Навіны

125 гадоў з дня нараджэння Уладзіміра Хлябцэвіча

У сям’і беларускага гісторыка, педагога і праваслаўнага святара Івана Хлябцэвіча  выхоўвалася шасцёра дзяцей. Але найбольш здольнымі раслі два сыны – Яўген і Уладзімір. Яўген быў старэйшы за брата на 10 гадоў. Ён скончыў духоўную семінарыю ў Вільні і Пецярбургскі ўніверсітэт. Браў актыўны ўдзел у літаратурна-грамадскім руху ў Пецярбурзе, займаўся бібліятэказнаўствам, перакладамі з беларускай мовы на рускую, абараніў кандыдацкую дысертацыю, быў знаёмы і сябраваў са многімі беларускімі дзеячамі. Пра Уладзіміра Хлябцэвіча ведама намнога менш. Пра яго лёс упершыню шырока напісаў краязнавец і літаратуразнавец Сяргей Чыгрын.

Уладзімір Хлябцэвіч нарадзіўся 3 верасня 1894 году ў Жыровічах. У 1897 годзе сям’я пераехала ў вёску Кленікі Бельскага павету, дзе Іван Хлябцэвіч служыў святаром. Там Хлябцэвічы пражылі 18 гадоў – да пачатку першай сусветнай вайны, адкуль іх потым выгналі ў бежанства. Дамоў Хлябцэвічы з Расіі ўжо не вярнуліся. Жывучы ў Кленіках, Іван Хлябцэвіч арганізаваў некалькі беларускіх пачатковых школ. Побач з адукаваным бацькам прайшло дзяцінства самага малодшага сына Уладзіміра. Ды і Яўген часта прыязджаў на розныя вакацыі дамоў у Кленікі. Валодзя спачатку вучыўся дома, у 1913-ым скончыў гімназію, а потым па парадзе брата паступіў на фізіка-матэматычны факультэт Пецярбургскага ўніверсітэту. Там Яўген пазнаёміў яго з Браніславам Эпімах-Шыпілам. Першая сустрэча адбылася каля ўваходу ва ўніверсітэцкую бібліятэку. З лёгкай рукі мэтра Уладзімір у 1915-ым напісаў этнаграфічны нарыс пра Кленікі. Яго некалі Яўген Хлябцэвіч перапісаў сваёй рукой, таму ён захаваўся, зберагаецца ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

25 верасня 1915 года, пасля таго, як разам з маці і бацькам Уладзімір Хлябцэвіч падаўся з Кленікаў у бежанства, ён напісаў брату Яўгену, што закапаў у вёсцы 10 скрыняў, у якіх былі кнігі, рукапісы, лісты. Гэтыя скрыні ў Кленіках шмат гадоў шукала настаўніца беларускай мовы і літаратуры Марылька Базылюк, але знайсці літаратурны скарб так і не ўдалося.

Хлябцэвічы апынуліся ў расейскай Сызрані. У пачатку студзеня 1917-га Уладзімір прыехаў да бацькоў на калядныя вакацыі. 15 студзеня зноў паехаў на вучобу ў Пецярбург, быў ужо на 4 курсе. У Расіі пачалася Лютаўская рэвалюцыя, у якой ён ўзяў удзел. На Васільеўскім востраве ў Петраградзе яшчэ грымелі стрэлы. Туды 13 сакавіка на разведку быў накіраваны Уладзімір, які дзяжурыў у Таўрычаскім палацы. Яго аўтамабіль трапіў пад абстрэл. Першай была паранена сястра міласэрнасці Алена Шуп. Хлябцэвіч хацеў ёй дапамагчы, але кулямётная чарга смяротна параніла і яго. Цела Уладзіміра адвезлі да бацькоў у Сызрань. Пахаванне, на якое прыйшло каля 20 тысяч чалавек, адбылося ў “гарадскім садзе на Сімбірскай вуліцы” (цяпер Кузнецкі мост). Пазней у Сызрані адну з вуліц назвалі імем Хлябцэвіча, яна ёсць і цяпер. А на магіле ляжыць мемарыяльная пліта, якая патрабуе аднаўлення. У Расійскім Дзяржаўным архіве літаратуры і мастацтва ў Маскве захоўваецца шмат дакументаў, звязаных і жыццём і дзейнасцю Уладзіміра Хлябцэвіча.

Смерць сына Іван Хлябцэвіч перажываў вельмі моцна. Ён напісаў на рускай мове невялікую кніжачку “Краткий биографический очерк студента В.И.Хлебцевича” і выдаў у Сызраньскай друкарні Журкіна пры дапамозе свайго сябра Аляксея Ерамасава. Іван Хлябцэвіч пасля смерці сына пражыў толькі два гады.

03.09.2019 Тэгі: каляндар

Відэа

праваабарончыя сайты