Навіны
Суд Смаргонскага раёна адхіліў скаргу на забруджванне асяроддзя
4 чэрвеня 2019 года ў Смаргоні раённы суд пад старшынствам Дзмітрыя Дамарада адмовіў ў задавальненні скаргі жыхара Смаргоні Віктара Войткі на дзеянні галоўнага санітарнага доктара Смаргонскага раёна Марыны Турэйкі. Яна двойчы з 2016 года неправамерна, як лічыць заяўнік, узгадніла праекты пашырэння замежнага прадпрыемства “Кранаспан”, якое займаецца вытворчасцю пакрыцця для падлогі – ламінату.
Між тым смурод ад выкідаў у паветра яшчэ не пашыраных, існуючых магутнасцяў прадпрыемства перыядычна дасягае межаў горада.
Сунасць жа спрэчкі ў наступным.
Праектам пашырэння вытворчасці ў выкідах у паветра мяркуецца прысутнасць трох шкодных рэчываў з чатырох, якія маюць аднанакіраванае ўздзеянне на пэўныя органы і функцыі чалавека. Іх уздзеянне сумуецца, а таму ўсе чатыры рэчывы ствараюць так званую групу сумацыі. Сума не павінна перавышаць разліковай адзінкі.
Пастановай №33 Міністэрствам аховы здароўя ў 2015 годзе ўстаноўлена, што недапушчальна ў выкідах перавышэнне гэтай адзінкі, калі нават некалькі рэчываў з групы сумацыі прысутнічаюць у выкідах. Менавіта так гэту норму разумее заяўнік. Службовая асоба, дзеянні якой абскарджваюцца, лічыць, што тут маецца на ўвазе абавязковая прысутнасць усіх рэчываў, якія уваходзяць у групу сумацыі, а не некалькіх, а таму ўзгадніла два праекты пашырэння вытворчасці прадпрыемства (тэкст спрэчнай нормы на фота).
Дзеянні галоўнага санітарнага доктара раёна Віктар Войтка лічыць неправамернымі. Зыходзячы з гэтага, у 2017 годзе ён з групай грамадзян ён стаў шукаць праўды ў Міністэрстве аховы здароўя. Яно нават арганізавала сустрэчу з адмыслоўцамі. І што цікава, дзесьці праз тыдзень пасля сустрэчы міністэрства прыняло пастанову, паводле якой была замацавана норма пра тое, што сумацыя адназначна выкарыстоўваецца толькі ў выпадку, калі ўсе рэчывы з групы сумацыі прысутнічаюць у выкідах.
Віктар Войтка лічыць, што гэтай пастановай міністэрства апраўдала ранейшыя памылкі падначаленых.
У 2019 годзе ў адказе на скаргу Віктара Войткі галоўны санітарны доктар Смаргонскага раёна Марына Турэйка спасылалася на гэту пастанову Мінздароўя. Калі ж заяўнік звярнуўся у суд і ў скарзе адзначыў, што гэта пастанова не мае зваротнай сілы, то ў пярэчаннях на скаргу гэта службовая асоба паспрабавала апраўдаць свае дзеянні ўжо не гэтай пастановай, а іншымі нормамі заканадаўства.
Якімі аргументамі суд абараніў пазіцыю Марыны Турэйкі, стане вядома, калі Віктар Войтка атрымае матывавальную частку пастановы суда.