, Беларускі чырвоны крыж, Саюз ветэранаў вайны ў Афганістане, Беларускі саюз жанчын, Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі, Саюзу ветэранаў, Беларускі саюз афіцэраў. Месца працы пры агучванні прапанаваных кандыдатур і галасаванні за іх не ўказвалася.

Як паведаміў назіральнік ад кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Віктар Сазонаў, які прысутнічаў на паседжанні па фармаванні ўчастковых камісій, там, дзе колькасць прапанаваных уключыць ва ўчастковыя камісіі не перавышала патрэбнай спіскавай колькасці сябраў камісіі, галасаванне ішло аўтаматычна, не зачытваючы прозвішчы прэтэндэнтаў. Дзе перавышала – агучваўся спіс прапанаваных на ўключэнне і спосаб іх вылучэння. Затым галасавалася за іх спісам.

На паседжанні адміністрацыі Кастрычніцкага раёна па фармаванні УВК прысутнічаў іншы назіральнік ад кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” – Раман Юргель.

 

Вёў паседжанне кіраўнік адміністрацыі Алег Бялінскі, яму дапамагала Ларыса Барысава, начальнік арганізацыйна-кадравай работы. У выніку быў зацверджаны колькасны і спіскавы склад участковых камісій. Усяго па Кастрычніцкім раёне былі паданыя 1203 пратаколы. У склад УВК уключаны 904 чалавекі. Ад працоўных калектываў было вылучана 135 чалавек, па заявах грамадзян – 564, ад КПБ – 16, БРСМ – 73, Беларускага саюзу жанчын – 61, “Белай Русі” – 67, Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі – 141, Саюзу ветэранаў – 69, Беларускага Фонду міра – 47. Ажно 168 чалавек вылучаліся двума спосабамі. Характэрна, што месцы працы вылучэнцаў у камісіі не агучваліся. Яскрава і тое, што бальшыня ўчастковых камісій створана паводле тэрытарыяльна-працоўнага прынцыпу.

Архіў

Кастрычнік 2019
123456
78910111213
14151617181920
21222324252627
28293031

Відэа

праваабарончыя сайты