Навіны

105 гадоў з дня нараджэння Вітаўта Рамука

Беларускі грамадскі дзеяч, прадстаўнік беларускай дыяспары ў ЗША Вітаўт Рамук нарадзіўся 15 ліпеня 1914 года ў Екацярынаславе (цяпер горад Дніпро, Украіна). Бацькі тады знаходзіліся там на заробках. У 1922 годзе сям’я Рамукоў вярнулася на радзіму ў Заходнюю Беларусь, пасяліўшыся ў мястэчку Ліпнішкі (цяпер гэта Івейскі раён). У 1926-1930 гадах Вітаўт Рамук навучаўся ў Віленскай беларускай гімназіі. Яго настаўніцай там была вядомая Алёна Сакалова-Лекант, якая дваццаць пяць гадоў вучыла ў гімназіі беларускай мове. Пасля гімназіі Рамук паступіў на навучанне ў Пінск у польскую гімназію, меў намер стаць святаром, але пазней адмовіўся ад гэтага.

Вітаўт Рамук паступіў на біялагічны факультэт віленскага ўніверсітэта імя Стэфана Баторыя. Праз год перавёўся на медыцынскі факультэт. Аднак пасля пачатку савецкай акупацыі ў 1939 годзе ўніверсітэт быў зачынены. Пасля пачатку нямецкай акупацыі Вітаўт Рамук вярнуўся на Лідчыну, працаваў у гарадской лідскай адміністрацыі перакладчыкам, стараўся арганізоўваць беларускае жыццё. У Лідзе ён працаваў разам з вядомым беларускім актывістам Адольфам Клімовічам, які лічыў, што нельга пры новай акупацыі сядзець як мышы пад венікам, а трэба арганізоўваць беларускі рух.

У вайну памерлі бацькі Рамука – бацька ў 1941 годзе, маці – у наступным. У 1944 годзе Вітаўт Рамук у ліку многіх іншых беларускіх патрыётаў быў змушаны эміграваць. Тыя ж, хто застаўся ў Вільні, прыкладам згаданыя Клімовіч і Сакалова-Лекант, будуць засуджаныя да вялікіх тэрмінаў зняволення ў савецкіх канцлагерах. Пасля капітуляцыі Нямеччыны Вітаўт Рамук апынуўся ў Мюнхене, працягнуў навучанне медыцыне ў Лювенскім універсітэце ў Бельгіі. У Лювене Рамук таксама браў актыўны ўдзел у беларускім грамадскім жыцці і нават некаторы час кіраваў беларускай студэнцкай грамадой. Таксама ўдзельнічаў ў з’ездах міжнароднай студэнцкай каталіцкай арганізацыі Pax Romano.

Непрацяглы час Вітаўт Рамук жыў у брытанскім Лондане, дзе некаторы час быў намеснікам старшыні Згуртавання беларусаў Вялікай Брытаніі (1954 год), але неўзабаве вярнуўся ў Бельгію. Некаторы час ён працаваў у дзіцячым прытулку ў Бруселі. Праз некаторы час Вітаўт Рамук пераехаў у ЗША, пасяліўся ў штаце Ілінойс. Пэўны час ён жыў у горадзе Пеорыя, а потым пераехаў на стала ў Чыкага.

У 1958 годзе Рамук ажаніўся з беларускай Верай Жызьнеўскай, якая была маладзейшай за яго на 17 гадоў. У Рамукоў нарадзіліся двое дзяцей. Сын Янка (John Romuk) пазней зрабіў кар’еру ў кампаніі Hitachi, а дачка Ірэна стала педагогам. Вітаўт і Вера Рамукі бралі актыўны ўдзел ў жыцці беларускай грамады ў Чыкага, разам працавалі ў Беларускім каардынацыйным камітэце, былі актывістамі грэка-каталіцкай парафіі Хрыста-Збаўцы. Вітаўт Рамук працаваў у Цэнтры педыятрыі, а затым у Дзіцячым цэнтры ў Чыкага. Ён пайшоў на пенсію толькі ў 74 гады.

Калі Беларусь стала незалежнай краінай, у 1993 годзе, Рамукі па запрашэнні прадстаўніка Беларусі пры ААН Генадзя Бураўкіна і пасланніка Беларусі ў Вашынгтоне Міхаіла Хвастова здолелі наведаць сваю радзіму. Потым збіраліся яшчэ раз прыехаць у Беларусь, але ўжо не атрымалася. Памёр Вітаўт Рамук у Чыкага 1 сакавіка 2010 года, пражыўшы больш 95 гадоў. Вера Рамук перажыла мужа толькі на пару месяцаў.

На фота: Вітаўт і Вера Рамукі

15.07.2019

Відэа

праваабарончыя сайты