Навіны

«Пайшоў прэч!», ці Што такое высылка, дэпартацыя, экстрадыцыя?

Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

Беларускія праваабаронцы не адзін год змагаюцца за магчымасць для іранца Мехрдада Джамшыдзіяна не быць дэпартаваным і застацца жыць разам са сваёй сям’ёй у Беларусі. Не так даўно, яго вызвалілі пасля чарговага доўгага ўтрымання ў ІЧУ і дазволілі заставаццаяшчэ год у краіне з “гуманістычных” прычынаў.

У лютым 2018 года ў Беларусь змагла вярнуцца праваабаронца Алена Танкачова, якую беларускія ўлады выслалі з краіны на тры гады нібыта за шматразовыя перавышэнні хуткаснага рэжыма.

У чарговым лікбезе ад “Вясны” разбіраемся, у чым розніца паміж высылкай, дэпартацыяй і экстрадыцыяй, а таксама, што рабіць, калі вас ці вашых блізкіх больш не хочуць бачыць у краіне.

Што такое дэпартацыя?

Дэпартацыя – адміністрацыйнае спагнанне ў выглядзе выправаджэнне за межы Рэспублікі Беларусь, якое прымяняецца ў адносінах да замежнага грамадзяніна і асобы без грамадзянства. Можа наступаць ў выпадках страты або спынення ў замежніка законных падстаў для далейшага знаходжання ці пражывання на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь і быць спалучаная са здзяйсненнем адміністрацыйнага правапарушэння па пэўных артыкулах КаАП.

Дэпартацыя па хадайніцтве замежніка можа быць добраахвотнай, ці прымусовай, калі ў дзяржорганаў ёсць падставы меркаваць, што чалавек не пакіне Беларусь ва ўстаноўлены тэрмін. Дэпартацыя рэгламентуецца “Палажэннем аб парадку дэпартацыі замежных грамадзянаў і асобаў без грамадзянства”.

Што такое высылка?

Высылка – выправаджэнне замежніка за межы Рэспублікі Беларусь у адпаведнасці з Законам "Аб прававым становішчы замежных грамадзянаў і асобаў без грамадзянства ў Рэспубліцы Беларусь".

Высылка прызначаецца за некалькі адміністрацыйных парушэнняў, учыненых на працягу года, напрыклад, парушэнне рэжыму знаходжання, правапарушэнні, звязаныя з правіламі дарожнага руху і інш. Высылаюць па рашэнні суда. Высылка, таксама як і дэпартацыя, можа быць кантраляванай, калі чалавек выязджае самастойна, але яго ад'езд адсочваецца, і прымусовай - па рашэнні суда змяшчаюць у ізалятар часовага ўтрымання і выдвараюць адтуль пад канвоем.

Чым адрозніваецца экстрадыцыя?

Экстрадыцыя - форма міжнароднага супрацоўніцтва дзяржаў, якая ўключае ў сябе арышт і перадачу адной дзяржавай іншай (па запыце апошняй) асобаў, якія падазраюцца ці абвінавачваюцца ў здзяйсненні злачынства для судовага разбору, альбо асобаў, ужо асуджаных судовымі органамі іншай дзяржавы, для выканання прысуду.

За што замежніка могуць дэпартаваць або выслаць з краіны?

Замежнага грамадзяніна або асобу без грамадзянства могуць дэпартаваць за ўчыненне адміністрацыйных правапарушэнняў такіх, як:

  • утойванне крыніцы заражэння венерычным захворваннем або ўхіленне ад абследавання (арт. 16.2 КаАП);
  • парушэнне заканадаўства аб замежнай бязвыплатнай дапамозе (арт. 23.24 КаАП);
  • незаконнае перасячэнне Дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь (арт. 23.29 КаАП);
  • парушэнне пагранічнага рэжыму (арт. 23.30 КаАП);
  • парушэнне рэжыму Дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь (арт. 23.31 КаАП);
  • парушэнне рэжыму ў пунктах пропуску праз Дзяржаўную мяжу Рэспублікі Беларусь (арт. 23.32 КаАП);
  • парушэнне заканадаўства аб прававым становішчы замежных грамадзянаў і асобаў без грамадзянства (арт. 23.55 КаАП).

Іншаземец можа быць падвергнуты высылцы з Рэспублікі Беларусь у інтарэсах нацыянальнай бяспекі, грамадскага парадку, абароны маральнасці, здароўя насельніцтва, правоў і свабодаў грамадзянаў, а таксама пасля вызвалення з арыштнага дома, калі ён не можа быць падвергнуты дэпартацыі.

Падставай для высылкі, напрыклад, праваабаронцы Алены Танкачовай стала нібыта неаднаразовыя парушэнні ёй правілаў дарожнага руху, якія суд палічыў пагрозай для нацыянальнай бяспекі, здароўя насельніцтва, правоў і свабод грамадзян Беларусі.

