Навіны

Наваградскія ўлады высяляюць дзяцей у непрыдатныя памяшканні

Гарадская бібліятэка ў Наваградку пакуль яшчэ знаходзіцца па адрасе вул. Міцкевіча, 20. Першы паверх у ёй займаюць дзіцячая музычная і мастацкая школа, на другім і трэцім паверхах – дарослая і дзіцячая бібліятэкі.

У гістарычным цэнтры Наваградка, па адрасе вул. Міцкевіча, 20, у будынку які быў пабудаваны ў міжваенны час, болей за 30 гадоў працуе Гарадская дзіцячая і дарослая бібліятэкі. У гэтым будынку таксама размяшчаецца дзіцячая мастацкая школа і музычныя класы. Але наваградскія ўлады нечакана вырашылі адабраць будынак у дзяцей і перадаць яго БТІ, а ўсе чатыры ўстановы распіхаць па закутках па ўсім горадзе. Аргумент ва ўлады такі – будынку патрэбны капітальны рамонт і толькі БТІ можа зрабіць яго. Праблема ж заключаецца ў тым, што капітальны рамонт будынка ўжо быў праведзены ў 2012 годзе.

Як толькі стала вядома пра планы высялення, старшыня «Таварыства беларускай мовы» ў Наваградку Дзмітрый Солтан адправіўся ў мясцовы выканкам, каб высветліць усе абставіны гэтай сітуацыі. Пасля публікацый пра гэта ў сродках масавай інфармацыі на акаўнт старшыні ТБМ у фэйсбуку адбылася атака. Бо, як мяркуе Дзмітрый Солтан, першая інфармацыя пра высяленне з’явілася менавіта там. Але разам з тым, спыніўся ціск і на бібліятэку. Адна за адной туды паехалі праверкі. Прайшло два месяцы, здавалася, бібліятэка і іншыя дзіцячыя ўстановы абаронены, але літаральна на мінулым тыдні ўсім чатыром установам было загадана выканкамам пакінуць будынак і пераехаць, куды прыкажуць, да 2 верасня.

Супрацоўнікам, пад пагрозай звальнення, выканкам загадаў падпісаць згоду на пераезд. Усё робіцца надзвычай хутка. Бацькі дзяцей, якія ходзяць у мастацкую і музычную школу, а таксама чытачы бібліятэкі абураныя. Слухаць іх ніхто не хоча, бо выканкам плануе да 2 верасня вызваліць будынак ад дзяцей для БТІ. Пры гэтым, альтэрнатыўныя памяшканні, якія прапануе выканкам, не вытрымліваюць ніякай крытыкі, ні для адной установы.

– Так, мастацкую школу хочуць перасяліць за паўтара кіламетра ў цокальныя цёмныя памяшканні школы №1 з вільгаццю і цвіллю, з нізкай салярнасцю (вокны на ўзроўні зямлі), дзе дыхаць цяжка нават з адчыненымі вокнамі, бо ўсё сырое, і знаходзіцца там болей за пяць хвілін непрыемна, – гаворыць Дзмітрый Солтан.

Наваградскі выканкам мяркуе, што гэта ідэальнае месца для малых мастакоў. Мастацкая школа будзе перанесеная так далёка ад новых шматпавярховых раёнаў горада, што дабрацца туды самастойна вучню амаль немагчыма. Пры гэтым, школа месціцца побач з перакрыжаваннем вузкіх вуліц, па якому ўлады Наваградка не так даўно дазволілі праезд фур і іншага цяжкагрузнага транспарту. Усё для дзяцей, як кажуць.

Перанос мастацкай школы ў гэтыя памяшканні ставіць пад пагрозу само яе існаванне і можа ў будучым прывесці да закрыцця, бо бацькі ўжо сёння адмаўляюцца адпраўляць дзяцей так далёка і ў такія памяшканні. Пазіцыя выканкама на нарадзе з супрацоўнікамі – у скарачэнні вучняў будуць вінаватыя педагогі, а не выканкам. Сёння ў мастацкай школе – болей за сотню вучняў, шмат з якіх пасля заканчэння паступаюць у мастацкія ВНУ краіны.

Беларускае Радыё Рацыя

Чытай больш на: https://www.racyja.com/hramadstva/navagradskiya-ulady-vysyalyayuts-dzyatsej/

30.08.2019
Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя

Відэа

праваабарончыя сайты