Навіны

Жыццё беларускіх ромаў: праўда без прыўкрас

Увесну сайт ПЦ “Вясна” паведамляў пра высновы даклада «Сацыяльна-эканамічнае становішча ромскага насельніцтва Беларусі», які ініцыятыва Romaintegration разам з “Беларускай цыганскай дыяспарай” прэзентавала 14 траўня 2019 года. Апроч дэмаграфічных пытанняў, выступоўцы акрэслілі тэму этнічнага прафілявання ў дачыненні да ромаў.

А літаральна 16 траўня ў Магілёве адбылася масавая зачыстка супольнасці ромаў, якую прадстаўнік МУС назваў “дабрасумленнай адпрацоўкай”. Пасля гэтага праваабаронцы склалі сумесную заяву, у якой патрабавалі спыніць дыскрымінацыю ў дачыненні да рома ў Беларусі.

Ромскія жанчыны сустракаюць сваякоў пасля
Ромскія жанчыны сустракаюць сваякоў пасля "магілёўскага затрымання". Фота: Радыё Свабода.

 

“Вясне” стала цікава, як жывуць ромы пасля трывожных падзей у Магілёве.

Таму, каб знайсці ромскую супольнасць і ўжывую паразмаўляць з імі, журналістка “Вясны” прыняла ўдзел у адукацыйнай паездцы “Крытычны разгляд генацыду рома падчас нямецкай акупацыі ў гады Другой сусветнай вайны”. Праект быў накіраваны на ўвядзенне ў гісторыю памяці факту генацыду ромаў. Цягам тыдня валанцёры з боку Германіі і Беларусі збіралі інтэрв’ю са сведкамі ваенных часоў, наведваючы іх па розных гарадах Беларусі. Акрамя гістарычных сведчанняў, германскі бок цікавіла і пытанне “антыцыганізму”. Інфармацыю пра гэта з вуснаў саміх ромаў намагалася атрымаць і журналістка “Вясны”, але … аказалася, што не ўсё так проста.

Помнік ромам, знішчаным падчас Другой сусветнай вайны. Месцазнаходжанне: в. Калдычэва, Баранавіцкі раён, Брэсцкая вобласць
Помнік ромам, знішчаным падчас Другой сусветнай вайны. Месцазнаходжанне: в. Калдычэва, Баранавіцкі раён, Брэсцкая вобласць.

 

Другога верасня адукацыйная паездка накіравалася ў Слуцк. Журналістка “Вясны” сустрэла жанчыну Аксану, якая ахвотна пагадзілася распавесці пра жыццё ромаў у Беларусі. Яна пачала са слоў пра тое, што “цыган не любяць”– ні простыя грамадзяне, якія іх баяцца браць на працу, ні прадстаўнікі ўлады:

“Быў са мной выпадак некалькі гадоў таму. Я ехала на радзіму, са мной быў унук. Да мяне падышоў міліцыянт і спытаў мой пашпарт, ён убачыў мае дадзеныя. Я паказала білет, куды я еду. Быў такі стан сораму ... калі ўсе людзі стаяць на пероне, а [міліцыянт] падыходзіць толькі да цябе. І я задала яму пытанне: «Чаму вы толькі да мяне падыходзіце?» Ён сказаў: «Гэта не мая прыхаць, гэта загад зверху, а я толькі падначалены». І вось ён запісаў мае дадзеныя, адышоў ад мяне. Потым я яшчэ раз вярнуўся і сказаў мне паглядзець на яго мабільны тэлефон – ён мяне яшчэ і сфатаграфаваў. І сказаў: «Вы маліце ​​Бога, што з вамі ўнук, інакш бы вы паехалі ў аддзел, каб спраўдзіць вашыя дадзеныя». Я кажу: «А пашпарту недастаткова?" Ён адказаў: «Не».”

(Цалкам размову з Аксанай можна паслухаць у межах праграмы “Вясна” на Беларускім Радыё Рацыя.)

Помнік народам, знішчаным падчас Другой сусветнай вайны. Месцазнаходжанне: в. Калдычэва, Баранавіцкі раён, Брэсцкая вобласць
Помнік народам, знішчаным падчас Другой сусветнай вайны. Месцазнаходжанне: в. Калдычэва, Баранавіцкі раён, Брэсцкая вобласць.