У якіх выпадках дэпартацыя або высылка могуць быць прыпыненыя?

Высылка або дэпартацыя прыпыняюцца ў выпадку:

  • звароту замежнага грамадзяніна з хадайніцтвам аб наданні статусу бежанца або дадатковай абароны ў Рэспубліцы Беларусь - на тэрмін да прыняцця рашэння па такім хадайніцтве і заканчэння тэрміну для абскарджання прынятага рашэння альбо да ўступлення ў законную сілу рашэння суда аб адмове ў задавальненні скаргі;
  • звароту замежнага грамадзяніна з хадайніцтвам аб прадастаўленні прыстанішча ў Рэспубліцы Беларусь - да прыняцця рашэння па такім хадайніцтве;
  • калі замежны грамадзянін з'яўляецца ахвярай гандлю людзьмі, а роўна сведкам па крымінальнай справе аб гандлі людзьмі або злачынства, звязанага з гандлем людзьмі, альбо аказвае дапамогу органу, які ажыццяўляе аператыўна-вышуковую дзейнасць, пры наяўнасці матываванага хадайніцтвы такога органа - да прыняцця рашэння па крымінальнай справе у адносiнах да асобаў, вінаватых у гандлі людзьмі;
  • калі замежны грамадзянін з'яўляецца падазраваным ці абвінавачваным па крымінальнай справе - да спынення крымінальнага пераследу або пастановы апраўдальнага прысуду;
  • у выпадку падачы скаргі на рашэнне аб высылцы - на тэрмін да прыняцця рашэння вышэйстаячым дзяржаўным органам аб адмове ў задавальненні скаргі альбо да ўступлення ў законную сілу рашэння суда аб адмове ў задавальненні скаргі.

У якіх выпадках замежнікаў не могуць выслаць з Беларусі?

Замежнікі не могуць быць выдвараныя за межы Рэспублікі Беларусь у замежную дзяржаву, дзе:

  • iх жыццю або свабодзе пагражае небяспека з прычыны іх расы, веравызнання, грамадзянства, нацыянальнай прыналежнасці, прыналежнасці да пэўнай сацыяльнай групы або палітычных перакананняў;
  • ім пагражаюць катаванні;
  • ім пагражае пакаранне смерцю або існуе пагроза іх жыцця па прычыне гвалту ва ўмовах узброенага канфлікту міжнароднага або немiжнароднага характару.

Палажэнне першага пункта не распаўсюджваецца на замежнікаў, якія ствараюць пагрозу нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь ці асуджаныя за здзяйсненне злачынства, аднесенага Крымінальным кодэксам да катэгорыі асабліва цяжкіх.

Дзе ўтрымліваюцца затрыманыя замежнікі?

Так як высылка і дэпартацыя звязаныя з адміністрацыйнымі працэдурамі, то ўсе замежныя грамадзяне, якія затрымліваюцца для прымусовай высылкі/дэпартацыі, змяшчаюцца ў цэнтр часовага ўтрымання замежнікаў (якіх фактычна няма ў Беларусі) або цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў, а ў выпадку іх адсутнасці - у ізалятар часовага ўтрымання.

Колькі яны могуць знаходзіцца ў ІЧУ у чаканні выправаджэння?

Згодна з Працэсуальна-выканаўчым кодэксам аб адміністрацыйных правапарушэннях, фізічная асоба, у дачыненні да якой прымененая дэпартацыя або высылка, з санкцыі пракурора можа быць затрыманая на тэрмін, неабходны для выканання пастановы аб дэпартацыі/высылкі.

Былі выпадкі, калі замежнікі ў чаканні выправаджэння з Беларусі праводзілі больш за паўгода ў ІЧУ без сувязі з роднымі і без неабходнага адзення і сродкаў гігіены, як у выпадку грамадзяніна Дэмакратычнай Рэспублікі Конга Патрыка Мангалуа. Або ўтрымліваліся па некалькі месяцаў у год у засценках, як у выпадку іранца Мехрдада Джамшыдзіяна (у апошні раз ён правёў у ІЧУ больш за 11 месяцаў).

Пры гэтым ні ЦІП, ні ІЧУ непрыдатныя для ўтрымання людзей працяглы тэрмін, так як умовы там прадугледжаныя толькі для кароткатэрміновага зняволення (да 15 сутак). Таму ўтрыманне замежных грамадзянаў і асобаў без грамадзянства ў такіх установах праваабаронцы расцэньваюць як жорсткае і прыніжаючае чалавечую годнасць заключэнне і абыходжанне.

Як хутка чалавек, падвергнуты высылцы/дэпартацыі зможа прыехаць у Беларусь зноў?

