Навіны

Аляксандр Шылін зняты з пасады старшыні Свіслацкага раённага суда

Адзін з найбольш адыёзных суддзяў Гарадзеншчыны Аляксандр Шылін звольнены з сваёй пасады Лукашэнкам. Аляксандр Шылін працяглы час займаў пасаду старшыні Свіслацкага раённага суда. Сумнавядомы сваімі шматлікімі карнымі пастановамі ў розныя гады ў дачыненні да грамадскіх актывістаў па адміністрацыйных справах, звязаных з традыцыйным фэстам Дзень памяці паўстанцаў 1863 года.

Фармулёўка звальнення Шыліна наступная: вызваліць "от должности председателя и судьи суда Свислочского района в связи с совершением проступка, несовместимого с нахождением на государственной службе (статья 108 Кодекса Республики Беларусь о судоустройстве и статусе судей)".

Паводле неафіцыйных звестак, фармальна звальненне адбылося з-за таго, што Шылін кіраваў аўтамабілем у нецвярозым стане.

Адначасна адбыўся шэраг пераназначэнняў сярод іншых суддзяў Гарадзенскай вобласці. Так, суддзя суда Кастрычніцкага раёна Гародні Дзмітрый Кедаль цяпер проста суддзя, а не намеснік старшыні раённага суда. Яго месца намесніка заняла цяпер Таццяна Гергель. Зінаіда Барцэвіч пераназначана старшынёй гэтага ж суда. Старшыня суда Лідскага раёна Сяргей Піпко пайшоў на падвышэнне - цяпер ён суддзя Гарадзенскага абласнога суда. Месца старшыні Лідскага раённага суда заняў ягоны ранейшы намеснік Вячаслаў Мацук.

04.06.2019

Архіў

Відэа

праваабарончыя сайты