Навіны

"Табакерки" працягнуць "парадкаваць" беларускія гарады

Апошнім часам вуліцы беларускіх гарадоў і мястэчак запаланілі змрочныя, нібы вялікія труны, шапікі з чужынскай назвай “Табакерка”, якія ўсталяваныя пераважна на прыпынках грамадскага транспарту ці побач з імі. Гэта выклікала натуральнае абурэнне многіх жыхароў. Прыкладам, сёлета грамадскія актывісты Слонімшчыны сабралі больш 500 подпісаў пад зваротам прыбраць з грамадскіх месцаў гэтыя антысацыяльныя кіёскі.

Зварот быў накіраваны мясцовым уладам, таксама ён быў адпраўлены за подпісам вядомага слонімскага грамадскага актывіста Алеся Масюка на адрас “дэпутаткі” раённага савету Алены Кунцэвіч.

Масюк, як выбаршчык 15-й Заходняй акругі Слоніма, прасіў прыняць меры па недапушчэнні функцыянавання шапікаў “Табакерка” у Слоніме, а таксама даць пісьмовую справаздачу пра дэпутацкую дзейнасць Кунцэвіч з наступнай публікацыяй яе ў раённай газеце.

Алена Кунцэвіч адказала Алесю Масюку, што пляцоўкі на аўтобусных прыпынках з’яўляюцца аб’ектамі знешняга ўпарадкавання. Маўляў, усё робіцца ў адпаведнасці з заканадаўствам. Пры тым Алена Кунцэвіч дадала, што як дакторка ставіцца негатыўна да курэння цыгарэтаў.

Наконт справаздачы Кунцэвіч адказала так:

“Мной, як дэпутатам Слонімскага раённага Савету дэпутатаў былі праведзены справаздачы перад выбарцамі ў ліпені і снежні 2016 года ў УЗ “Слонімская ЦРБ”. Справаздачу за 1-е паўгоддзе 2019 года плануецца правесці ў жніўні 2019 года, пра што Вам будзе паведамлена дадаткова. Публікацыя ў сродках масавай інфармацыі дэпутата мясцовага Савету дэпутатаў Законам Рэспублікі Беларусь “Аб статусе дэпутата мясцовага Савету дэпутатаў” не прадугледжана”.

А тым часам вядома, што да канца 2020 года кампанія Энерго-Оил”, якая падкантрольная бізнесоўцу Аляксею Алексіну, набліжанаму да кіраўніцтва дзяржавай, створыць у Беларусі амаль 2500 гандлёвых кропак па продажы цыгарэт.

 

17.07.2019 Тэгі: Слонім

Відэа

праваабарончыя сайты