Навіны

Мікалай Салянік: “Аўтапарк не дбае пра бяспеку!”

Грамадска-палітычны актывіст Мікалай Салянік выявіў у гарадскім транспарце Гародні парушэнні правілаў пажарнай бяспекі і вырашыў патрабаваць іх выканання.

Расказвае Мікалай Салянік: “1 верасня я ехаў гарадскім аўтобусам №21, нумар аўтобуса АК 8332-4. Пакуль ехаў, звярнуў увагу на тое, як выконваецца пажарная бяспека ў нашым грамадскім транспарце. Паглядзеў на вогнетушыльнікі і заўважыў, што яны пратэрмінаваныя! Два парашковыя вогнетушыльнікі, вагой па 4 кілаграмаў, былі пратэрмінаваныя ўжо 3 месяцы! Нягледзячы на тое, што ціск у вогнетушыльніках яшчэ быў дастатковым, аднак тэрмін карыстання імі прайшоў. Парашок у такіх вогнетушыльніках злежваецца і вогнетушыльнік можа не спрацаваць. А гэта азначае, што жыццё пасажыраў знаходзіцца пад пагрозай!”.

Праз дваццаць хвілін Мікалай Салянік паехаў па аўтобусным маршруце №21. У іншым аўтобусе гэтага маршруту сітуацыя выявілася яшчэ горшай. У гэтым аўтобусе аднаго з вогнетушыльніказ не было зусім (!). Мікалай Салянік сфатаграфаваў нумары аўтобусаў, а таксам вогнетушыльнікі ў салонах.

У той жа дзень, ужо з Савецкай плошчы, Салянік паехаў аўтобусам № 8 (АI 5715-4), дзе ўбачыў вогнетушыльнікі без шлангаў, абы як прыкручаныя дротам, без нармальнага замацавання. Мікалай Салянік: “Яны ня могуць нават зрабіць нармальнае замацаванне. Тэхніка ў разе пажару згарае вельмі хутка, лік ідзе на секунды. Пакуль яны будуць раскручваць гэты дрот, то ўсё згарыць! А з-за таго, што на вогнетушыльніку няма шлангу, кіроўца пры тушэнні сам будзе задыхаца ад моцнага струменя парашку і ня зможа нічога зрабіць, каб ліквідаваць пажар”.

У такой сітуацыі Мікалай Салянік лічыць сваім грамадзянскім правам і сумленнем патрабаваць ад кіраўніцтва аўтобуснага парку выканання службовых абавязкаў па бяспечнай перавозцы пасажыраў. Аднак, паколькі ранейшыя звароты яго калег у аўтапарк да парадку не прывялі, ён пастанавіў звярнуцца адразу ў Гарадзенскае МНС. З той мэтай, каб гэты кантрольны орган прыняў адпаведныя меры і загадаў аўтапарку належна выконваць свае абавязкі па бяспецы пасажыраў.

 

 

03.09.2019

Відэа

праваабарончыя сайты