Навіны

“Мы хочам паказаць, наколькі свабодна беларусы могуць рэалізаваць сваё выбарчае права”

Уладзімір Лабковіч і Алег Гулак

Разам са стартам кампаніі па выбарах у Палату прадстаўнікоў праваабаронцы традыцыйна пачалі назіранне за парламенцкімі выбарамі. На прэс-канферэнцыі ў мінскім Прэс-клубе, якая прайшла восьмага жніўня, каардынатары незалежнага назірання ад кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Алег Гулак (РПГА "Беларускі Хельсінкскі камітэт") і Уладзімір Лабковіч (ПЦ “Вясна”) распавялі, якім чынам і ў якім палітычным кантэксце будзе праходзіць новае назіранне.

Ацэньваючы агульнапалітычную сітуацыю, якая склалася напярэдадні цяперашняй выбарчай кампаніі, праваабаронцы адзначылі, што яна фактычна застаецца такой, якой была ў мінулым годзе, калі праходзілі выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў.

Праваабаронцы падкрэслілі, што, прызначыўшы выбары на восень 2019, Цэнтральная выбарчая камісія скасавала амаль год (дзве сесіі) працы парламента, абранага ў 2016 годзе, тым самым груба парушыўшы Канстытуцыю

Па словах праваабаронцаў, у чарговы раз прапановы ад кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары”, а таксама шматлікія рэкамендацыі БДІПЧ АБСЕ па ўнясенні зменаў у Выбарчы кодэкс не былі прынятыя да ўвагі. 

Уладзімір Лабковіч
Уладзімір Лабковіч

 

“Істотных зменаў у выбарчым заканадаўстве не адбылося. Невялікія змены ў Метадычных рэкамендацыях кардынальна нічога не мяняюць. Безумоўна, ёсць моманты, якія мы ацэньваем станоўча: напрыклад, дазвол на фотаздымку для назіральнікаў, дадатковыя ўмовы для людзей з інваліднасцю, скасаваннепатрабавання ацэнкі “палітычных якасцяў” прэтэндэнтаў на сяброўства ў выбарчых камісіях. Аднак усе яны носяць хутчэй касметычны характар і ніяк не набліжаюць нас да сапраўдных дэмакратычных выбараў”, – канстатаваў Уладзімір Лабковіч.

Разам з тым юрыст "Вясны" нагадаў пра тыя асноўныя працэдуры, якія, па меркаванні праваабаронцаў, мусяць быць зменены ў першую чаргу. Менавіта без іх зменаў немагчыма казаць пра свабодныя і дэмакратычныя выбары ў краіне. Гэта працэс фармавання выбарчых камісій, датэрміновае галасаванне, працэдура падліку галасаў і судовыя спрэчкі адносна выбарчых працэдур.

“Мы заўсёды крытыкуем працэдуру падліку галасоў, якая, на нашу думку, не тое што назіральнікам, нават самім сябрам участковых камісій не дазваляе дакладна казаць пра вынікі галасавання на іх участку. Фінальнай лічбай валодае толькі той, хто заносіць яе ў выніковы пратакол”, – адзначыў Алег Гулак.

“Мы лічым, што прадстаўнікі палітычных партый мусяць мець прыярытэт пры фармаванні выбарчых камісій. Датэрміновае галасаванне мусіць быць максімальна скасавана, і павінны нарэшце з’явіцца крытэрыі таго, хто з грамадзянаў мае права галасаваць датэрмінова. Такая сітуацыя як зараз, калі ў нас фактычна існуе шэсць дзён галасавання, – недапушчальна”, - рэзюмаваў Уладзімір Лабковіч.

Таксама праваабаронцы прагназуюць, што парламенцкая кампанія будзе праходзіць на фоне апатыі як з боку грамадзян, так і палітычных суб’ектаў.

“Зараз нас чакае не выбарчая кампанія, а хутчэй у адміністрацыйная працэдура па фармаванні органаў улады. Прагназуем, што будзе нізкі інтарэс і грамадзян, і палітычных структураў", – лічыць Уладзімір Лабковіч.

Алег Гулак
Алег Гулак

 

Праваабаронца нагадаў, што мэта незалежнага назірання – паказаць, наколькі свабодна грамадзяне Беларусі могуць рэалізаваць сваё права абіраць і быць абранымі.

У кампаніі па назіранні за выбарамі будзе удзельнічаць 40 доўгатэрміновых назіральнікаў і каля 300 кароткатэрміновых. Доўгатэрміновыя назіральнікі, якія знаходзяцца ў розных рэгіёнах Беларусі, будуць адсочваць усе этапы выбарчай кампаніі: ад фармавання выбарчых камісій, рэгістрацыі кандыдатаў, агітацыі да этапу галасавання і падліку галасоў. Кароткатэрміновыя будуць задзейнічаны падчас датэрміновага галасавання і асноўнага дня галасавання на 200 выбарчых участках.

Напрыканцы кожнага тыдня і кожнага этапу выбарчай кампаніі экспертамі кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” будуць падрыхтаваны адпаведныя справаздачы.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"

 
 

 

Відэа

праваабарончыя сайты