Навіны

За вамі сочаць?

У Гародні ў дзейнасць пікетаў па збору подпісаў, сілавыя структуры пакуль што не асабліва засвяціліся ўмяшальніцтвам. Але гэта не азначае, што за зборшчыкамі подпісаў не цікуюць. Як прыклад, цікавы выпадак адбыўся з вядомым гарадзенскім актывістам Ежы Грыгенчам.

У суботу, 21-га верасня, актывіст, ён жа футбольны заўзятар, распланаваў свой дзень так, каб паспець і паўдзельнічаць у пікеце, і футбольны матч паглядзець. У гэты дзень ля стадыёна побач размясціліся два пікеты па зборы подпісаў, адзін за Вадзіма Саранчукова, іншы - за Яўгена Дудкіна. Заўзятары футбола маглі перад матчам таксама даведацца, што ў Беларусі пачаўся выбарчы перыяд. А заадно паўзірацца на бела-чырвона-белыя сцягі, якія заўсёды аздабляюць пікеты па зборы подпісаў кіраўніка гарадзенскага БНФа Вадзіма Саранчукова, і такім чынам атрымаць дадатковую эстэтычную і патрыятычную асалоду перад спартовым спаборніцтвам. Праблем з гэтым у іх не ўзнікла.

А вось Ежы Грыгенча перад уваходам на тэрыторыю стадыёна сутыкнуўся з пэўнай перашкодай. Супрацоўнікі АМАПу вырашылі праверыць, што ў яго пад вопраткай. І выбар іх быў невыпадковы. Ежы Грыгенча мог на свае вушы пачуць прычыну такой падвышанай увагі да сваёй персоны, калі адзін з кіраўнікоў АМАПу сказаў, што актывіста трэба праверыць, бо ён стаяў у пікеце па зборы подпісаў ініцыятыўнай групай.

На думку АМАПаўцаў, Ежы мусіў мець пад вопраткай бела-чырвона-белы сцяг, з якім уважлівыя ахоўнікі правапарадку заўважылі яго ў пікеце.

Актывіст заявіў, што на вуліцы зімна і мокра, таму распранацца ў яго няма вялікага жадання. Гэта не спыніла сілавікоў, і яны праверылі Грыгенчу ўжо ў аўтазаку.

Пасля праверкі актывіст ўсё ж патрапіў на футбол. Але зараз добра ведае, што калі да пікетаў па зборы подпісаў ініцыятыўнымі групамі сілавікі нібыта не выказваюць падвышанай цікавасці, гэта не азначае, што за імі не сочаць.

24.09.2019

Архіў

Сьнежань 2019
1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
3031

Відэа

праваабарончыя сайты