Навіны

Куды вядзе Стратэгія абыходжання з адпрацаваным палівам Беларускай АЭС?

22 жніўня 2019 года Урад Беларусі пастановай  №558 зацвердзіў Стратэгію абыходжання  з адпрацаваным ядзерным палівам (АЯП) БелАЭС.
Нагадаем, што 14 студзеня 2019 года у Астраўцы адбыўся сход грамадскасці па абмеркаванні экалагічнай ацэнкі гэтай Стратэгіі.

І што ж гэта за Стратэгія?
Як вядома, АЭС плануюць увесці ў эксплуатацыю ўжо ў канцы гэтага года, а накапляльную пляцоўку для адпрацаванага паліва паводле Стратэгіі плануецца пабудоваць толькі да 2028 года.
Таксама да  пуску АЭС наўрад ці будзе дамова з Расеяй аб супрацы ў пытаннях абыходжання з адпрацаваным ядзерным палівам (АЯП), бо крайні тэрмін яе заключэння паводле Стратэгіі  – 2020 год.
Таму можна меркаваць, што ўмовы гэтай дамовы будуць дыктавацца Масквой.

На абмеркаванні экалагічнай ацэнкі Стратэгіі у студзені 2019 года прадстаўнікі АЭС сцвярджалі, што кошт будаўніцтва пляцоўкі для  АЯП – камерцыйная тайна. У зацверджанай жа Стратэгіі называецца лічба 2,5 – 3,5 млрд. долараў агульных выдаткаў на абыходжанне з АЯП   на ўвесь перыяд эксплуатацыі станцыі (да ста гадоў).  Але наўрад ці гэта сума будзе адпавядаць рэчаіснасці, бо на студзеньскім сходзе ў Астраўцы адмыслоўцы на прыкладзе дзвюх краін назвалі лічбу толькі на будаўніцтва пляцоўкі для АЯП - каля 7 млрд. еўра.
Кідаюцца ў вочы таксама супярэчлівасці ў Стратэгіі.
У шостай яе частцы  сцвярджаецца, што станцыя будзе эксплуататавацца да 100 гадоў. У той жа час у пятай частцы прадугледжваецца будаўніцтва пляцоўкі для захоўвання АЯП у аб’еме адпрацаванага паліва, разлічаным на 60 гадоў эксплуатацыі.
А што тады разумець пад эксплуатацыяй астатнія 40 гадоў?
Калі на абмеркаванні экалагічнай ацэнкі Стратэгіі заяўлялася, што  пляцоўка для АЯП будзе размяшчацца ў 5-кіламятровай зоне АЭС, то ў зацтверджаным Урадам яе варыянце застаецца незразумелым, дзе канкрэтна яна будзе: “Прыняцце рашэння аб размяшчэнні накапляльнай пляцоўкі і сухога кантэйнернага сховішча АЯП на канкрэтнай пляцоўцы, у тым ліку пляцоўцы Беларускай АЭС, запатрабуе дадатковых даследванняў на перадпраектнай (перадінвестыцыйнай) стадыі”.
З гэтага вынікае, што ў нейкай іншай мясцовасці Беларусі можа паўстаць  “падарунак будучым пакаленням”.

На тым жа абмеркаванні ў Астраўцы прадстаўнікі АЭС паведамілі, што пляцоўка для АЯП будзе ў 5-кіламятровай зоне АЭС, але на пытанне, дзе канкрэтна, адказвалі, што не памятаюць, забыліся. Зараз жа высветлілася, што запамінаць было няма чаго, бо мясцовасць для размяшчэння пляцоўкі (ці пляцовак) канкрэтна яшчэ не вызначана.
Відавочна таксама недальнабачнасць кіруючага чынавенства Беларусі. Яно распачало  пабудову, а аб тым, дзе захоўваць АЯП,  не задумвалася -  гэта пытанне яшчэ, як высветлілася, нават дэтальна не даследвалася. Між тым на студзеньскім абмеркаванні ў Астараўцы намеснік галоўнага інжынера БелАЭС Аляксандр Парфёнаў заявіў, што  з моманту размяшчэння новай касеты з палівам у актыўную зону АЭС   яна лічыцца адпрацаваным палівам. Таму ўзнікае пытанне: куды падзець гэту касету у выпадку аварыі да пабудовы пляцоўкі для захоўвання АЯП?  Стратэгія на гэта пытанне адказу не дае.

Таму ўсе гэтыя недагаворкі, элементы падману, недапрацоўкі, схаваны ад грамадскасці ход будаўніцтва АЭС пряцягваюць ствараць пачуццё трывогі за будучыню.

02.09.2019 Тэгі: Астравецкая АЭС

Відэа

праваабарончыя сайты