 

Гэта было адзінае інтэрв’ю са шматлікіх (праведзеных падчас тыднёвай адукацыйнай паездкі), дзе прастаўнік рома распавёў пра сваё цяжкае становішча і крытычна выказаўся пра тыя дзеянні з боку прадстаўнікоў сілавых структур, якія праваабаронцы называюць “этнічным прафіляваннем”.

У наступныя дні паездкі па розных гарадах Беларусі журналістку “Вясны” здзівіла тое, што адказы ромаў былі аднолькавыя: у іх няма аніякіх праблемаў, і нават наадварот, усё добра. Хтосьці намагаўся паказаць, што іх жыццё нічым не адрозніваецца ад астатніх грамадзянаў Беларусі, а адбіткі пальцаў, якія бяруць міліцыянты – гэта “неабходныя меры бяспекі”.

А потым стала вядома пра здарэнне з гамяльчанкай, якую збілі каля дома і вывезлі на яе ж аўтамабілі, каб скрасці грошы. У якасці падазраваных –трое маладых хлопцаў. Пазней стала вядома, што хлопцы былі ромскага паходжання.

Злачынства з гамяльчанкай адбылося ўвечары другога верасня, а на наступны дзень пра гэта напісалі розныя СМІ. Самі гомельскія ромы падчас адукацыйнай паездкі, як заўважыла журналістка “Вясны”, былі напружаныя. Яны прыгадвалі выпадак з трыма ромскімі хлопцамі, але імкнуліся падкрэсліць, што яны б ніколі не сталі выкрываць злачынцаў, а на пытанні пра былыя падзеі у Магілёве намагаліся не адказваць.

Але некаторыя журналісты мяркуюць, што ў Гомелі з прычыны гэтага злачынства адбылася такая ж сітуацыя, як і раней ў Магілёве: “адпрацоўка” ромскай дыяспары. У гэтым ўпэўнены і праваабаронца Алесь Яўсеенка. Ён сам жыве ў Гомелі і доўгі час працуе над праблемамі ромскай супольнасці ў межах ініцыятывы “Кампанія ў абарону этнічных цыганоў”, таму добра ведае, з чым сутыкаюцца ромы.

Алесь Яўсеенка. Фота: Беларускае Радыё Рацыя.
Алесь Яўсеенка. Фота: Беларускае Радыё Рацыя.

 

Яго словы важныя і таму, што ён мае доступ да інфармацыі з “першакрыніцы”– то бок ад саміх ромаў, бо з боку іх назіраецца пэўны недавер да незнаёмых людзей, у тым ліку да незалежных журналістаў. Таму ўсе пытанні, якія нас цікавілі ў дачыненні да ромаў (а гэта доступ да медыцыны і адукацыі, магчымасць працаваць, а таксама этнічнае прафіліяванне і дыскрымінацыя ў дачыненні да іх) мы і накіравалі Алесю.

Закрытая супольнасць

Сам Алесь Яўсеенка вырас каля кампактнага пражывання ромаў і хадзіў з імі ў адну школу, таму ён “зарэкамендаваў” сябе сярод іх. У дачыненні да іншых людзей ромы недаверлівыя.

“Патрапіць ў іх асяродак чалавеку незнаёмаму без “правадыра” вельмі цяжка. Яны вельмі асцярожныя і не хочуць мець лішніх праблем”, – кажа Алесь.

Ініцыятыва “Кампанія ў абарону этнічных цыганоў” уключае некалькі неабыякавых людзей, якія тым ці іншым чынам былі звязаныя з ромамі. Адна кабета хрысціла ромскіх дзяцей, а сам Алесь быў сведкай на ромскім вяселлі. Таму іх звязваюць нават і некаторай ступені і сяброўскія адносіны. Але калі ты незнаёмы з ромамі ці прыязджаеш да іх (а яны часта жывуць шчыльна адзін каля аднаго, напрыклад у районе Якубоўкі ў Гомелі ці Цітаўкі ў Бабруйску) без “правадыра”, то пакантактаваць з імі будзе амаль немагчыма.

