Навіны

У Зэльве ўшанавалі Ларысу Геніюш

Ушанаваць беларускую паэтку і змагарку Ларысу Геніюш (1910-1983) 10 жніўня ў Зэльву прыехалі з Гародні пісьменнікі Валянцін Дубатоўка і Ала Петрушкевіч, са Слоніма Мікола Канановіч і Сяргей Чыгрын, а таксама іншыя асобы, якіх цікавіць асоба Ларысы Геніюш.

Ушанаванне пачалося раніцай у Зэльвенскай Свята-Троіцкай царкве набажэнствам у гонар слаўнай беларускі. За паэтку маліліся зэльвенцы, і тыя, хто прыехаў яе згадаць.

Каля помніка Ларысе Геніюш, які знаходзіцца на царкоўным цвінтары, пра паэтку, яе творчасць і лёс казалі сябры Гарадзенскага аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў, а шчырымі словамі прыгадала сустрэчы з Ларысай Антонаўнай і яе сяброўка, суседка Ірына Тукальская, якая таксама далучылася да прысутных.

На Зэльвенскіх могілках пад бел-чырвона-белым сцягам да магілы Ларысы і Янкі Геніюшаў былі ўскладзены кветкі, а Валянцін Дубатоўка падкрэсліў, што ў наступным годзе Ларысе Геніюш спаўняецца 110 гадоў з дня нараджэння, таму гэта дата будзе адзначацца ў Зэльве і ў Беларусі шырока і масава.

 

 

 

14.08.2019 Тэгі: Зэльва, Ларыса Геніюш

Відэа

праваабарончыя сайты