Навіны

Першыя паседжанні ТВК і АВК у Гародні

Гарадзенскія назіральнікі кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” правялі маніторынг першых паседжанняў ТВК і АВК горада.

Віктар Сазонаў, назіральнік на акрузе №51 адзначае, што першае паседжанне прайшло ў штатным рэжыме, былі разгледжаны тры пытанні – выбары кіраўніцтва камісіі, графік працы камісіі і зацверджаны рабочы план. Паседжанне адкрыў прадстаўнік гарвыканкаму Аляксандр Вайтуленіс.

Кіраўніком АВК №51 абраны Сяргей Рапін, які і папярэднія выбары быў сябрам камісіі па гэтай акрузе. Бальшыня сябраў ранейшага складу камісіі (8 з 13) засталіся і ў абноўленым складзе.
Намеснікам старшыні камісіі стаў Юрый Кучынскі, сакратаром – Іна Астроўская. Паседжанне не зацікавіла журналістаў і іншых назіральнікаў.

 

Раман Юргель, назіральнік у Гарадзенскай абласной ТВК паінфармаваў, што паседжанне адкрыў Сяргей Хацук, намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення арганізацыйна-кадравай работы Гарадзенскага аблвыканкаму.

Старшынём ТВК быў абраны вядомы Уладзімір Хлябіч (кіраўнік арганізацыі “Белая Русь” Кастрычніцкага раёну), які многа гадоў кіруе выбарчымі кампаніямі ў горадзе. Намеснікам старшыні абраны Юрый Нерад. Абодва ў камісіях працуюць з 2000 года. Сакратаром камісіі стаў Ігар Зайко, чыноўнік па “кадрах” аблвыканкаму. З 13 сябраў камісіі ў папярэдніх камісіях працавала 11. Былі зацверджаны графік працы і арганізацыя дзяжурстваў.

Кіраўніком АВК № 49 абрана Ірына Мірановіч, кіраўнічка справамі Адміністрацыі Кастрычніцкага раёну Гародні. Намеснікам старшыні гэтай камісіі стаў Алег Краўчук, сакратаром – Наталля Чыкава. 8 чалавек з 13 у гэтай камісіі былі і на папярэдніх выбарах.

Назіральнік Андрэй Коця паведаміў, што першае паседжанне АВК №52 таксама адбылося. Старшынём камісіі абраны Віталь Шут, намеснікам - Тамара Зайко, сакратаром - Ала Куляшэвіч. Назіральніку камісія адмовіла ў просьбе сфатаграфаваць паседжанне. Члены камісіі абурыліся і адзінагалосна прагаласавалі за тое, каб не дазволіць рабіць Андрэю Коцю фотаздымкі.

 

 

Відэа

праваабарончыя сайты