Яны ўвогуле разбягаюцца, баяцца, што гэта да кагосьці прыйшлі. Бо калі едзе якая-небудзь адміністрацыя ці начальства, то гэта абавязкова прыносіць ім непрыемнасці”, – кажа Алесь.

З-за гэтага страху ромы таксама баяцца размаўляць з журналістамі.

“Яны проста не ведаюць, як гэта можа быць пададзена, якія пасля гэтага будуць потым наступствы, якія непрыемнасці. Яны жывуць па прынцыпу “Каб не было горш”, – дадае Алесь.

Ромы і сацыяльна-эканамічнае становішча

Па словах Алеся Яўсеенкі, Гомельская вобласць найбольш шчыльна заселена ромскай дыяспарай, і там пражывае каля паловы ад ўсіх ромаў Беларусі. Найчасцей яны жывуць у прыватным сектары і маюць падсобную гаспадарку. Гэта – адказ на пытанне, як яны сябе забяспечваюць.

“Тое, што яны самі вырасцілі  на тым і жывуць. Курыныя яйкі, нейкія агуркі.. атрымліваецца, што яны жывуць на ўзроўні ХIХ стагоддзя”, – адзначае Алесь.

Ромы, якія жывуць ў межах горада Гомеля, маюць “цярпімы дастатак”, але ў пасялковай мясцовасці “бедната такая, што нават цяжка ўявіць, што ў наш час людзі могуць так бедна жыць”.

“Здараецца, нават без дзвярэй, а вокны забіты картонам. Электрычнасці няма”, – дадае Алесь.

Таму у межах ініцыятывы “Кампанія ў абарону этнічных цыганоў” актывісты збіраюць розныя рэчы (напрыклад, адзенне) і аддаюць яе тым, хто жыве ў нястачы. Гэта той выпадак, калі прымаўка “навучы мяне лавіць рыбку” не працуе. Пакуль мы будзем вучыць рома "лавіць рыбку" (то бок сістэмна вырашаць пытанні, звязанныя с такім цяжкім яго становішчам), той можа не дачакацца і “памерці з голаду”. Таму зараз трэба даваць менавіта саму “рыбку” –  займацца дабрачыннасцю, каб хоць неяк падтрымаць ромскую супольнасць, якая вымушана жыць па прынцыпу “тут і зараз”.

Менавіта з-за такой беднаты ромы і “разбягаюцца”, калі хтосьці да іх едзе. Бо калі гэта будзе адміністрацыя, то ўжо на падставе факта недастатковага эканамінага забеспячэння сям’ю могуць паставіць на “СОП” (сацыяльна-небяспечнае становішча), а дзіця, згодна Дэкрэту №18, адабраць.  Але калі здараецца такая сітуацыя, ромы рэальна кудысьці уцякаюць з дзецьмі, бо ніколі не імкнуцца іх так проста аддаваць.

Ёсць больш мяккі варыянт, чым прымяненне гэтага Дэкрэту – часовае ўтрыманне дзіцяці ў доме-інтэрнаце пад Гомелем. Як кажа Алесь, жанчынам гэта нават падабаецца, бо іх дзіцё кормяць і забяспечваюць чыстай бялізнай.

Варта адзначыць, што сярод гомельскіх ромаў сустракаюцца і заможныя. Але іх зусім няшмат.

Ромы і праблемы працаўладкавання

Праз сваю беднасць некаторыя ромы спрабуюць працаўладкавацца. Але гэта вельмі і вельмі цяжка – з-за існавання дыскрымінацыі пры прыёме на працу. Вось што расказаў ананім падчас нефармальнай прыватнай размовы:

“Дзяўчына скончыла спецыяльнасць, хацела пайсці ўладкавацца. Тэлефануе, удакладняе, ёй кажуць: «Так, месца свабодна». Прыходзіць на сумоўе, на яе глядзяць і  адразу: «А месца ўжо занята». Яна выходзіць ад іх, тэлефануе ім праз 20 хвілін з іншага нумара, і там адказваюць: «Так, прыходзьце, месца свабоднае»… І як жыць?”

