Навіны

Адмена смяротнага пакарання ў Беларусі не за гарамі?

Як паведамляюць naviny.by, Беларусь і Савет Еўропы распрацуюць дарожную карту па адмене смяротнага пакарання. Пра гэта паведаміла журналістам кіраўніца аддзела каардынацыі і міжнароднага супрацоўніцтва Генеральнага дырэктарата па правах чалавека і захаванні законнасці СЕ Таццяна Тэрмачыч перад пачаткам канферэнцыі «Грамадская думка і смяротнае пакаранне» 27 жніўня ў Мінску.

Канферэнцыя арганізавана рабочай групай Нацыянальнага сходу Беларусі па вывучэнні праблематыкі смяротнага пакарання сумесна з Саветам Еўропы. У ёй удзельнічаюць беларускія парламентарыі, прадстаўнікі сакратарыята СЕ, дзяржаўных органаў і арганізацый, структур грамадзянскай супольнасці і эксперты.

«Сёння мы збіраемся абмеркаваць пытанні фарміравання грамадскай думкі ў Беларусі адносна адмены смяротнай кары, - сказала Тэрмачыч. - У прынцыпе, для адмены смяротнага пакарання не патрабуецца таго, каб грамадскасць падтрымлівала такое меркаванне, аднак для ўладаў Беларусі патрэбна падтрымка з боку грамадскасці для прыняцця такога рашэння».

«Пакуль гаворка ідзе аб выпрацоўцы сумеснай дарожнай карты, - дадала яна. - Трансфармуецца гэта далей непасрэдна ў канкрэтныя кампаніі з боку СМІ ці не - гэтыя пытанні будуць абмяркоўвацца пазней, можа быць, у тым ліку падчас дадзенага мерапрыемства. <...> Важна, каб тыя, хто можа прымаць рашэнні, сапраўды маглі прымаць адпаведныя рашэнні і падтрымлівалі ідэю адмены смяротнага пакарання».

Прадстаўніца Савета Еўропы нагадала, што ў Беларусі «існуе працоўная група па абмеркаванні праблематыкі адмены смяротнай кары на чале з беларускімі парламентарыямі», і вельмі важна, каб «яна займала ясную пазіцыю на карысць адмены смяротнага пакарання».

«Гэта, тое, да чаго беларуская дзяржава і павінна імкнуцца. Аднак, вядома, у вас ёсць свае метады, падыходы, вам трэба час для вырашэння гэтага пытання», - прызнала Тэрмачыч.

Яна нагадала, што ў 1996 годзе ў Беларусі прайшоў рэферэндум, падчас якога большасць грамадзян выказаліся ў падтрымку смяротнага пакарання.

«Але гэта было даўно. Усе людзі, якія цяпер маладзей за 41 год, не ўдзельнічалі ў тым рэферэндуме. Больш за тое, нямала ўдзельнікаў рэферэндуму ўжо памерла. Таму застаецца адкрытым пытанне аб тым, якое актуальнае меркаванне грамадскасці Беларусі. Гэтае пытанне неабходна высветліць», - сказала прадстаўніца СЕ.

«Былі і іншыя даследаванні - у прыватнасці, Penal Reform International праводзіла даследаванне ў 2013 годзе. Яшчэ адно даследаванне было ў 2017 годзе. Яны выявілі, што колькасць прыхільнікаў смяротнага пакарання зменшылася, хоць у цэлым іх зараз, відаць, усё ж больш за палову», - адзначыла Тэрмачыч.

Паводле яе слоў, у гістарычнай практыцы грамадская думка «не з'яўлялася падставай для палітычных уладаў ці нейкім стымулам адмяняць смяротнае пакаранне», аднак у Беларусі «на яе звяртаюць увагу».

«Месца для смяротнага пакарання ў XXI стагоддзі ў сусветнай судовай практыцы проста няма. Трэба пераходзіць на аднаўленчую, або рэстаратыўную сістэму, дзе адпаведная ўвага надаецца, як тым, хто здзейсніў злачынства, так і ахвярам. Менавіта такая канцэпцыя і патрэбна», - падагульніла Тэрмачыч.

28 лютага на пасяджэнні секцыі па праблеме прымянення выключнай меры пакарання ў Беларусі ў рамках 7-га Сусветнага кангрэса супраць смяротнага пакарання ў Брусэлі кіраўнік парламенцкай працоўная групы па вывучэнні смяротнага пакарання як інструмента пакарання, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Андрэй Навумовіч даў зразумець, што беларускія ўлады не маюць намеру адмяняць смяротнае пакаранне сваім палітычным рашэннем і будуць чакаць, калі праціўнікаў гэтага віду пакарання ў грамадстве стане больш, чым прыхільнікаў.

Беларусь - адзіная ў Еўропе дзяржава, дзе працягваюць ужываць смяротнае пакаранне. За апошнія 20 гадоў у краіне было расстраляна больш за 400 асуджаных да вышэйшай меры пакарання.

Паводле звестак праваабаронцаў, у гэтым годзе ў Беларусі быў прыведзены ў выкананне як мінімум адзін смяротны прысуд. 13 чэрвеня стала вядома пра чарговы расстрэле - пакаралі смерцю Аляксандра Жыльнікава, якога разам з Вячаславам Сухарка прызналі вінаватым па справе аб забойстве трох чалавек. Пра лёс Сухарка нічога не вядома, праваабаронцы не выключаюць, што прысуд у дачыненні да яго таксама можа быць ужо выкананы.

Чарговы смяротны прысуд вынес 30 ліпеня Віцебскі абласны суд - жыхар Віцебскага раёна Віктар Паўлаў прызнаны вінаватым у забойстве двух пенсіянерак і прысуджаны да вышэйшай меры пакарання. Гэта ўжо другі смяротны прысуд з пачатку 2019 года: 9 студзеня Магілёўскі абласны суд прыгаварыў да пакарання смерцю жыхара Бабруйска Аляксандра Асіповіча, прызнанага вінаватым у падвойным забойстве пры абцяжваючых абставінах.

 

https://dp.spring96.org/be/news/93829

Архіў

Лістапад 2019
123
45678910
11121314151617
18192021222324
252627282930

Відэа

праваабарончыя сайты