Навіны

110 гадоў з дня нараджэння Дзмітрыя Касмовіча

Беларускі палітычны і грамадcкі дзеяч, выдавец Дзмітрый Касмовіч нарадзіўся 21 верасня 1909 году ў славутым беларускім горадзе Нясвіж. У 1927 годзе скончыў Радашковіцкую беларускую гімназію, працаваў, каб зарабіць грошы на далейшую адукацыю. У 1929-31 вывучаў політэхнічныя навукі ў Бельгіі, прымаў актыўны ўдзел у студэнцкім руху. Быў сябрам Аб'яднання беларускіх студэнцкіх арганізацый з цэнтрам у Празе. У 1931-34 служыў у польскай арміі. Пазней атрымліваў вышэйшую адукацыю ў Бельгіі, якую скончыў у Бялградзе. Працаваў на бельгійскіх вугальных шахтах, каб зарабіць грошы на навучанне.

У верасні 1939-га вярнуўся ў Нясвіж, быў на адміністрацыйнай працы. Па прапанове мясцовых жыхароў прызначаны бурмістрам Нясвіжу, працаваў у сацыяльным забеспячэнні Нясвіжскага раёну, гаспадарчым інспектарам. Быў накіраваны на Народны сход Заходняй Беларусі ў Беластоку, дзе абраны дэлегатам на сесіі Вярхоўнага Савета СССР і БССР у Менску. Атрымаўшы папярэджанне пра магчымы арышт, пераехаў у Менск, вучыўся ў Менскай палітэхніцы.

Улетку 1941 на пасадзе каменданта Касмовіч арганізаваў беларускую паліцыю ў Менску. Быў кіраўніком і арганізатарам транспартнага, харчовага, прамысловага, гандлёвага аддзелаў Менскай гарадской управы, сябрам ЦК Беларускай незалежніцкай партыі. Актыўна ўдзельнічаў у аднаўленні царкоўнага жыцця, адбудове цэркваў і беларусізацыі набажэнстваў, быў дэлегатам і ўдзельнікам Аўтакефальнага сабора Беларускай праваслаўнай царквы.

У 1941-43 разам з Міхалам Вітушкам і Радаславам Астроўскім ствараў беларускія ваенныя і паліцыйныя атрады на Браншчыне, Смаленшчыне і Магілёўшчыне, а таксама арганізоўваў цывільную адміністрацыю. У 1943-44 быў інспектарам Беларускай Краёвай Абароны. Удзельнік Другога ўсебеларускага кангрэсу ў Менску 27 чэрвеня 1944-га, сябра Беларускай Цэнтральнай Рады, кіраўнік Замежнага Сектару БНП (мянушка «Каршун»). Перабіраецца ў Германію, супрацоўнік Галоўнага ўпраўлення ваенных спраў БЦР. На вераснёўскай канферэнцыі БНП (1944) быў прызначаны кіраўніком Замежнага сектару партыі з заданнем завязаць сувязь з заходнімі дзяржавамі для далейшага змагання за незалежную Беларусь. У сакавіку 1945-га – афіцэр беларускага дэсантнага батальёну «Дальвіц».

Працаваў у Міжнароднай арганізацыі UNRRA. Арганізацыя дапамагала ўцекачам арганізаваць жыццё ў ДП-лагерах (DP — Displaced Persons), эміграваць у іншыя краіны. Адначасна вёў на міжнародным роўні беларускую нацыянальна-палітычную працу і дабрачынную дзейнасць сярод беларусаў, якія апынуліся ў Германіі.

Галоўнай мэтай Дзмітрыя Касмовіча і яго паплечнікаў было аб'яднанне беларускага актыву, пашырэнне беларускай вызваленчай ідэі ў свабодным свеце, зацікаўленне ўплывовых палітычных дзеячаў Захаду становішчам у Беларусі. Касмовіч меў шырокія кантакты з грамадскімі і дзяржаўнымі дзеячамі, парламентарыямі розных краін, супрацоўнікамі ААН.

З 1954 актыўна ўдзельнічаў ў арганізацыі Сусветнай антыкамуністычнай лігі, у якой прадстаўляў Беларусь. Касмовіч быў вядомы ў сусветных антыкамуністычных арганізацыях, удзельнічаў і выступаў на канферэнцыях. Апошнія гады жыцця працаваў над кнігай «За вольную і суверэнную Беларусь». Памёр Дзмітрый Касмовіч 23 красавіка 1991 году ў нямецкім Штутгарце.

21.09.2019

Архіў

Відэа

праваабарончыя сайты