Многія ромы гандлюць на мясцовых базарах ці вакзалах альбо ездзяць па суседніх вёсках. Але і тут здараюцца цяжкасці.

“Калі гэта адбылося ў Магілёве [сілавая “адпрацоўка ромская дыяспары з боку МУС – заўв.], у Гомелі ромы нават на базар не выходзілі, бо [міліцыянты] іх хапалі”, – кажа Алесь.

Некаторыя мужчыны спрабуюць выехаць на “зарабаткі” ў Расею. Але і там цяжка, бо адыгрывае ролю падобнае да беларускага стаўленне ў дачыненні да ромаў.

“Паехалі хлопцы на будоўлю ў Расею. Адпрацавалі тэрмін, а працадаўца глядзіць, што яны цыганы, і нікуды не паскардзяцца, ды не плаціць… Потым паварочваліся дамоў неяк, бо нават ў іх грошай на квіткі не было”, – распавядае Алесь.

Часта ромкі спрабуюць зарабіць на жыццё “традыцыйнымі” (і ўжо стэрэатыпнымі ў нашай свядомасці) рамёствамі: гаданнем ці жабрацтвам. З-за гэтага часта псуецца статыстыка правапарушэнняў ромамі (што падсілкоўвае стэрэатып пра “цыганскі крымінал”), бо ёсць адміністрацыйная адказнасць за “прыставанне да грамадзян”.

“Але ж яны пастаўлены ў такія ўмовы, што часта ім нічога іншага не застаецца, як хадзіць з працягнутай рукой. Часта звычайныя людзі пагардліва да гэтага ставяцца, але ж … хочаш – не давай! Яны ж не пайшлі красці, а толькі просяць міласціну”, – з сумам падсумоўвае праваабаронца.

А ці крадуць ромы?

Ромы і крымінал

Алесь упэўнены, што часта ромы трапляюць на крымінальную сцяжыну, бо з-за сваёй неадукаванасці не разумеюць, дзе мяжа права і адказнасці, то бок дзе заканчваюцца правы і пачынаюцца абавязкі. І часта “боўтаюцца ў гэтым памежжы”:

“Напрыклад, у пасёлку Прыбар быў такі выпадак. Ромскі  хлопчык узяў у свайго аднакласніка смартфон пагуляцца. Дзень гуляецца, два… ну часта такое ж бывае, што дзіцёнак узяў у кагосьці ровар ды адразу не аддаў, бо забыўся ці загуляўся, пакатаўся яшчэ адзін дзень лішні… І вось у нейкі момант бацькі гэтага аднакласніка агледзелі, што няма смартфона. Міліцыя даведалася і ўзбудзіла крымінальную справу па факту крадзяжу. То бок міліцыя вырашыла гэтую тэму выкарыстаць па крадзяжы [каб палепшыць статыстыку] – і ўсё, гатоў крымінальнік!”

Усё з-за адсутнасці ведаў, бо нават чалавеку з адукацыяй, бывае, цяжка разабрацца ў беларускім заканадаўстве, мяркуе Алесь:

“Мы намагаемся, калі прыязджаем да ромаў, штосьці ім тлумачыць, але гэта як прыйсці да першакласніка і пачаць вучыць міжнароднай сістэме права…”

Ромы і адукацыя

Ромскія дзеці ходзяць у школу па месцы жыхарства. Але сціплыя ўмовы жыцця накладаюць адбітак і на атрыманне адукацыі.

“Ну, да класа пятага яны дацягваюць… Але ў населеных пунктах пасялковага тыпу не ўсе даходзяць да канца нават ў пачатковай адукацыі. Канешне, да іх прыходзяць настаўнікі, пытаюць, чаму прагульваюць і намагаюцца падштурхнуць іх (бо ў школе патрабуюць, каб усе вучні атрымалі атэстат)”.

Калі дзіцё часта прагульвае, то яго могуць часова змясціць у той самы дом-інтэрнат, што пад Гомелем. Але тут ёсць і небяспека адабрання дзіцяці…

Легалізацыя і пашпарты

З-за неадукаванасці не ўсе ромы маюць пашпарты.