Адначасова з пастановай аб дэпартацыi або высылцы дзяржорганамі прымаецца рашэнне аб забароне ўезду ў Рэспубліку Беларусь для замежніка на пэўны тэрмін: ад шасці месяцаў да пяці гадоў у выпадку дэпартацыі і ад шасці месяцаў да 10 гадоў у выпадку высылкі.

Іншаземец, у дачыненні да якога выкананая пастанова аб дэпартацыi або высылцы, уключаецца ў Спiс асобаў, уезд якiх у Рэспублiку Беларусь забаронены або непажаданы.

Каго яшчэ могуць не ўпусціць у Беларусь?

Замежніку адмаўляецца ў выдачы візы для ўезду альбо ва ўездзе ў Рэспубліку Беларусь, калі:

  • іншаземец уключаны ў Спіс асобаў, уезд якіх у Рэспубліку Беларусь забаронены або непажаданы;
  • Рэспубліка Беларусь абвясціла замежніка непрымальным або непажаданым (persona non grata);
  • маюцца звесткі, што іншаземец з'яўляецца або з'яўляўся асобай, якая ажыццяўляе экстрэмісцкую, у тым ліку тэрарыстычную, дзейнасць, мае ці меў дачыненне да дзейнасці, накіраванай на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь, да незаконнага абароту зброі, боепрыпасаў да яе, выбуховых рэчываў, выбуховых прылад, прадметаў, паражаючае дзеянне якіх заснавана на выкарыстанні гаручых рэчываў, радыёактыўных матэрыялаў, наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў, арганізацыі незаконнай міграцыі, гандлю людзьмі;
  • іншаземец мае захворванне, уключанае ў пералiк захворванняў, якiя ўяўляюць небяспеку для здароўя насельніцтва.

А таксама замежнаму грамадзяніну ці асобе без грамадзянства ў тым ліку можа быць адмоўлена ва ўездзе ў краіну, калі ён:

  • асуджаны ў Рэспубліцы Беларусь або іншай дзяржаве за здзяйсненне злачынства, якое прызнаецца такiм у адпаведнасці з Крымінальным кодэксам Рэспублікі Беларусь, i судзiмасць не знятая або не пагашаная;
  • падчас свайго знаходжання ў краіне неаднаразова (пяць і больш разоў) на працягу аднаго каляндарнага года прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці і не скончыўся тэрмін, пасля заканчэння якога ён лічыцца не падвяргнутым адміністрацыйнаму спагнанню;
  • не заплацiў ў тэрмін штраф, да якога быў прыцягнуты падчас свайго знаходжання ў Беларусі;
  • маюцца дастатковыя падставы меркаваць, што ён можа ўхіліцца ад выезду з Рэспублікі Беларусь па заканчэнні тэрміну часовага знаходжання або часовага пражывання альбо выкарыстаць тэрыторыю Рэспублікі Беларусь для незаконнай міграцыі ў трэцюю дзяржаву;
  • знаходжанне замежніка ў Рэспубліцы Беларусь супярэчыць інтарэсам нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь, грамадскага парадку, абароны маральнасці, здароўя насельніцтва, правоў і свабод грамадзян Рэспублікі Беларусь і іншых асоб.

І што ж з усім гэтым рабіць?

Рашэнне аб дэпартацыi або высылцы можна абскардзіць на працягу пяці сутак з дня абвяшчэння пастановы і на працягу аднаго месяца з дня азнаямлення замежніка з такiм рашэннем адпаведна.

Пададзеная скарга на пастанову аб дэпартацыі разглядаецца судом у трохдзённы тэрмiн з дня паступлення.

Скаргі на рашэнне аб высылцы разглядаюцца вышэйстаячым дзяржаўным органам на працягу месяца з дня іх падачы.

Пастанова аб высылцы замежніка з Рэспублікі Беларусь можа быць адмененая вышэйстаячым органам або судом, калi ўстаноўленыя акалічнасці, якія сведчаць аб незаконным або неабгрунтаваным рашэнні аб высылцы, ці не выкананы парадак высылкі.

Тэрмін забароны на выезд можна абскардзіць асобна, незалежна ад абскарджання самой дэпартацыі або высылкі.

Па дапамогу ў складанні скаргаў можна звяртацца да беларускіх праваабаронцаў. 

Калі ў вас засталіся пытанні, пішыце на пошту "Вясны" - viasna@spring96.org


*Пры падрыхтоўцы матэрыялу ў тым ліку выкарыстоўвалася інфармацыя з «Аналітычнай запіскі аб тым, што можа адбыцца з затрыманымі ў Беларусі замежнікамі», падрыхтаванай Human Constanta.

 

http://spring96.org/be/news/93375

Відэа

праваабарончыя сайты