Навіны

Гарадзенскія праваабаронцы звярнуліся ў райвыканкамы Гарадзеншчыны

Гарадзенскія праваабаронцы “Вясны” і БХК, удзельнікі кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Андрэй Коця, Віктар Сазонаў, Уладзімір Хільмановіч і Раман Юргель падрыхтавалі і адправілі звароты ва ўсе 17 раённых выканкамаў Гарадзенскай вобласці.

Нагодай для такіх зваротаў стала тое, што на афіцыйных сайтах райвыканкамаў Гарадзеншчыны на іх беларускамоўных версіях увогуле (!) адсутнічае рубрыка “Выбары-2019”.

Праваабаронцы звяртаюць увагу раённых выканкамаў на тое, што на беларускамоўнай версіі сайта ўвогуле няма банеру “Выбары-2019”. Гэта значыць, што беларускамоўныя наведнікі сайту ўвогуле не атрымліваюць інфармацыі пра выбары. Заканадаўства ж патрабуе забяспечыць даступнай інфармацыяй усіх грамадзян.

Таксама ў пасланнях звяртаецца ўвага на той факт, што беларуская мова ёсць адной з найпершых адметнасцяў нашай краіны. Мова тытульнай нацыі не можа быць дыскрымінаваная ні ў які спосаб, тым больш, што паводле Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь яна з’яўляецца дзяржаўнай, а гістарычна першай атрымала такі статус. Беларуская мова ў публічнай камунікацыі дэманструе ўсім незалежнасць нашай дзяржавы, прэзентуе адметнасць яе культуры і традыцый.

Звяртаецца ўвага і на сам факт непавагі да беларускамоўных наведнікаў сайту. Чаму рускамоўныя наведнікі могуць атрымліваць інфармацыю на зручнай для іх мове, а беларускамоўныя – не. Гэта ўжо нагадвае дыскрымінацыю грамадзян па моўнай прыкмеце.

Гарадзенскія праваабаронцы ўжо раней звярнуліся з падобнымі зваротамі ў Гарадзенскі абласны і гарадскі выканкамы, спадзеючыся, што адтуль пойдуць сігналы і ў раённыя адміністрацыі. Але сітуацыя з банерамі “Выбары-2019” на беларускамоўных версіях сайтаў раённых выканкамаў Гарадзеншчыны не змянілася нават тады, калі гэта праблема была агучана шырока.

 

 

Архіў

Кастрычнік 2019
123456
78910111213
14151617181920
21222324252627
28293031

Відэа

праваабарончыя сайты