“Мы былі са сваёй ініцыятывай ў пасёлку Бальшавік, там таксама жывуць ромы і бедната… І вось калі ты расказаў рому, што канкрэтна трэба зрабіць пакрокава, каб атрымаць пашпарт, прыйшоў праз месяц  а ўсё на тым жа ўзроўні і засталося… Можна, як кажуць, у спіну штурхануць ці цягнуць за руку, а калі дзесьці спыніліся  то самі яны не будуць працягваць”, – распавядае Алесь.

Акрамя пашпартоў, у некаторых людзей няма дакументаў на хату і нават пасведчанняў аб нараджэнні. Бо ёсць і тыя, хто нараджаюць дзяцей па-за медыцынай.

Ромы і медыцына

Калі няма пашпартоў, то і атрымаць медычнае абслугоўванне цяжка. Бо без дакументаў чалавек можа звярнуцца па дапамогу толькі платна. І, канешне, гэта не ромы. Але больш значная прычына тут палягае ў тым, што прадстаўнікі медыцыны (як і адукацыі, і сацыяльных служб) адсочваюць “СОПаўскія” сем’і.

Адзіны варыянт атрымаць хоць нейкую дапамогу – гэта выклікаць “хуткую” (ці давесці сябе да такога стану, каб неабходна было яе выклікаць). Але і ў бальніцы могуць узнікнуць праблемы, распавядае Алесь:

“Жанчына выклікала хуткую свайму маленькаму дзіцяці, жывоцік балеў. На наступны дзень у бальніцы яна выходзіць са сваёй палаты і бачыць міліцыянтку, якая пытаецца: “Куды? Што?”. Жанчына да медсястры: “А што здарылася?”, а тая адказвае: “А вось сказалі, у міліцыю сігнал паступіў, што вы скралі дзіцёнка”. А дзіцёнак беленькі быў (мабыць хтосьці з бацькоў той жанчыны быў славянінам).  І з інспекцыі па справах непаўнагадовых накіравалі міліцыянтку, каб калі дзіцёнку акажуць дапамогу, забраць да высвятлення асобы. Ну і калі дзіцёнку стала лепей, яго маці ўначы без аніякіх медычных дакументаў уцякла з ім праз вакно”.

Асобны міліцэйскі “ўлік”

У ромаў вельмі складаныя адносіны з міліцыяй. У праваабароне такая сітуацыя мае назву “этнічнае прафіліяванне”, і пра адну з яго праяваў распавядала Аксана – калі на вакзале падыходзяць толькі да ромаў, каб высвятліць асобу.

romy_milicyja.jpg
Супрацоўнік АМАПу і жанчыны-ромкі на вуліцах Гомеля. Фота: Нямецкая хваля

 

Падаецца, што міліцыянты занадта старанна высвятляюць асобу. Ужо неаднойчы ўзгаданая сітуацыя ў Магілёве паўплывала і на тое, што ў ромаў прымусова ізноў бралі адбіткі пальцаў.

“О, гэта ужо прытча ва языцах, гэтыя адбіткі пальцаў! Да гомельскіх ромаў прыходзілі іх здымаць, а на пытанне “мы ж ужо здавалі” міліцыянты адказвалі: “А у нас сцерліся”. Але як яны могуць сцерціся? Гэта ж дактыласкапічная карта! – наракае праваабаронца. – У іх толькі б нагода была запужаць чарговы раз, ды мець падставу зайсці ў хату (з прычыны здымання адбіткаў)”.

Але адбіткі – гэта яшчэ не ўсё. У дачыненні да ромаў улік вядзецца яшчэ больш пашырана: збіраецца біялагічны матэрыял ДНК і нават запісваецца голас у адмысловую базу.

“Міліцыянты ведаюць, што ромы не паскардзяцца, таму і паводзяць сабе так”, – падсумоўвае Алесь.

А як ромы самі ставяцца да такой сітуацыі пастаяннага ціску з боку міліцыі? Праваабаронца лічыць, што ёсць дзве катэгорыі: раззлаваных і запужаных. І гэта неяк ўсё перамешана…

І насамрэч, падчас адукацыйнай паездцы журналісткай былі заўважаны два выказванні ў дачыненні да сітуцыі ў Магілёве:

“Там людзей ня проста білі… Там іх забівалі” (са страхам ў вачах у прыватнай размове).

