Навіны

80 гадоў з дня смерці Старога Уласа

Беларускі паэт і пісьменнік Уладзіслаў Сівы-Сівіцкі, больш ведамы як Стары Улас, нарадзіўся 23 сакавіка 1865 году ў Валожыне. Бацькі будучага пісьменніка былі сялянамі. Маці займалася хатняй гаспадаркай, а бацька служыў кухарам у графа Тышкевіча. Бацькі вельмі рана памерлі, хлопчык асірацеў у 9 гадоў. Маленькага Уладзіслава ўзяла пад апеку цётка Юзэфа Амяльянская. Калі хлопчык крыху падрос, таксама як некалі бацька пайшоў працаваць кухарам да Тышкевіча. Пазней быў аб’ездчыкам. З-за сіроцтва ня змог атрымаць сістэмнай адукацыі, хоць меў прагу да вучобы. Авалодаць пісьменнасцю яму дапамог выпускнік Маладэчанскай настаўніцкай семінарыі Зяновіч, чалавек ліберальна-дэмакратычных поглядаў.

Каля дваццаці гадоў Стары Улас працаваў у Тышкевіча аб’ездчыкам, потым ляснічым ажно да першай сусветнай вайны. Сямейнае жыццё склалася ўдала, Сівы-Сівіцкі меў сямейства з 12 чалавек. У сваёй валожынскай хаце адчыніў школку, дзе дзеці вучыліся на роднай беларускай мове. Дапамагаў дзецям беднаты, часта заступаўся за сялянаў. Нейкі час у 1914-ым годзе жыў у мястэчку Варняны на Астравеччыне, куды быў пераведзены па справах службы. Пазней з сям’ёй перабраўся ў Вільню, але ў трывожны час у горадзе было цяжка. Таму ў 1920-ым Стары Улас пераехаў у вёску Сужаны на Віленшчыне, дзе працаваў у маёнтку ляснічым. Пазней у 1934-ым пераехаў у Шашэльгішкі Віленскага павета, дзе займаўся земляробствам і пражыў там да старасці.

Як паэт Стары Улас дэбютаваў вершамі ў 1907 годзе ўжо ў салідным веку ў "Нашай ніве". Змяшчаў свае вершы і вершаваныя апавяданні ў беларускіх дакастрычніцкіх і заходнебеларускіх календарах. Жонка паэта, Антаніна Вайцяхоўская, лічыла сябе польскай шляхцянкай і была незадаволена тым, што яе муж піша па-беларуску. Не знаходзіў паразумення Сівы-Сівіцкі і з некаторымі іншымі блізкімі, але далёкімі духоўна людзьмі. Такая ўжо доля беларускага паэта – заставацца па вялікім рахунку ў адзіноце. Стары Улас цікавіўся народнымі паданнямі, абрадамі, песнямі, прыпеўкамі, выкарыстоўваў іх у сваёй творчасці. Пісаў пра тое, што бачыў у вёсцы, стварыў шмат абразкоў беларускага жыцця. Яго творчасць вельмі высока цаніў Максім Багдановіч. Выявіў Стары Улас сябе і як востры публіцыст, крытыкуючы розныя заганы тагачаснага грамадства.

Многа твораў пісьменніка надрукавана з нагоды розных здарэнняў. За верш “Суд”, дзе крытыкавалася бюракратычная судовая сістэма, Сівіцкага выклікалі самога ў суд і сур’ёзна ўшчувалі. Шэраг вершаў Старога Уласа надрукаваны ў «Анталогіі беларускай паэзіі» (1961), зборніку «Беларуская дакастрычніцкая паэзія» (1969). У наш час выйшла кніга вершаў і публіцыстыкі «Год беларуса» (1990). У цэлым жа вершы творцы расцярушаны па розных месцах.

Памёр Стары Улас 30 верасня 1939 году ў веку 74 гадоў. Пахаваны ў Вільні на могілках Росы. Частка яго раскіданага архіву захоўваецца ў Беларусі і Літве, частка ў Польшчы ў горадзе Гнезна, куды пераехала пасля смерці паэта ягоная жонка.

Памяць пра Старога Уласа ў Беларусі была ўшанавана ў Валожыне – на доме, дзе ён жыў да 1914-га году ўсталявана мемарыяльная шыльда.

30.09.2019

Архіў

Лістапад 2019
123
45678910
11121314151617
18192021222324
252627282930

Відэа

праваабарончыя сайты