Навіны

Што дазволена быку?

Міліцэйская машына стаіць на траве, у горадзе, побач з праезджай часткай! У цяньку, пад зялёнай кронай дрэва. Побач дастаткова месца для паркоўкі, але міліцэйская машына вырашыла заехаць на траўку.

За падобныя паводзіны шафёр іншага транспартнага сродку хіба што паплаціўся б. І склалі б пратакол пра правапарушэнне на яго вядома ж міліцыянты. Можа нават тыя, якія самы паставілі машыну на газон.

Ну што ж, што дазволена Юпіцеру, тое не дазволена быку? Гэтая старажытная рымская прымаўка на сённяшні дзень праз вякі даносіць да нас сэнс таго, што ёсць людзі, або групы людзей, якім дазволена тое, што не дазволена іншым.

І вельмі грамадства абурае акурат такі факт, калі надзеленыя ўладай людзі, якія мусяць сачыць за грамадскім парадкам і справядлівасцю, самі дазваляюць сабе тое, за што караюць іншых.

Падобныя паводзіны з боку пружанскай міліцыі зафіксаваў Віталь Валадзько. Ён заўважыў міліцэйскую машыну, якую ахоўнікі правапарадку прыпаркавалі на траве, у цяньку пад дрэвам. Зразумела, што ў цяньку машына не так награваецца. Надвор’е то спякотнае. Але ж зялёная зона не ёсць месцам для паркоўкі аўтатранспарату, і каб на такое адважыўся хтось іншы, то супрацоўнікі міліцыі хіба што зафіксавалі б гэты факт як парушэнне з усімі вынікаючымі наступствамі. Прынамсі на тым палягае іх работа і іх працоўныя абавязкі.

Таму Віталь Валадзько сфатаграфаваў міліцэйскі аўтамабіль і паслаў фота разам з скаргай ў Пружанскі РАУС, каб там разабраліся з сваімі супрацоўнікамі і праінструктавалі іншых міліцыянтаў самым не рабіць таго, за што караюць іншых грамадзян.

Але ў адказе з Пружанскага РАУС за подпісам часова выконваючага абавязкі начальніка Пружанскага РАУСа падпалкоўніка міліцыі І. В. Сандрыгайлы, які спадар Валадзько атрымаў у пісьмовым выглядзе, тлумачылася, што згодна з пунктам 25 Правіл дарожнага руху Рэспублікі Беларусь, у сувязі з выкананнем сваіх службовых абавязкаў, кіроўцы транспартнага сродку аператыўнага прызначэння могуць адступаць ад патрабаванняў главы 19 Правіл дарожнага руху Рэспублікі Беларусь. Таму па заяве Валадзько вынесеная пастанова пра спыненне справы аб адміністрацыйным правапарушэнні ў сувязі з адсутнасцю ў шафёра міліцэйскай машыны складу правапарушэння.

 

Спадара Валадзько такі адказ не задаволіў, бо на фатаздымках добра бачна, што месца, каб паставіць машыну “аператыўнага прызначэння” больш чым дастаткова, побач з іншымі машынамі законапаслухмяных грамадзян, проста яно не ў цяньку. Таму прыкрывацца фразеалогіяй “машына аператыўнага прызначэння” як мінімум некарэктна. Не было аніякіх падстаў заязджаць на ёй на траву. Не было такой “аператыўнай неабходнасці”.

Але што сама прыкрае, як Віталь Валадзько вырашыў паехаць у РАУС, каб паспрачацца з прысланай яму адтуль пастановай, то ўбачыў, што на тым жа месцы, у цянёчку, "адпачывае" яшчэ адна міліцэйская машына. Ужо іншая, але на тым сама аблюбаваным міліцэйскімі машынамі месцы.

Побач з маленькай зялёнай зонай, якую амаль цалкам прыкрывае міліцэйская машына, свабодных месцаў для паркоўкі было дастаткова, што Віталь яшчэ раз сфатаграфаваў і паслаў у РАУС чарговую скаргу з здымкамі і тлумачэннямі.

Цікава, што на гэты раз адкажуць з РАУСа?

праваабарончыя сайты