“Адной жанчыне там адбілі ныркі. Праўда потым яны папрасілі прабачэння. Але навошта вось гэтыя прабачэнні, калі ныркі адбітыя?” (незадаволена падчас публічнага інтэрв’ю, жанчына з Барысаўскага раёна).

Але як бы ромы не былі раззлаваныя, пратэставаць і скардзіцца яны не будуць, адзначае Алесь:

“Таму што трапляеш на асобны ўлік сярод цыганоў, і пры малейшым целаруху адразу пад раздачу патрапіш. Яны гэта ведаюць і стараюцца не вытыркацца”.

Што маецца на ўвазе? Як толькі тэарэтычны ром пажадае абараніць свае правы і напіша якую-небудзь скаргу, адразу да яго прыедуць з якой-небудзь праверкай. А пільная ўвага яму не патрэбна. Успомнім: ён хутчэй за ўсё не працуе і “дармаед”, у яго ў хаце бедната разам з дзецьмі, а значыць ёсць падстава для іх адабрання згодна з так званым “СОП”.

“Калі ёсць сопаўскі ўлік, гэта азначае, што пастаянна да чалавека прыходзіць камісія ў складзе 5-6 чалавек, сярод якіх міліцыя, пажарныя, школа, сацыяльная служба, мясцовая адміністрацыя, медыкі. І вось калі ўсе яны прыйдуць, то па кожным пункце кожны з іх можа знайсці мільён прычын. І чалавек проста кіне сваю хату і збяжыць у іншы населены пункт. І таму, безумоўна, [ромы] не хочуць рабіць гэтыя целарухі, бо ведаюць, да чаго гэта можна прывесці”, – тлумачыць праваабаронца.

А як усё выправіць?

Хоць Алесь Яўсеенка шмат часу правёў з ромамі і нібы ведае пра ўсе іх праблемы знутры, ён не можна дакладна адказаць на гэтае пытанне. Бо ўсё чапляецца адзін за адно: неадукаванасць прыводзіць да беднасці, а магчыма і “крыміналу”, што, у сваю чаргу, спрыяе неадукаванасці. Ромы знаходзяцца пад ціскам з боку міліцыі, але не могуць пазмагацца з гэтым, бо адчуюць яшчэ больш моцны ціск. І як разарваць гэтае кола?

Алесь мяркуе, што тут патрэбны сумесныя намаганні праваабаронцаў разам з уладамі. Пакуль што мы гэтага не бачым. І калі для СМІ ўлады не выказваюцца дрэнна пра ромаў, “насамрэч яны ўсё гэта маюць на ўвазе…”

У той жа час намаганняў праваабаронцаў не хапае нават для таго, каб забяспечыць дабрачынную падтрымку ромскай супольнасці патрэбнымі рэчамі. Бо трэба, напрыклад, мець аўтамабіль, каб завесці гэта ў аддалены населены пункт… А калі займацца праблемай адсутнасці дакументаў у ромаў, то патрэбны штат юрыстаў ды іншых спецыялістаў, якія б складалі заявы, праводзілі кансультацыі і г.д.

І, канешне, патрэбна змена ў стаўленні да ромаў з боку звычайных людзей: тых, хто, напрыклад,  ў якасці працадаўцаў баіцца браць іх на працу, і тых, хто мае нейкія непарушныя стэрэатыпы ў дачыненні да іх.

“Нельга ж так ставіцца да ромаў, бо яны ж таксама грамадзяне рэспублікі Беларусь…  У іх ў пашпартах не напісана, якая ў іх нацыянальнасць, няма ужо гэтай графы з савецкім часам. Дык навошта мы так ставімся да сваіх суайчыннікаў? Ды няўжо камусьці будзе добра ад таго, што іх культура ў нас знікне?...”

 

 

https://spring96.org/be/news/94109

Архіў

Сьнежань 2019
1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
3031

Відэа

праваабарончыя сайты