Навіны

Лезе пуга з усходу

На днях мая 88-гадовая маці нечакана спыталася:

–А калі Пуцін пачне вайну, то на каго ён хоча наперш напасці?

–Не ведаю,відаць, на Украіну, -- адказваю маці.

–На Украіну? – здзіўляецца маці. – А я баялася, што ён хоча напасці на нашу Беларусь…

–Беларусь Пуцін хоча далучыць да Расеі, -- кажу маці.

–Да Расеі?! – маці здзіўляецца.

–Ну так, да Расеі. Усё лезе і лезе да нас той Пуцін, -- кажу дапытлівай жанчыне.

–Забраць нас і нашу Беларусь да сябе ў Расею – гэта страшней вайны. Калі Расея далучыць нас да сябе, то адтуль вырвацца будзе цяжка. Мы пад Расеяй ужо былі, цяпер туды нельга трапляць, ні ў якім разе, – разважае маці.

Жанчына супакоілася, памаўчала, нешта прыпомніла і пачала распавядаць далей:

–Падчас вайны было шмат розных партызанаў-жулікаў. Але найбольш мы баяліся савецкіх. Стукаюць ноччу ў акно. Бацька мой пытаецца: “Хто там?”. А яны ў адказ: “Што, сука, не ведаеш, хто мы?”. І бацька адчыняў дзверы. Яны заходзілі ў хату з аўтаматамі і бралі ўсё, што бачылі: хлеб печаны, крупу, нават ніткі забіралі…”.

–І куды яны гэта ўсё неслі?

–А Бог іх ведае, рабавалі нас, як маглі… І цяпер зноў хочуць да нас, лезуць сюды, як мухі. І чаго яны лезуць да нас пастаянна, у іх там зямлі мільёны гектараў: жывіце, працуйце, выпускайце тавары. Трымайце кароў, свіней, авечак, гадуйце іх, ешце смашна. Навошта ім наша Беларусь, ці навошта ім тая ж Украіна. Беларусы – гэта зусім іншыя людзі, мы – ні рускія, мы зусім не падобныя на іх народ,  яны – гультаі з гультаёў. Але вось лезуць пастаянна на нашу зямлю, не даюць нам спакойна жыць і радавацца жыццю, -- разважае маці.

–Лезуць усюды, -- кажу.

–У вайну немцы шмат расстралялі яўрэяў. У нашай вёсцы была адна прыгожая яўрэйская сям’я. Я не памятаю іх прозвішча. Але памятаю трох дзяўчынак, іх звалі Роза, Рутка і Бронка. Бацька мой казаў старому яўрэю: “Ідзіце ў партызаны. Я вас да іх адвязу на возе, бо немцы пастраляюць усіх”. Стары, высокі, прыгожы яўрэй адказаў: “Трапім усе ў гета, але да савецкіх партызанаў мы ніколі не пойдзем”. І не пайшлі, немцы іх усіх забралі ў гета і яны загінулі. На смерць людзі пагаджаліся, але толькі не да савецкіх партызанаў, дзе ў асноўным былі людзі з усходу. Многія рускія пасля вайны засталіся жыць у Заходняй Беларусі і былі вялікімі начальнікамі. Мы, беларусы, не можам жыць самастойна, асобна, над намі заўсёды трэба нейкі чужы бізун, пуга. Вось і цяпер да нас лезе расейская пуга. Хаця і яна можа нечакана і хутка зламацца…-- зноў слушна разважае маці.

Сяргей Чыгрын

14.08.2019 Тэгі: Сяргей Чыгрын

Архіў

Іншыя навіны

Відэа

праваабарончыя сайты